Другі закон 29 разьдзел
Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
Гэта словы змовы, каторую СПАДАР расказаў Масею зрабіць із сынамі Ізраелявымі ў зямлі Моаўскай, апрача змовы, каторую СПАДАР зрабіў ізь імі на Горыве.
Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею, каб заключыў з сынамі Ізраэля ў зямлі Мааба, апрача запавету, які заключыў з імі на Гарэбе.
І згукаў Масей усяго Ізраеля, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсе, што зрабіў СПАДАР перад ачыма вашымі ў зямлі Ягіпецкай Фараону а ўсім слугам ягоным а ўсёй зямлі ягонай:
І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Егіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону, і ўсім паслугачам яго, і ўсёй зямлі яго,
Тыя вялікія дазнаньні, каторыя бачылі вочы вашы, знакі а чудосы вялікія тыя;
тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашы, тыя знакі і цуды вялізныя,
Але ня даў вам СПАДАР сэрца, каб цяміць, і ачоў, каб бачыць, і вушоў, каб чуць, дагэтуль.
ды не даў вам Госпад сэрца, што разумее, ды вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія маглі б чуць, аж да сённяшняга дня.
І вадзіў сорак год па пустыні, і адзецьці вашы на вас ня зьвялі, і вобуй твой ня зьвяў на назе тваёй.
І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; не сцёрлася адзенне ваша, сандалі на нагах вашых ад старасці не знасіліся.
Хлеба вы ня елі, і віна а напітку хмельнага ня пілі, каб вы ведалі, што Я СПАДАР, Бог ваш.
Хлеба вы не елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі што Я — Госпад, Бог ваш.
І вы прышлі на месца гэтае, і выступіў Сыгон, кароль Гэшбонскі, і Оґ, кароль Вашанскі, на пярэймы нам на вайну, і мы іх пабілі,
І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сэгон, цар Хесебона, і Ог, цар Басана, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі.
І мы ўзялі зямлю іхную, і аддалі яе на спадак Рувінам а Ґадам а палавіцы плямені Манасавага.
І забралі мы іх зямлю, і аддалі яе ва ўласнасць пакаленням Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы.
Дзяржыце ж словы змовы гэтае, і паўніце іх, каб вам мець дасьпех у вусім, што будзеце рабіць.
Дык беражыце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы поспех ва ўсім, што робіце.
Усі вы цяпер стаіце перад відам СПАДАРА, Бога свайго, галавы плямёнаў вашых, старцы вашы, ураднікі вашы, усі мужы Ізраелявы,
Вы стаіце сёння ўсе ў прысутнасці Госпада, Бога вашага; князі вашы, кіраўнікі пакаленняў вашых, старэйшыны вашы, суддзі, таксама кожны ізраэлец,
Дзецяняты вашы, жонкі вашы і чужаземец твой, што сярод табару твайго, ад секача дроў тваіх да сіляча вады твае,
дзеці і жонкі вашы, і чужаземец твой, які з табой прабывае ў лагеры, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, якія чэрпаюць ваду тваю,
Каб увыйсьці табе ў змову СПАДАРА, Бога свайго, і ў прысягу Яго, каторую СПАДАР, Бог твой, чыне з табою сядні,
каб увайшоў ты, прычым пад прысягай, у запавет Госпада, Бога твайго, які сёння Госпад, Бог твой, заключыў з табою,
Каб пастанавіць цябе цяпер сабе за люд, і Ён будзе табе Богам, як Ён казаў табе й як прысягаў айцом тваім Абрагаму, Ісаку а Якаву.
каб зрабіць цябе сёння Сваім народам і каб Ён быў тваім Богам, як сказаў табе і як прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
І не з аднымі толькі вамі я ўчыню гэтую змову й гэтую прысягу,
Не толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацвярджаю гэтай прысягай,
Але як із тымі, каторыя цяпер тут із намі стаяць перад відам СПАДАРА, Бога нашага, так і з тымі, каторых няма тут із намі цяпер;
але з усімі тут прысутнымі разам з намі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёння тут з намі няма.
Бо вы ведаеце, як мы жылі ў зямлі Ягіпецкай, і як мы праходзілі пасярод народаў, пераз каторыя вы прайшлі,
Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі.
І бачылі агіды іхныя й балваны іхныя, дзярвяныя й каменныя, срэбныя й залатыя, каторыя ў іх.
Бачылі вы брыдоты і ідалаў іх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якім яны пакланяліся.
Каб ня было памеж вас мужчыны або жонкі, або радзімы, або плямені, каторага сэрца адхінулася б цяпер ад СПАДАРА, Бога нашага, каб хадзіць служыць багом тых народаў, каб ня было памеж вас караня, што родзе жоўць а палын;
Хай не будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакалення, якога сэрца было б сёння адвернута ад Госпада, Бога вашага, каб ісці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, які родзіць атруту і палын.
І калі б было, што, як пачуеш словы кляцьбы гэтае, то дабраславіш у сэрцу сваім, кажучы: "Супакой будзе імне, хоць бы хадзіў подле ўпорлівасьці сэрца свайго", каб знішчыць таго, што напіўшыся, і ўсьмяглага.
Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасці сэрца свайго,” — той сцягвае загубу на зямлю як абводненую, так і сухую.
Ня будзе зычыць СПАДАР дараваць яму, але тады задыміцца гнеў СПАДАРА й завісьць Яго на такога чалавека, і будзе цікаваць на яго ўся кляцьба, напісаная ў гэтай кнізе, і вытра СПАДАР імя ягонае з пад нябёсаў;
Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Яго і лютасць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, якія запісаны ў гэтым скрутку, і вынішчыць Госпад імя яго з-пад неба,
І аддзеле яго СПАДАР на ліха ад усіх плямёнаў Ізраелявых, подле ўсіх кляцьбаў змовы, напісаных у гэтай кнізе права гэтага.
і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, што запісаны ў гэтай кнізе закону.
І скажа апошні род, дзеці вашыя, што будуць просьле вас, і чужаземец, што прыйдзе ізь зямлі далёкае, абачыўшы болькі зямлі гэтае й хваробы, каторымі заразе яе СПАДАР:
Тады будучыя пакаленні, сыны вашы, якія народзяцца пасля вас, і прыхадні, якія прыбудуць здалёк, убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яе Госпад, і скажуць:
"Серка а соль, пажарышча — уся зямля; не засяецца й ня родзе яна, і ня ўзыйдзе зь яе ніякая трава, як па выгубленьню Содомы, Ґоморы, Адмы а Сэвоіму, каторыя вывярнуў СПАДАР у гневе Сваім а ў вабурэньню сваім";
“Серка, і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што не будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасля загубы Садома і Гаморы, Адамы і Себаіма, якія Госпад знішчыў у гневе Сваім і раз’ятранасці”.
І скажуць усі народы: "За што СПАДАР так учыніў з гэтаю зямлёю? які вялікі гэты гіж гневу Ягонага!"
Тады скажуць усе народы: “Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такая бязмежная раз’ятранасць гневу?”
І скажуць: "За тое, што яны пакінулі змову СПАДАРА, Бога айцоў сваіх, каторую Ён учыніў зь імі, як вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае,
І адкажуць: “Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай,
І пайшлі й пачалі служыць іншым багом, і кланяцца ім, багом, каторых яны ня зналі, і каторых Ён ня ўдзяліў ім,
і служылі яны багам чужым, і пакланяліся ім, тым, якіх не ведалі і якія не былі ім прызначаны,
Узгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на зямлю гэтую, каб навесьці на яе ўсю кляцьбу, напісаную ў гэтай кнізе;
таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, якія ў гэтым скрутку запісаны.
І вырваў іх СПАДАР ізь зямлі іхнае ў гневе, пале і ў вялікім абурэньню, і кінуў іх на іншую зямлю, як цяпер".
І выгнаў Ён іх з зямлі іх у гневе, раз’ятранасці і абурэнні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта сёння было пацверджана”».
Тайныя належаць СПАДАРУ, Богу нашаму, а яўныя нам а сыном нашым аж навекі, каб мы паўнілі ўсі словы права гэтага.
Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага закону.