Другі закон 32 разьдзел
Другі закон
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017
«Нахініце вуха, нябёсы, я буду гукаць; і слухай, зямля, словы вуснаў маіх.
«Слухайце нябёсы, што я гавару, і хай чуе зямля словы вуснаў маіх!
Закапае, як дождж, навука мая, як раса, ападзець мова мая, як брызок на зяленіва, як спорны дождж на траву.
Хай цячэ, як дождж, навука мая, хай падае, як раса, мова мая, як імжа, хай імжыць на траву ды, як кроплі, капае на зямлю.
Бо імя СПАДАРОВА выхваляю; уздайце вялічча Богу нашаму.
Бо прызываць я буду імя Госпада, дык дайце вялікую хвалу Богу нашаму!
Ён скала, Ягоныя справы дасканальныя, бо ўсі дарогі Ягоныя справядлівыя. Бог верны і без бяспраўя; справядлівы а шчыры Ён.
Ён — скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Яго — справядлівасць. Бог верны, і няма ў Ім ніякай няпраўды, Ён справядлівы і праўдзівы.
Ён папсаваўся перад Ім, яны ня дзеці Ягоныя подле сваіх ганаў, крутадушнае а хвальшывае пакаленьне.
Зграшылі супраць Яго, не Яго гэта дзеці ў брыдотах сваіх, пакаленне паганае і ліхое.
Ці гэта ўздасьце вы СПАДАРУ, людзе шалёны а нямудры? Ці ня Ён бацька твой, прыдбаў цябе? Ён учыніў цябе і ўладзіў цябе.
Чым аддаеце Госпаду, народ дурны і безразважны? Ці ж Ён не Айцец твой? Ён стварыў цябе і трымае пры жыцці цябе.
Успомні дні вечныя, уцям гады роду за родам; папытайся ў вайца свайго, і ён паведаме табе, старых сваіх, і яны скажуць табе.
Памятай аб днях даўнейшых, разважай пра паасобныя пакаленні; спытайся ў бацькі свайго, і ён скажа табе, старэйшын тваіх, і раскажуць табе.
Як Навышні даваў дзелі народам і аддзяляў сыноў людзкіх, прызначыў граніцы народаў подле ліку сыноў Ізраелявых;
Калі падзяляў Найвышэйшы народы, калі раздзяляў сыноў Адама, Ён вызначыў межы народам паводле лічбы сыноў Ізраэля.
Бо дзель СПАДАРОВА люд Ягоны; Якаў павароз дзелі Ягонае.
Уласнасць Госпада народ Яго. Якуб — удзел спадчыны Яго.
Ён знайшоў яго ў зямлі пустыннай, у сьцепе выючае дзічы; ён абводзіў яго, навучаў яго, сьцярог яго, як зрэнка вока свайго.
Ён знайшоў яго на зямлі бязлюднай у месцы жаху і ляманту пустыннага, абходзіў яго кругом і пільнаваў, і сцярог, як зрэнку вока Свайго.
Як арліца будзе гняздо свае, пырхае над арлянятамі сваімі, распушчае крылы свае, бярэць іх, носе іх на канцох крылаў сваіх;
Як арол прынукае лятаць птушанят сваіх і над імі кружляе, раскінуўшы крылы свае, і бярэ іх ды нясе на крылах сваіх,
Так СПАДАР Сам адзін вадзіў яго, і няма зь Ім чужога бога.
так Госпад Сам вадзіў яго, і не было з ім бога чужога.
Ён узьвёў яго на вышыні зямлі, карміў яго пладамі палёў, і паіў яго мёдам із скалы, і аліваю зь цьвярдое скалы,
І паставіў яго на высокай зямлі, каб спажываў плады палёў, каб піў мёд са скалы і алей з цвёрдага каменя,
Маслам каровім а малаком авячым а тукам баранчыкаў а бараноў вашанскіх а казлоў з тукам зярнят пшонных, і вінную кроў ты піў ня зьмешаную.
масла з кароў і малако з авечак, разам з тлушчам бараноў, і ягнят сыноў Басана, і казлоў, разам з найчысцейшай пшаніцай, і каб піў адборную кроў вінаграду.
І ўеўся Ешурун, і брыкаўся, растаўсьцеў, аброс тукам і стаў гладкі; і пакінуў Ён Бога, Каторы ўчыніў яго, і ўлегцы замеў скалу спасеньня свайго.
Насыціўся Ізраэль і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і распаўнелы, і пакінуў Бога, Творцу свайго, і зняважыў скалу збаўлення свайго.
Чужымі прывялі Яго да завісьці, агідамі разгневалі Яго.
І правакавалі яны Яго багамі чужымі, ды брыдотамі прынукалі да гневу.
Абракалі дзяблам, ня Богу, багом, каторых яны ня зналі, новым, што прышлі з блізіні, каторых не баяліся айцове вашыя.
Ахвяры складалі яны дэманам, а не Богу, багам, якіх не ведалі; з’явіліся яны, новыя і невядомыя, якім не пакланяліся бацькі іх.
Скалу, каторая радзіла цябе, ты ня помнеў, і забыўся Бога, што стварыў цябе.
Скалу, якая цябе нарадзіла, пакінуў ты, і забыўся ты на Госпада, Творцу свайго.
І абачыў СПАДАР, і ўлегцы замеў за квеленьне Яго сынамі а дачкамі сваімі.
Убачыў Госпад і абурыўся, бо правакавалі Яго сыны Яго і дочкі.
І сказаў: "Схаваю від Свой ад іх, абачу, які будзе канец іх, бо яны род вельма крутадушны, дзеці, у каторых няма вернасьці.
Дык сказаў: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу будучыню іх, бо пакаленне гэта ліхое і сыны няверныя.
Яны ўквялілі Мяне да завісьці тым, што ня ё Бог, пустынёй сваёй зьнемарасьцілі Мяне: і Я ўквялю іх да завісьці тымі, што ня люд, народам шалёным Я ўзлую іх;
Яны Мяне абурылі тым, хто не быў Богам, і раздражнілі марнасцю сваёй; і Я справакую іх тым, хто не ёсць народам, народам дурным раздражню іх.
Бо цяпло ўгарэлася ў гневе Маім, пячэць аж да найніжшае пеклы, і зьесьць зямлю а плады яе, і запале поды гораў.
Узгарэўся агонь раз’ятранасці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшага пекла, і спаліць зямлю з расліннасцю яе, і спапяліць падваліны гор.
І зьбяру на іх ліха, і стрэлы мае ўсі выстралю на іх;
Я збяру на іх няшчасці і засыплю іх стрэламі Маімі.
Будуць высілены голадам і выгублены гаручкаю, гаркім вынішчэньням; і пашлю на іх зубы зьвяроў з атрутаю поўзаючых у пыле.
Будуць мораны яны голадам, марнаваны трасцаю і лютай пошасцю; і пашлю Я на іх зубы звяроў і атруту змеяў, якія поўзаюць у пыле.
Звонку іх будзе бязьдзетніць меч, а з нутра жах, таксама маладзёна, таксама дзеўку, і ссучага разам із чалавекам сівым.
На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам з дзяўчынаю, немаўля разам са старым чалавекам”.
Я сказаў бы: ’Аддзьмухну іх, і зраблю канец памятцы іх сярод людзёў’,
Я сказаў: “Знішчу іх і звяду ў людзей памяць пра іх”.
Калі б ня гневу непрыяцеля Я сьцярогся, каб не пазналі варагі ягоныя, каб не сказалі: ’Нашая рука высокая, і не СПАДАР зрабіў усе гэта’";
Але спыніў гэта дзеля пыхлівасці ворагаў, каб ворагі яго не ўзганарыліся і не казалі: “Рука наша ўзнятая, а не Госпад зрабіў усё гэта!”
Бо яны народ, каторы згубіў раду, і няма зразуменьня ў іх.
Народ бо гэта бязрадны і неразважлівы.
О, калі б яны былі мудрыя, яны зразумелі б гэта й уважалі б на свой апошні канец!
Ці ж разважаюць яны і ці зразумеюць яны гэта і ці змогуць прадбачыць будучыню сваю?
Як бы мог адзін гнацца за тысячай і два гналі дзесяць тысячаў, калі б скала іхная яе прадала іх, і СПАДАР не запер іх!
Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а двое адганяць дзесяць тысяч? Ці няпраўда, што скала іх прадала іх, і Госпад выдаў іх?
Бо ня як скала наша, скала іхная, і варагі нашы судзьдзі ў гэтым.
Бо іх скала не такая, як наша Скала; і ворагі нашы — суддзі у гэтым.
Бо зь вінное розкі содомскае іхная вінная розка і з палеў ґоморскіх, бо ягады іхныя — ягады жоўці, гранкі іхныя гаркія ў іх;
Бо вінаград іх ад вінаграднага куста садомскага і з прыгарада гаморскага. Ягады іх — ягады атруты, і гронкі, як палын.
Атрута смокаў віно іхнае і лютая атрута найядавітшых гадаў.
Віно іх — атрута змяіная і смяротная атрута гадзючая.
"Ці не схавана гэта ў Мяне? не запячатавана ў сховах Маіх?
Ці ж гэта не схавана ў Мяне і не запячаткавана ў скарбах Маіх?
У Мяне помста й надгарода, упару, як захістаецца нага іхная; бо блізкі дзень загубы іх, і борзда настане прыгатаванае ім".
Маім ёсць пакаранне, і я аднагароджу ў час, калі пахіснецца нага іх! Блізка ўжо дзень загубы, і хутка надыходзіць рашэнне лёсу іх».
Бо СПАДАР будзе судзіць люд Свой, і над слугамі сваімі зжаліцца; бо Ён абача, што рука іхная скволела, і ня стала ані ўвязьненых, ані засталых.
Будзе судзіць Госпад народ Свой, пашкадуе Ён паслугачоў Сваіх; убачыць, што рука іх аслабла і што не стала ні нявольнікаў, ні вольных,
Тады скажа СПАДАР: "Дзе багі ягоныя, скала, на каторую ён спадзяваўся,
і скажа: «Дзе ж багі іх, скала, на якую яны мелі надзею,
Каторыя ядалі тук аброкаў іхных, півалі віно ўзьліваньняў іхных? Хай яны паўстануць і памогуць вам, хай будуць вам абаронаю.
ад ахвяр якім елі тлушч і пілі віно іх вадкіх ахвяр? Хай падымуцца і дапамогуць вам і хай у бядзе абароняць вас!
Бачыце цяпер, што гэта Я, Я — і няма Бога, апрача Мяне; Я забіваю й ажыўляю, Я раню і Я ўздараўляю; і ніхто ня збаве ад рукі Мае.
Паглядзіце цяпер, што Я — адзіны і няма Бога, апрача Мяне; Я магу забіць і магу даць жыццё, Я магу скалечыць і аздаравіць, і няма такога, хто б з Маёй рукі мог вырвацца.
Бо Я падыйму да нябёс руку Сваю й кажу: "Жыву Я на векі!’
Падыму аж да неба руку Маю і скажу: “Я жыву вечна!
Як найстру зіхацеючы меч Свой, і рука Мая схопе суд, то аддам помстаю варагом Сваім і ненавідзячым Мяне адплачу.
Калі Я навастру, як маланку, Мой меч і рука Мая выканае прысуд, аддам Я кару ворагам маім, і тым, што ненавідзяць Мяне, адплачу.
Упаю крывёй стрэлы Свае, і меч Мой будзе жэрці мяса, упаю крывёй забітых а палоненых і з галавы начэльнікаў ворага".
Насычу кроўю стрэлы Мае, і меч Мой паглынаць будзе целы, кроў забітых і палонных, галовы варожых правадыроў!”
Весяліцеся, народы, зь людам Ягоным, бо кроў слугаў Сваіх ён помсьце, і помсту аддасьць варагом Сваім, і залашчыцца да зямлі Свае — люду Свайго».
Хваліце, народы, народ Яго, бо адпомсціць Ён за кроў паслугачоў Сваіх, і прызначыць пакаранне для ворагаў Сваіх, і міласцівы будзе да зямлі народа Свайго».
І прышоў Масей, і гукаў усі словы песьні гэтае ў вушы люду, ён а Гошуа Нунянок.
Дык пайшоў Майсей з Ешуа, сынам Нуна, і пераказаў усе словы гэтага гімна ў вушы народа.
І скончыў Масей гукаць усі словы гэтыя ўсяму Ізраелю,
І скончыў Майсей пераказваць усе гэтыя словы, прамаўляючы да ўсяго Ізраэля,
І ён сказаў ім: «Палажыце сэрца вашае на ўсі словы, каторыя я сьветчу вам цяпер, каб расказаць іх дзяцём сваім, каб яны рупіліся паўніць усі словы права гэтага;
і сказаў ім: «Захавайце ў сэрцы вашым усе словы, якія я вам сёння пераказваю, ды загадайце вашым дзецям берагчы і выконваць іх і спаўняць усе словы гэтага закону.
Бо гэта, ня пустое вам; але гэта жыцьцё вашае, і гэтым вы прадоўжыце дні на тэй зямлі, да каторае вы пераходзіце гэты Ёрдан, каб апанаваць яе».
Бо слова гэтае не ёсць для вас малаважнае, але гэта жыццё ваша; і ў слове гэтым доўга жыць будзеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, увойдзеце, каб завалодаць ёю».
І гукаў СПАДАР Масею таго самага дня, і сказаў:
У той самы дзень сказаў Госпад Майсею:
«Узыйдзі на гэтую гару Аварым, на гару Нево, каторая ў зямлі Моаўскай, што перад Ерыхонам, і глянь ня зямлю Канаанскую, каторую Я даю сыном Ізраелявым у дзяржаньне;
«Узыдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэба, якая ў зямлі Мааба насупраць Ерыхона, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я дам сынам Ізраэля ва ўласнасць.
І памры на гары, на каторую ты ўзыйдзеш, і будзеш прылучаны да люду свайго, як памер Аарон, брат твой, на гары Гор, і быў прылучаны да люду Свайго,
І памры ты на гары, на якую ты ўзыдзеш, і далучыся да народа свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народа свайго.
За тое, што вы ізрадзілі Мяне сярод сыноў Ізраелявых ля водаў Мэрывы ў Кадэшу, на пустыні Цын, за тое, што вы не пасьвяцілі Мяне сярод сыноў Ізраелявых.
Бо зграшылі вы адносна Мяне між сынамі Ізраэля пры водах Мэрыбы каля Кадэса, на пустыні Сін, бо не ўшанавалі святасці Маёй сярод сыноў Ізраэля.
А насупроці ты абачыш зямлю, але туды ня ўвыйдзеш, у зямлю, каторую Я даю сыном Ізраелявым».
Таму толькі здалёк убачыш перад сабою тую зямлю, але ты сам не ўвойдзеш у тую зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля».