Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 34 Паўтор Закону 34 разьдзел

1 Дык Майсей з раўніны Мааба ўзышоў на гару Нэба, на вяршыню Пісгі насупраць Ерыхона. І паказаў яму Госпад усю зямлю Галаад аж да Дана,
2 і ўсю зямлю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, ды ўсю зямлю Юды аж па заходняе мора,
3 Нагэб і абшар раўніны Ерыхона, горада Пальмаў, аж да Сэгора.
4 І сказаў Госпад яму: «Гэта ёсць тая зямля, якою Я прысягнуў Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: “Я дам яе нашчадкам тваім”. Бачыў ты яе вачамі сваімі, але не ўвойдзеш у яе».
5 Там, у зямлі Мааба, з волі Госпада памёр Майсей, паслугач Божы.
6 І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Мааба насупраць Бэт-Пэгора. І ніхто з людзей не ведае магілы яго па сённяшні дзень.
7 Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы яго не прыцміліся і не змарнела сіла яго.
8 Плакалі па ім сыны Ізраэля трыццаць дзён на раўніне Мааба. Пасля скончыліся дні жалобы па Майсею.
9 Ешуа, сын Нуна, быў поўны духам мудрасці, бо Майсей усклаў на яго рукі свае; і слухалі яго сыны Ізраэля, і рабілі ўсё, як загадаў Госпад Майсею.
10 І не паўстаў больш у Ізраэлі прарок такі, як Майсей, якога ведаў бы Госпад тварам у твар,
11 па ўсіх знаках і цудах, з якімі паслаў Ён яго, каб учыніў у зямлі Егіпецкай перад фараонам і перад усімі паслугачамі яго і перад усёй зямлёй яго,
12 ды па ўсёй руцэ магутнай і па ўсіх дзівосах, якія ўчыніў Майсей на вачах усяго Ізраэля.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Паўторанага Закону, 34 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017