Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Паўтор Закону 16 Паўтор Закону 16 разьдзел

1 Беражы месяц Абіб, каб учыняць Пасху Госпаду, Богу твайму, бо ў гэтым месяцы Абіб вывеў цябе Госпад, Бог твой, з Егіпта ноччу.
2 І складзі ахвяру пасхальную Госпаду, Богу твайму, з авечак і бычкоў у месцы, якое сам Госпад, Бог твой, выбера, каб было там імя Яго.
3 Не еж з ёю хлеба квашанага. Сем дзён еж з гэтымі ахвярамі хлеб бедавання без закваскі, бо паспешна выйшаў ты з Егіпта, каб ты памятаў пра дзень выхаду твайго з Егіпта ўсе дні жыцця свайго.
4 Не павінна быць нічога кваснага ва ўсіх межах тваіх на працягу сямі дзён; з мяса, якое будзе складзена ў ахвяру вечарам, нічога не павінна застацца да раніцы ў першы дзень.
5 Не можаш ты складаць ахвяру Пасхі ў якім-колечы з гарадоў сваіх, якія мае даць табе Госпад, Бог твой,
6 але толькі ў тым месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, каб было там імя Яго, складзеш ахвяру Пасхі вечарам пры захадзе сонца ў той самы час, калі выйшаў ты з Егіпта.
7 Спячы і з’еж на тым месцы, якое выбера Госпад, Бог твой; на ранку ўстань і вярніся ў палаткі свае.
8 Шэсць дзён еж праснакі і на сёмы дзень таксама, бо ён усталяваны для Госпада, Бога твайго, і не працуй.
9 Адлічы сабе сем поўных тыдняў ад дня таго, калі ўзнясеш серп над жнівом,
10 і ўшаноўвай свята тыдняў для Госпада, Бога твайго, дабрачыннай ахвярай з рукі тваёй, якую складаеш паводле дабраславення Госпада, Бога твайго.
11 І святкуй перад Госпадам, Богам тваім, і ты, і сын твой, і дачка твая, паслугач твой і паслугачка твая, і левіт, той, што ў брамах тваіх, прыбылец, і сірата, і ўдава, якая прабывае з табой у месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, каб там было імя Яго;
12 і прыпомні сабе, што ты быў нявольнікам у Егіпце, таму зберагай і чыні тое, што загадана табе.
13 Святкуй свята палатак сем дзён пасля таго, як збярэш плён твой з току і з тоўчні.
14 У гэта свята будзеш святкаваць ты, і сын твой, і дачка, паслугач твой і паслугачка, таксама левіт і чужынец, сірата і ўдава, якія жывуць у брамах тваіх.
15 Сем дзён адзначай святы Госпаду, Богу твайму, у месцы, якое выбера Госпад; бо дабраслаўляць цябе будзе Госпад, Бог твой, ва ўсім плёне тваім і ва ўсякай працы рук тваіх, і будзеш поўны радасці.
16 Тры разы ў год хай пакажацца кожны з мужчын тваіх перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбера: на свята праснакоў, на свята тыдняў і на свята палатак. І ніхто хай не пакажацца перад абліччам Госпада з пустымі рукамі,
17 але кожны хай ахвяруе паводле таго, што будзе мець, паводле дабраславення Госпада, Бога твайго, якое Ён табе дасць.
18 Ва ўсіх брамах тваіх, якія дасць табе Госпад, Бог твой, устанаві суддзяў і загадчыкаў на працах на ўсе пакаленні, каб судзілі людзей справядлівым судом.
19 Не крыві закону. Не глядзі на асобу і на падарункі, якія засляпляюць вочы мудрым і перакручваюць справы справядлівых.
20 За справядлівасцю, за справядлівасцю ідзі следам, каб жыў ты і валодаў зямлёю, якую Госпад, Бог твой, дасць табе.
21 Не садзі сабе гаёў з якіх-колечы дрэў каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, які збудуеш сабе.
22 Не стаў слупа, бо гэта ненавідзіць Госпад, Бог твой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Паўторанага Закону, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017