Другі закон 34 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Дык Майсей з раўніны Мааба ўзышоў на гару Нэба, на вяршыню Пісгі насупраць Ерыхона. І паказаў яму Госпад усю зямлю Галаад аж да Дана,
І ўзышоў Майсей з раўнін Маавіцкіх на гару Нэво, на вяршыню Фасгі, што насупроць Ерыхона, і паказаў яму Гасподзь усю зямлю Галаад да самага Дана,
і ўсю зямлю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, ды ўсю зямлю Юды аж па заходняе мора,
і ўсю Нэфталімавую, і ўсю Яфрэмавую і Манасііную, і ўсю зямлю Юдавую, нават да самага заходняга мора,
Нагэб і абшар раўніны Ерыхона, горада Пальмаў, аж да Сэгора.
і паўднёвую краіну і раўніну даліны Ерыхона, горад Пальмаў, да Сігора.
І сказаў Госпад яму: «Гэта ёсць тая зямля, якою Я прысягнуў Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: “Я дам яе нашчадкам тваім”. Бачыў ты яе вачамі сваімі, але не ўвойдзеш у яе».
І сказаў яму Гасподзь: вось зямля, за якую Я прысягаў Абрагаму, Ісааку і Якаву, кажучы: «семені твайму дам яе»; Я дам табе пабачыць яе вачыма тваімі, але ў яе ты ня ўвойдзеш.
Там, у зямлі Мааба, з волі Госпада памёр Майсей, паслугач Божы.
І памёр там Майсей, раб Гасподні, у зямлі Маавіцкай, паводле слова Гасподняга;
І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Мааба насупраць Бэт-Пэгора. І ніхто з людзей не ведае магілы яго па сённяшні дзень.
і пахаваны ў даліне ў зямлі Маавіцкай насупраць Вэтэгора і ніхто ня ведае месца пахаваньня яго нават да гэтага дня.
Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы яго не прыцміліся і не змарнела сіла яго.
Майсею было сто дваццаць гадоў, калі ён памёр; але зрок ягоны ня прытупіўся, моцнасьць у ім ня вычарпалася.
Плакалі па ім сыны Ізраэля трыццаць дзён на раўніне Мааба. Пасля скончыліся дні жалобы па Майсею.
І аплаквалі Майсея сыны Ізраілевыя на раўнінах Маавіцкіх трыццаць дзён. І прайшлі дні плачу і галашэньня па Майсеі.
Ешуа, сын Нуна, быў поўны духам мудрасці, бо Майсей усклаў на яго рукі свае; і слухалі яго сыны Ізраэля, і рабілі ўсё, як загадаў Госпад Майсею.
І Ісус, сын Наваў, напоўніўся духам мудрасьці, бо Майсей усклаў на яго рукі свае, і слухаліся яго сыны Ізраілевыя і рабілі так, як загадаў Гасподзь Майсею.
І не паўстаў больш у Ізраэлі прарок такі, як Майсей, якога ведаў бы Госпад тварам у твар,
І ня было больш у Ізраіля прарока такога, як Майсей, якога Гасподзь знаў тварам да твару,
па ўсіх знаках і цудах, з якімі паслаў Ён яго, каб учыніў у зямлі Егіпецкай перад фараонам і перад усімі паслугачамі яго і перад усёй зямлёй яго,
па ўсіх азнаках і цудах, зрабіць якія ў зямлі Егіпецкай над фараонам і над усімі рабамі ягонымі і над усёю зямлёю ягонай паслаў яго Гасподзь,
ды па ўсёй руцэ магутнай і па ўсіх дзівосах, якія ўчыніў Майсей на вачах усяго Ізраэля.
і па руцэ моцнай і па вялікіх цудах, якія Майсей зьдзейсьніў перад вачыма ўсяго Ізраіля.