Найвышэйшая песьня 1 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Песня з песняў Саламона. «Хай ён пацалуе мяне пацалункам вуснаў сваіх!» «Бо каханне тваё лепшае за віно;
 
Найвышэйшая песьня Саламонава. Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.

за водар тваіх найлепшых алейкаў. Алеек разліты — імя тваё; таму любяць цябе дзяўчаты».
 
Ад водару мазяў тваіх імя тваё — як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.

«Прываблівай мяне за сабой! Пабяжым! Увядзі мяне, валадар, у пакоі свае»; «Радавацца і цешыцца будзем табою, помніць больш пра каханне тваё, чым пра віно; заслужана кахаюць цябе!»
 
Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; — цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; — больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!

«Чарнявая я, але зграбная, дочкі Ерузаліма, як палаткі Кедара, як заслоны Саламона.
 
Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя.

Не глядзіце, што я смуглявая, бо апаліла мяне сонца. Сыны маці маёй разгневаліся на мяне, даручылі мне пільнаваць вінаграднік, а я свайго вінаградніку не ўпільнавала.
 
Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, — вінаграднікі вартаваць мне казалі, — свайго вінаградніка я не ўпільнавала.

О ты, якога любіць душа мая, пакажы, дзе ты пасеш, дзе адпачываеш апоўдні, каб не блукаць мне між статкаў таварышаў тваіх».
 
Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?

«Калі не ведаеш, о найпрыгажэйшая сярод жанчын, то выйдзі і ідзі па слядах статка, ды пасві казлянят сваіх каля палатак пастухоў.
 
Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных.

Я ўпадобніў цябе, сяброўка мая, да жарабіцы ў калясніцы фараона.
 
З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая.

Гожыя шчокі твае пад завушніцамі, шыя твая — у каралях.
 
Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі;

Мы зробім табе залатыя завушніцы са срэбранымі ўкрапінамі».
 
зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі.

«Пакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой разліваў водар свой.
 
Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы.

Улюбёны мой для мяне — пучок кіпера, што ляжыць на грудзях маіх.
 
Мне мой мілы — як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях,

Улюбёны мой для мяне — быццам гронка кіпровая у вінаградніках Эн-Гадзі».
 
мне мой мілы — як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі.

«О, якая прыгожая ты, сяброўка мая, о, якая ты прыгожая: вочы твае галубіныя».
 
Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы — дзьве галубіцы!

«О, які прыгожы ты, улюбёны мой, о, які прывабны! Ложак наш у кветках,
 
Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш — зелень;

бэлькі дамоў нашых кедравыя, столь наша — з кіпарысу».
 
стрэхі дамоў нашых — кедры, столі іх — кіпарысы.