Найвышэйшая песьня 5 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

«Хай увойдзе ўлюбёны мой у сад свой і хай пакаштуе найлепшыя плады яго». «Увайшоў я у сад мой, сястра мая, нявеста; збіраў міру маю з пахамі маімі, спажываў соты з мёдам, піў віно з малаком маім. Ежце, сябры, і піце, і насычайцеся, найдаражэйшыя!»
 
Увайшоў я ў мой сад, сястрыца, нявеста, сабраў маёй міры з бальзамам, паеў сотаў зь мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Ежце, сяброве, пеце і наядайцеся, родныя!

«Я сплю, а сэрца маё чувае, [вось,] голас майго ўлюбёнага, які стукае: “Адчыні мне, сястра мая, сяброўка мая, галубка мая, беззаганная мая, бо галава мая ўся ў расе, кучары мае — у кроплях начных!”
 
Я сплю, а сэрца маё чувае; вось, голас каханага, які стукаецца: «Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая — абрасілася, мае кучары — ў начной вільгаці».

Сукню маю скінула з сябе, як жа зноў мне надзяваць яе? Памыла ногі мае, як жа зноў брудзіць іх?
 
Я хітон свой зьняла — як жа зноў надзяваць мне яго?

Улюбёны мой працягнуў руку сваю праз дзірку [у дзвярах], і задрыжэла імгненна нутро маё.
 
Каханы прасунуў руку сваю ў дзьверы, маё цела зайшлося ад радасьці.

Устала, каб адчыніць міламу майму; з рук маіх капала міра, а пальцы мае поўныя міры найкаштоўнейшай над ручкаю засаўкі.
 
Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзьвярах.

Адчыніла ўлюбёнаму майму, але ён павярнуўся і сышоў. Душа мая абамлела, калі ён адышоў. Шукала — і не знайшла яго, гукала — і не адазваўся ён мне.
 
Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала — ён не азваўся.

Напаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць кругом горад; збілі мяне і пакалечылі мяне, здзёрлі плашч мой з мяне вартаўнікі муроў.
 
Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сьцен гарадскіх сарвалі зь мяне маё покрыва.

Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма: “Калі спаткаеце ўлюбёнага майго, што скажаце вы яму?” — “Што знемаглася ад кахання”».
 
Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: як сустрэнецца вам мой каханы, што яму скажаце вы? Скажэце, што я зьнемагла ад каханьня.

«Што ёсць у мілага твайго ў параўнанні з іншымі, о найпрыгажэйшая з жанчын? Што ёсць у мілага твайго ў параўнанні з іншымі, што так нас заклінаеш?»
 
Чым мілейшы твой любы за іншых, прыгажуня з усіх прыгажунь? Чым любейшы твой мілы за іншых, што заклінаеш нас?

«Мой любы белы ды румяны, вылучаецца сярод тысяч.
 
Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы.

Галава яго — найчысцейшае золата, кучары яго — як галіны пальмаў, чорныя, як крук.
 
Галава ў яго — чыстае золата; яго кучары — гронкі пальмавыя, чорныя, быццам вораны,

Вочы яго — як галубы над струменем водаў, што, памытыя ў малацэ, над струменем паўнаводным сядаюць.
 
вочы ў яго — галубкі пры патоках вады, купаюцца ў малацэ, сядзяць у дагодзе,

Шчокі яго — як кветнікі водараў, грудкі пахаў паблізу раўнюткіх ручаёў; вусны яго — лілеі, з якіх сцякае найлепшая міра.
 
шчокі ў яго, бы кветкі пахучых расьлін, духмяныя пахі, губы ў яго — лілеі, зь якіх цячэ міра;

Рукі яго — вальцы залатыя, поўныя гіяцынтаў; жывот яго — разьба з косці слановай, што выкладзена сапфірамі.
 
рукі ў яго — жазлы залатыя, абсыпаныя тапазамі, жывот у яго — як выява з слановае косьці, абкладзеная сапфірамі,

Ногі яго — мармуровыя калоны, якія пастаўлены на залатых падножжах; выгляд яго падобны да Лібана, узнёслы, нібы кедры.
 
ногі ў яго — слупы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя апоры, абліччам каханы — Ліван, велічны, нібыта кедры.

Вусны яго салодкія, і ўвесь ён прывабны. Такі вось улюбёны мой, і такі вось сябар мой, дочкі Ерузаліма».
 
Вусны ў яго — гэта слодыч, і ўвесь ён — уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!