Найвышэйшая песьня 4 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

«О, якая прыгожая ты, сяброўка мая, о якая прыгожая: вочы твае галубіныя пад вэлюмам тваім. Валасы твае — як статак коз, што спускаюцца з гары Галаад.
 
Якая прыгожая ты, каханая, прыгожая ты! Вочы твае — галубіцы пад кудзеркамі тваімі; твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх,

Зубы твае — як статак стрыжаных авечак, якія выходзяць з купальні: у кожнай пара ягнят, і няплоднай між іх няма.
 
твае зубы — як стрыжаныя авечкі, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай;

Быццам стужка чырвоная — вусны твае, і мова твая салодкая; як паловы гранатавага яблыка — шчокі твае пад вэлюмам тваім.
 
як чырвоная стужка — губы твае, і любасныя твае вусны; як палавінкі граната — шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі;

Як вежа Давідава — шыя твая, пабудаваная з умацаваннямі, тысяча шчытоў павешана на ёй, усё зброя моцных.
 
як Давідава вежа — шыя твая, узьнесеная ўгору, тысячай шчытоў увешаная, — а ўсе шчыты — дужых.

Грудзі твае — як двое казлянят, блізнят сарны, якія пасвяцца ў лілеях.
 
Грудзі твае — як двайняткі юнае сарны, пасуцца яны між лілеямі.

Пакуль дзень набліжаецца і знікаюць цені, пайду на гару міры і на ўзгорак фіміяму.
 
Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, я ўзыду на пагорак міравы, на гару фіміямную.

Уся ты гожая, сяброўка мая, і заганы ў табе няма.
 
Уся ты прыгожая, любасьць мая, і няма на табе заганы!

Прыйдзі з Лібана, нявеста, прыйдзі з Лібана, падыдзі: спяшайся з вяршыні Амана, з верхавін Сэніра і Гэрмона, з логавішчаў львоў, з гор леапардаў.
 
Са мною зь Лівана, нявеста, са мною зь Лівана прыйдзі! Зірні зь вяршыні Аманы, зь вяршыні Сэніра, з Хэрмона, ад ільвіных пячораў і з барсавых гор!

Параніла ты сэрца маё, сястра мая, нявеста, параніла ты сэрца маё адным позіркам вачэй тваіх і аднымі каралямі на шыі тваёй.
 
Паланіла ты сэрца маё, сястрыца, нявеста, паланіла ж ты сэрца маё адным паглядам вачэй, пацеркамі аднымі на шыйцы тваёй.

Якое цудоўнае каханне тваё, сястра мая, нявеста, лепшае каханне тваё, чым віно. Ды пах алейкаў тваіх лепшы за ўсе водары.
 
Якія пяшчотныя ласкі твае, сястрыца, нявеста, о, як намнога ласкі твае лепшыя за віно, і водар мазяў тваіх лепшы за ўсе бальзамы!

Сотавы мёд сцякае з вуснаў тваіх, о нявеста, мёд і малако пад тваім языком, а водар шатаў тваіх — як духмянасць Лібана.
 
Сотавы мёд цякучы — губы твае, нявеста, мёд, малако пад тваім языком, і водар адзежы тваёй, як духмянасьць Лівана.

Замкнуты сад — сястра мая, нявеста, замкнуты сад, калодзезь запячатаны.
 
Зачынены сад, сястрыца, нявеста, зачынены сад, запячатаная крыніца:

Парасткі твае — гай яблыкаў гранатавых з адборнымі пладамі, кіпер з нардам.
 
зарасьнікі твае — гранатавы гай з сакавітымі пладамі, кіперы з нардамі,

Нард і шафран, пахкі трыснёг і карыца з усімі пахкімі дрэвамі, міра і алоэ ды з усімі лепшымі алейкамі.
 
нард і шафран, аер і карынка, расьліны духмяныя, міра, альяс і найлепшы бальсан;

Садовая крыніца, студня жывых водаў, што сцякаюць імкліва з Лібана.
 
калодзеж садоў — крыніца з жывою вадою, і крыніцы зь Лівана!

Падыміся, вецер паўночны, наляці, вецер паўднёвы; павей на сад мой, і хай паплывуць пахі яго».
 
Паўстань, паўстань, вецер сіберны, прыйдзі вецер з поўдня, падзьмі, вецер, на сад мой, хай разьліецца водар яго! — Хай увойдзе мой любасны ў сад свой, хай скаштуе пладоў сакавітых.