Найвышэйшая песьня 4 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

«О, якая прыгожая ты, сяброўка мая, о якая прыгожая: вочы твае галубіныя пад вэлюмам тваім. Валасы твае — як статак коз, што спускаюцца з гары Галаад.
 
«Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая ты прыгожая! Вочы твае — як галубкі пад кудзеркамі тваімі. Валасы твае — як чарада козаў, якія зыходзяць з гары Гілеад.

Зубы твае — як статак стрыжаных авечак, якія выходзяць з купальні: у кожнай пара ягнят, і няплоднай між іх няма.
 
Зубы твае — як чарада стрыжаных авечак, якія выходзяць з купаньня; у кожнай пара ягнятак, і няплоднай няма сярод іх.

Быццам стужка чырвоная — вусны твае, і мова твая салодкая; як паловы гранатавага яблыка — шчокі твае пад вэлюмам тваім.
 
Быццам стужка кармазыновая — губы твае, і вусны твае салодкія. Як паловы яблыка гранатовага шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі.

Як вежа Давідава — шыя твая, пабудаваная з умацаваннямі, тысяча шчытоў павешана на ёй, усё зброя моцных.
 
Як вежа Давідава шыя твая, збудаваная для абароны, тысяча шчытоў завешана на ёй, усё — зброя волатаў.

Грудзі твае — як двое казлянят, блізнят сарны, якія пасвяцца ў лілеях.
 
Грудзі твае — як двое казьлянятаў, блізьнятаў сарны, якія пасьвяцца сярод лілеяў.

Пакуль дзень набліжаецца і знікаюць цені, пайду на гару міры і на ўзгорак фіміяму.
 
Пакуль дзень дыхае [ветрам] і зьнікаюць цені, пайду на гару міры і на ўзгорак кадзіла.

Уся ты гожая, сяброўка мая, і заганы ў табе няма.
 
Уся ты прыгожая, сяброўка мая, і заганы няма ў табе.

Прыйдзі з Лібана, нявеста, прыйдзі з Лібана, падыдзі: спяшайся з вяршыні Амана, з верхавін Сэніра і Гэрмона, з логавішчаў львоў, з гор леапардаў.
 
Са мною з Лібану, нявеста мая, са мною з Лібану ідзі; паглядзі з вяршыні Аману, з вяршыні Сэніру і Гермону, з лежышчаў львоў, з гор леапардаў.

Параніла ты сэрца маё, сястра мая, нявеста, параніла ты сэрца маё адным позіркам вачэй тваіх і аднымі каралямі на шыі тваёй.
 
Паланіла ты сэрца маё, сястра мая нявеста, паланіла ты сэрца маё адным [позіркам] вачэй тваіх, і аднымі пацеркамі на шыі тваёй.

Якое цудоўнае каханне тваё, сястра мая, нявеста, лепшае каханне тваё, чым віно. Ды пах алейкаў тваіх лепшы за ўсе водары.
 
Якое цудоўнае каханьне тваё, сястра мая нявеста, лепшае каханьне тваё, чым віно. А пах алейкаў тваіх [лепшы] за ўсе пахошчы.

Сотавы мёд сцякае з вуснаў тваіх, о нявеста, мёд і малако пад тваім языком, а водар шатаў тваіх — як духмянасць Лібана.
 
Мёд сотавы сьцякае з вуснаў тваіх, нявеста, мёд і малако пад языком тваім, а водар шатаў тваіх — як водар Лібану.

Замкнуты сад — сястра мая, нявеста, замкнуты сад, калодзезь запячатаны.
 
Замкнёны сад — сястра мая, нявеста, замкнёны сад, крыніца запячатаная.

Парасткі твае — гай яблыкаў гранатавых з адборнымі пладамі, кіпер з нардам.
 
Улоньне тваё — сад яблык гранатовых з адборнымі пладамі, кіпэр і нард.

Нард і шафран, пахкі трыснёг і карыца з усімі пахкімі дрэвамі, міра і алоэ ды з усімі лепшымі алейкамі.
 
Нард і шафран, [пахкі] трысьнёг і цынамон з усімі дрэвамі ладану, міра і альвасу і з усімі найлепшымі пахошчамі.

Садовая крыніца, студня жывых водаў, што сцякаюць імкліва з Лібана.
 
Ты — крыніца ў садзе, студня вады жывой, якая сьцякае з Лібану.

Падыміся, вецер паўночны, наляці, вецер паўднёвы; павей на сад мой, і хай паплывуць пахі яго».
 
Абудзіся, вецер з поўначы! Прыйдзі, вецер з поўдня; дзьмі на сад мой, і няхай пацякуць пахошчы ягоныя». «Няхай прыйдзе любы мой у сад свой, і няхай есьць найлепшыя плады ягоныя».