Найвышэйшая песьня 3 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
«На ложку маім уначы шукала я таго, якога мілуе душа мая; шукала яго і не знайшла.
«На ложку маім уначы я шукала таго, якога кахае душа мая; шукала яго і не знайшла.
Устану і пайду ў горадзе па вуліцах і па плошчах. Буду шукаць таго, якога любіць душа мая. Шукала яго і не знайшла.
“Устану і буду кружляць па горадзе, па вуліцах і па плошчах. Буду шукаць таго, якога кахае душа мая”. Шукала яго і не знайшла.
Напаткалі мяне вартаўнікі, якія абходзяць кругом горад: “Ці не бачылі вы таго, якога мілуе душа мая?”
Спаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць горад. “Ці ня бачылі вы таго, якога кахае душа мая?”
Ледзь мінула іх, спаткала таго, якога любіць душа мая; схапіла яго, не пушчу, пакуль не завяду яго ў дом маці маёй і ў пакой радзіцелькі маёй».
Ледзь мінула іх, спаткала таго, якога кахае душа мая, схапіла яго і не пушчу, аж пакуль не завяду яго ў дом маці маёй, у пакой той, якая нарадзіла мяне».
«Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, сарнамі і палявымі ланямі: не будзіце і не падымайце ад сну ўлюбёнай, аж пакуль сама не захоча».
«Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, сарнамі і ланямі палявымі, не будзіце, не падымайце каханую, пакуль сама не захоча».
Што гэта, што надыходзіць пустыняю, як слуп дыму, выдаючы водар фіміяму і міры, і разнастайных масцей міраварніка?
«Хто яна, якая выходзіць з пустыні як слупы дыму, духмяная мірам і кадзілам, і ўсякімі водарамі, [што прывозяць] гандляры.
Вось ложа Саламона. Шэсцьдзесят моцных акружаюць яго з наймацнейшых Ізраэля,
Вось ложак Салямона. Шэсьцьдзясят волатаў вакол яго, з волатаў Ізраіля.
усе яны носяць мечы і спрактыкаваныя ў войнах, кожны носіць меч пры боку дзеля страхаў начных.
Усе яны трымаюць мячы, спраўныя ў вайне, кожны мае меч пры боку сваім супраць страхаў начных.
Насілкі сабе зрабіў цар Саламон з дрэва лібанскага;
Драгі зрабіў для сябе валадар Салямон з дрэва Лібанскага;
слупкі іх зрабіў срэбраныя, узгалоўе — залатое, сядзенне — пурпуровае; сярэдзіна іх выслана эбэнавым дрэвам.
слупкі іхнія зрабіў са срэбра, прыслон — з золата, сядзеньне ягонае — з пурпуру. Сярэдзіна іхняя выслана каханьнем дачок Ерусалімскіх».
«Дочкі Ерузаліма, выйдзіце і паглядзіце, дочкі Сіёна, на цара Саламона ў дыядэме, якой увянчала яго маці яго ў дзень яго заручын, у дзень радасці яго сэрца».
«Выйдзіце і паглядзіце, дочкі Сыёну, на валадара Салямона ў кароне, якой укаранавала яго маці ягоная ў дзень заручынаў ягоных, у дзень радасьці сэрца ягонага».