Найвышэйшая песьня 3 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вацлава Ластоўскага
«На ложку маім уначы шукала я таго, якога мілуе душа мая; шукала яго і не знайшла.
На ложы маім ноччу шукала я таго, каторага любіць душа мая, шукала і не знайшла яго.
Устану і пайду ў горадзе па вуліцах і па плошчах. Буду шукаць таго, якога любіць душа мая. Шукала яго і не знайшла.
Устану-ж я, пайду па месту, па вуліцах і пляцох і буду шукаці таго, каторага смагне душа мая; шукала і не знайшла яго.
Напаткалі мяне вартаўнікі, якія абходзяць кругом горад: “Ці не бачылі вы таго, якога мілуе душа мая?”
Сустрэлі мяне старожы, што ходзяць па месьце: ці не бачылі вы таго, каторага любіць душа мая?
Ледзь мінула іх, спаткала таго, якога любіць душа мая; схапіла яго, не пушчу, пакуль не завяду яго ў дом маці маёй і ў пакой радзіцелькі маёй».
Але, ледзь я адышла ад іх, як знайшла таго, каторага любіць душа мая, спахапілася за яго і не пусьціла, дакуль не прывяла ў дом маці маей і ва ўнутраныя сьвятліцы радзіцелькі маей.
«Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, сарнамі і палявымі ланямі: не будзіце і не падымайце ад сну ўлюбёнай, аж пакуль сама не захоча».
Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія, сарнамі і дзікімі козамі: не будзіце, не трывожце спалюбеніцы маей, дакуль яна схоча.
Што гэта, што надыходзіць пустыняю, як слуп дыму, выдаючы водар фіміяму і міры, і разнастайных масцей міраварніка?
Хто тая, што ўсходзіць ад пустыні бытцам клубы дыму, акаджаная міррай і цімьянам і ўсякімі добрапахнасьцямі міраварніка.
Вось ложа Саламона. Шэсцьдзесят моцных акружаюць яго з наймацнейшых Ізраэля,
От ложа яго — Саламона: шэсцьдзесят мужоў сільных каля яго, спаміж сільных мужоў Ізраіля.
усе яны носяць мечы і спрактыкаваныя ў войнах, кожны носіць меч пры боку дзеля страхаў начных.
Усе яны трымаюць па мячу, дасьведчаныя ў бітве; ў кождага меч пры бядрэ яго, дзеля страху начнога.
Насілкі сабе зрабіў цар Саламон з дрэва лібанскага;
Пераноснае ложа ўчыніў сабе валадар Саламон з дрэў Лібанскіх;
слупкі іх зрабіў срэбраныя, узгалоўе — залатое, сядзенне — пурпуровае; сярэдзіна іх выслана эбэнавым дрэвам.
Слупцы яго выраблены з серабра, падлакотнікі з золата; седзішча яго з пурпуровай тканіны; ўнутраннасьць яго аздоблена любоўю з дочкамі Іерузалімскімі.
«Дочкі Ерузаліма, выйдзіце і паглядзіце, дочкі Сіёна, на цара Саламона ў дыядэме, якой увянчала яго маці яго ў дзень яго заручын, у дзень радасці яго сэрца».
Пайдзіце і ўзірайцеся, дочкі Сыонскія, на валадара Саламона, ў вянку, каторым авянечыла яго маці ў дзень жанімства яго, ў дзень радасны сэрцу яго.