Найвышэйшая песьня 8 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вацлава Ластоўскага

 
 

«О, каб ты быў братам маім, які смактаў з грудзей маці маёй; каб сустрэла цябе на вуліцы і пацалавала цябе, і ніхто тады не пагардзіў бы мной.
 
Ах, каб ты быў мне братам, які ссаў персі маці маей! тады бы я сустрэўшы на вуліцы цалавала цябе, і мяне не асуджалі-бы.

Схапіла б я цябе і павяла б у дом маці сваёй; там бы ты вучыў мяне, і дала б я табе чару пахкага віна і хмельнага напою гранатавых яблыкаў маіх.
 
Павяла-бы я цябе, прывяла бы я ў дом маткі маей. Ты вучыў-бы мяне, а я паіла-бы цябе вохным віном, сокам гранатных яблак маіх.

Лявіца яго ў мяне пад галавой, а правіцай ён абдымае мяне».
 
Левая рука яго ў мяне пад галавою, а правая абыймае мяне.

«Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, не будзіце, не падымайце ад сну ўлюбёную, пакуль сама не захоча».
 
Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія, — не будзеце, не турбуйце спалюбеніцы, дакуль яна схоча.

«Хто тая, якая надыходзіць з пустыні, абапіраючыся на ўлюбёнага свайго?» «Пад яблыняй абудзіла я цябе; там пачала цябе маці твая, там пачала цябе радзіцелька твая.
 
Хто гэта ўсходзіць ад пустыні, апіраючыся на свайго спалюбенца? Пад яблыняй разбудзіла я цябе: там радзіла цябе маці твая, там радзіла цябе радзіцелька твая.

Пакладзі мяне як пячатку на сэрцы тваім, як пячатку на плячы тваім, бо магутнае, як смерць, каханне, і няўмольная, як пекла, рэўнасць, паходні яе — як паходні агню і Боскага полымя.
 
Палажы мяне, як пячаць на сэрца тваё, як персьцень на руку тваю, бо крэпка, як сьмерць, любоў; люта, як пекла, заздрасьць; стрэлы яе — стрэлы агненныя; яна — полымя вельмі магутнае.

Вялікія воды не змогуць патушыць каханне, не затопяць яго рэкі; калі б чалавек аддаў усю маёмасць дому свайго за каханне, то быў бы адрынуты з пагардай».
 
Вялікія воды ня могуць пагасіць любові, і рэкі не заліюць яе. Калі бы хто даваў усё багацьце дому свайго за любоў, то ён быў-бы адкінуты з пагардай.

«Сястра наша малая і грудзей яшчэ не мае. Што зробім для сястры нашай у дзень, калі трэба будзе гаварыць пра яе?
 
Есьць у нас сястра, падростак яшчэ, персьцяў нямашака ў яе; што-ж нам рабіць с сястрой нашай калі сватацца прыйдуць?

Калі яна мур, то мы пабудуем на ім срэбраныя ўмацаванні, калі яна — дзверы, выкладзем іх дошкамі кедравымі».
 
Калі-б яна была сьцяна, то мы-бы пабудавалі на ей палацы са срэбра; калі-бы яна была дзьверы, то мы аблажылі-бы яе кедровымі дошкамі.

«Я — мур, і грудзі мае — як вежы, таму я буду ў вачах яго тою, што знайшла супакой.
 
Я — сьцяна, і персі ў мяне як башты, дзеля гэтага я буду ў вачох яго як дасьцігшая паўнаты.

У Саламона быў вінаграднік у Баалхамоне; аддаў ён яго арандатарам, кожны меў плаціць за плод яго тысячу срэбранікаў.
 
Вінагрозьнік быў у Саламона ў Ваал-Гамоне; ён аддаў гэты сад вартаўніком; кожды павінен быў дастачаць за плады яго тысячу срэбнікаў.

Вось жа, перада мною вінаграднік мой; тысячу табе, Саламон, а дзвесце тым, якія вартуюць плады яго».
 
А мой вінагрозьнік у мяне пры сабе. Тысяча хай табе, Саламон, а дзьвесьце — вартуючым плады яго.

«О ты, якая жывеш у садах, сябры слухаюць, дай і мне пачуць голас твой».
 
Жыхарка садоў! таварышы прыслухаюць голасу твайму, дай і мне паўслухацца яго.

«Уцякай, улюбёны мой, будзь падобны да сарны, да маладога аленя на гарах пахкіх зёлак!»
 
Бяжы, спалюбенча мой! будзь падобны сарне або маладому ялёнку, на горах бальзамічных.