Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Песня з Песняў 8 Песня з Песняў 8 разьдзел

1 «О, каб ты быў братам маім, які смактаў з грудзей маці маёй; каб сустрэла цябе на вуліцы і пацалавала цябе, і ніхто тады не пагардзіў бы мной.
2 Схапіла б я цябе і павяла б у дом маці сваёй; там бы ты вучыў мяне, і дала б я табе чару пахкага віна і хмельнага напою гранатавых яблыкаў маіх.
3 Лявіца яго ў мяне пад галавой, а правіцай ён абдымае мяне».
4 «Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, не будзіце, не падымайце ад сну ўлюбёную, пакуль сама не захоча».
5 «Хто тая, якая надыходзіць з пустыні, абапіраючыся на ўлюбёнага свайго?» «Пад яблыняй абудзіла я цябе; там пачала цябе маці твая, там пачала цябе радзіцелька твая.
6 Пакладзі мяне як пячатку на сэрцы тваім, як пячатку на плячы тваім, бо магутнае, як смерць, каханне, і няўмольная, як пекла, рэўнасць, паходні яе — як паходні агню і Боскага полымя.
7 Вялікія воды не змогуць патушыць каханне, не затопяць яго рэкі; калі б чалавек аддаў усю маёмасць дому свайго за каханне, то быў бы адрынуты з пагардай».
8 «Сястра наша малая і грудзей яшчэ не мае. Што зробім для сястры нашай у дзень, калі трэба будзе гаварыць пра яе?
9 Калі яна мур, то мы пабудуем на ім срэбраныя ўмацаванні, калі яна — дзверы, выкладзем іх дошкамі кедравымі».
10 «Я — мур, і грудзі мае — як вежы, таму я буду ў вачах яго тою, што знайшла супакой.
11 У Саламона быў вінаграднік у Баалхамоне; аддаў ён яго арандатарам, кожны меў плаціць за плод яго тысячу срэбранікаў.
12 Вось жа, перада мною вінаграднік мой; тысячу табе, Саламон, а дзвесце тым, якія вартуюць плады яго».
13 «О ты, якая жывеш у садах, сябры слухаюць, дай і мне пачуць голас твой».
14 «Уцякай, улюбёны мой, будзь падобны да сарны, да маладога аленя на гарах пахкіх зёлак!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Песня з Песняў Саламонава, 8 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017