Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Песня з Песняў 5 Песня з Песняў 5 разьдзел

1 «Хай увойдзе ўлюбёны мой у сад свой і хай пакаштуе найлепшыя плады яго». «Увайшоў я у сад мой, сястра мая, нявеста; збіраў міру маю з пахамі маімі, спажываў соты з мёдам, піў віно з малаком маім. Ежце, сябры, і піце, і насычайцеся, найдаражэйшыя!»
2 «Я сплю, а сэрца маё чувае, [вось,] голас майго ўлюбёнага, які стукае: “Адчыні мне, сястра мая, сяброўка мая, галубка мая, беззаганная мая, бо галава мая ўся ў расе, кучары мае — у кроплях начных!”
3 Сукню маю скінула з сябе, як жа зноў мне надзяваць яе? Памыла ногі мае, як жа зноў брудзіць іх?
4 Улюбёны мой працягнуў руку сваю праз дзірку [у дзвярах], і задрыжэла імгненна нутро маё.
5 Устала, каб адчыніць міламу майму; з рук маіх капала міра, а пальцы мае поўныя міры найкаштоўнейшай над ручкаю засаўкі.
6 Адчыніла ўлюбёнаму майму, але ён павярнуўся і сышоў. Душа мая абамлела, калі ён адышоў. Шукала — і не знайшла яго, гукала — і не адазваўся ён мне.
7 Напаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць кругом горад; збілі мяне і пакалечылі мяне, здзёрлі плашч мой з мяне вартаўнікі муроў.
8 Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма: “Калі спаткаеце ўлюбёнага майго, што скажаце вы яму?” — “Што знемаглася ад кахання”».
9 «Што ёсць у мілага твайго ў параўнанні з іншымі, о найпрыгажэйшая з жанчын? Што ёсць у мілага твайго ў параўнанні з іншымі, што так нас заклінаеш?»
10 «Мой любы белы ды румяны, вылучаецца сярод тысяч.
11 Галава яго — найчысцейшае золата, кучары яго — як галіны пальмаў, чорныя, як крук.
12 Вочы яго — як галубы над струменем водаў, што, памытыя ў малацэ, над струменем паўнаводным сядаюць.
13 Шчокі яго — як кветнікі водараў, грудкі пахаў паблізу раўнюткіх ручаёў; вусны яго — лілеі, з якіх сцякае найлепшая міра.
14 Рукі яго — вальцы залатыя, поўныя гіяцынтаў; жывот яго — разьба з косці слановай, што выкладзена сапфірамі.
15 Ногі яго — мармуровыя калоны, якія пастаўлены на залатых падножжах; выгляд яго падобны да Лібана, узнёслы, нібы кедры.
16 Вусны яго салодкія, і ўвесь ён прывабны. Такі вось улюбёны мой, і такі вось сябар мой, дочкі Ерузаліма».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Песня з Песняў Саламонава, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017