Біблія » Пераклады » Пераклад Вацлава Ластоўскага

Песьні Песьняў 5 Песьні Песьняў 5 разьдзел

1 Я прыйшоў у сад мой, сястра мая, заручніца; набраў мірры маей з добрапахнасьцямі маімі, еў скрылі з мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Спажывайце, прыяцелі, пійце і насілкуйцеся, мілыя!
2 Я сплю, а сэрца мае чуткуе, і, во, голас спалюбенца майго, ён стукаецца: адчыні мне, сястра мая, спалюбеніца, галубіца мая, чыстая мая! галава бо мая лакрыта расою, валасы мае начной авалогаю.
3 Я ўжо хітон мой зьняла; як-жа мне ізноў апранаць яго? я ногі памыла мае; як-жа мне апарушыць іх?
4 Спалюбенец мой працягнуў руку сваю цераз шчэліну, і лона маё скаланулася да яго.
5 От устала я, адчыніць спалюбенцу майму, мірра капала з рук маіх, з пальцаў маіх расілася мірра на засоўшцы.
6 Адчыніла я спалюбенцу майму, а ён, спалюбенец мой, абярнуўся, пайшоў. Душа замірала ва мне, калі ён гаварыў; шукала я незнаходзячы яго, і ён не адгукаўся мне.
7 Сустрэлі мяне старожы, што ходзяць па месьце, білі мяне, ранілі мяне; зьнялі з мяне хусты, тыя што сьцен пілнавалі.
8 Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія! калі вы стрэнеце спалюбенца майго, што скажаце вы яму? Я-ж млею з любові.
9 Чым спалюбенец твой лепшы за другіх юнакоў, прыгажэйшая спаміж жанок? Чым спалюбенец твой лепшы за другіх, што ты заклінаеш нас гэтак?
10 Спалюбенец мой белы й румяны, лепшы чым дзесяць тысяч другіх:
11 галава яго золата чыстае! валасы яго курчавыя, смольна-чорныя;
12 вочы яго — як галубы пры патоках водных, купаюцца ў млеку, сядзяць у здавольстве;
13 шчокі яго — квятнік добрапахны, лехі пахучых расьцін! вусны яго — ліліі, выліваюць плывучую мірру;
14 рукі яго зьліткі залатыя, шмарагдамі аздобленыя; лона яго — як рэзьба са слановай косьці, асаджаная шафірамі;
15 голені яго як стаўбы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя астоі; выгляд яго падобны Лібану, постаць як кедры;
16 вусны яго — соладзь, і ўвесь ён каханьне. От хто спалюбенец мой, от, хто прыяцель мой, дочкі Іерузалімскія.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Песьні Песьняў, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.