Біблія » Пераклады » Пераклад Вацлава Ластоўскага

Песьні Песьняў 2 Песьні Песьняў 2 разьдзел

1 Я нарцыз Саронскі, лілія далін!
2 Як лілія паміж церняў, так спалюбеніца мая паміж дзевамі.
3 Як яблыня паміж дрэўлесавых, так спалюбенец мой паміж юнакамі. Пад засьцю яе люблю я сядзець, і плады яе салодкі паднябеньню майму.
4 Увёў мяне ён у бясёдны дом, і любоў яго, бытцам сьцяг яго надамною.
5 Пасілкуйце мяне віном, аспатольце мяне яблыкамі, бо я млею з любові.
6 Левая рука яго ў мяне пад галавой, а правая абыймае мяне.
7 Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія, сарнамі і дзікімі козамі, не будзіце і не трывожце спалюбеніцы маей, пакуль яна схоча.
8 Голас спалюбенца майго, вось ён ідзе, бяжыць па горах, скача цераз узгорачкі.
9 Прыяцель мой падобен да сарны ці маладога ялёнка. От, ён стаіць у нас за сьцяною, пазірае ў вакно, відаць яго цераз крату.
10 Спалюбенец мой прамаўляе мне: ўстань, спалюбеніца мая, прыгажуня мая, выйдзі!
11 От зіма прайшла ўжо; дажджы прамінулі, і ўшчуклі;
12 краскі красуюць на зямлі; час пяяньня настаў, і голас сынагорліцы чуцен у нашай старонцы;
13 смакаўніцы бросьцю пакрыліся і вінныя лозы заквітаючы пахнуць. Устань спалюбеніца мая, устань прыгажуня мая, выйдзі!
14 Галубіца мая ў скальным разломе пад каменным дахам! Пакажы мне аблічча тваё, дай мне пачуці голас твой, таму, што голас твой салодкі і аблічча тваё прыемнае.
15 Лавеце нам лісіц і лісят, каторыя псуюць вінагрозьнікі, бо вінагрозьнікі нашы ўжо ў квеце.
16 Спалюбенец мой прыналежыць мне, а я яму прыналежу; ён пасе паміж ліліямі.
17 Дакуль дзень дыша прахалодаю і ўцякаюць цені, вярніся, будзь падобны сарне ці маладому ялёнку на распадзінах гор.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Песьні Песьняў, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.