Біблія » Пераклады » Пераклад Вацлава Ластоўскага

Песьні Песьняў 7 Песьні Песьняў 7 разьдзел

1 Азірніся, азірніся, Суламіта! азірніся, азірніся, — хай і мы спазірнем на цябе. Што вам глядзець на Суламіту, як на карагод Манаімскі?
2 О, як харошы ногі твае ў сандалах, дачка добрародная! Круглаці бёдраў тваіх як каралі, выраб рук мастака умелага.
3 Лона тваё — круглая чара, ў якой не стушчаецца віно пахнотнае; чэраслы твае — сноп пшанічны, ліліямі аквечаны;
4 двоя персяў тваіх як двоя ягнятак, блізняцоў сарны;
5 шыя твая, як башта з косьці слановай; вочы твае як ставы Эсэонскія, што пры браме Бэтрабімскай; нос твой — вежа Лібанская, зьвернутая к Дамашку;
6 галава твая на табе, як Кармэль, і валасы на галаве тваей як пурпура; валадар абварожан валасамі тваімі.
7 Як ты прыгожа, як панадна, спалюбеніца, тваім мілым выглядам.
8 Стан твой падобен да пальмы, і персі твае як вінныя грозьдзі.
9 Падумаў я: ўзьпяцца бы на пальму, ухапіціся-бы за галіны яе; і персі твае былі-бы замест вінных грозьдзяў, водар ад ноздраў тваіх, як ад яблыкаў;
10 вусны твае як найлепшае віно. Яно плыве проста да прыяцеля майго, асалоджуе вусны спатоленых.
11 Я прыналежу прыяцелю майму, і да мяне зьвернута пажадлівасьць яго.
12 Прыдзі, спалюбенча мой, выйдзем у поле, ў вёсках пабудзем;
13 раніцай пойдзем у вінагрозьнікі, паглядзімо, ці распукліся вінныя лозы, ці распусьціліся пукалкі, ці зацьвілі гранатныя яблыні, там я акажу табе мілаваньне маё,
14 Мандрагоры пусьцілі ўжо водар, і каля дзьвярэй нашых усякія выборныя плады, новыя і старыя; гэта захавала я табе, мой спалюбенча!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Песьні Песьняў, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.