Біблія » Пераклады » Пераклад Вацлава Ластоўскага

Песьні Песьняў 1 Песьні Песьняў 1 разьдзел

1 Цалуй мяне цалаваньнем вусн сваіх! Бо мілаваньне тваё лепш чым віно.
2 Ад добрапахнасьці масьцяў тваіх імя тваё, як разьлітая мірра; дзеля гэтата дзевы любяць цябе.
3 Пацягні мяне, пабяжымо за табою; — валадар увёў мяне ў харомы свае, — будземо захватвацца і радавацца табою, выхваляць мілаваньне тваё больш чым віно; годна любяць цябе!
4 Дочкі Іерузалімскія! цьмяна я, але гожа, як шатры Кідарскія, як запавесы Саламонавы.
5 Не глядзіця на мяне, што я цьмяна, то сонца апаліла мяне: сыны маці маей гнеўны на мяне, пілнаваць сады загадалі мне; — а я ўласнага майго саду не ўпілнавала.
6 Скажы мне, ты, каторага любіць душа мая: дзе пасьвіш ты? дзе спачываеш у поўдзень? нашто-ж мне хадзіці каля стад сяброў тваіх?
7 Калі ты ня ведаеш таго найпрыгажэйшая спаміж жанок, то ідзі сабе сьлядамі авец і пасі ягнят тваіх каля шатроў пастускіх.
8 Кабыліцы ў фараонскай павозцы я прыпадобіў цябе, маю спалюбеніцу.
9 Прыгожы скроні твае пад аздобамі, і шыя твая ў каралях;
10 залатыя прывескі мы паробім табе, са срэбнымі бліскучкамі.
11 Дакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой выдаваў добрапахнасьць сваю.
12 Міртавая ростка — спалюбенец мой, у мяне пры грудзёх маіх прабывае.
13 Як кветка кіпару, спалюбенец мой, у мяне ў садох Энгеданскіх.
14 О, гожая ты, спалюбеніца мая, о як-жа ты гожа! вочы ў цябе галубіныя.
15 О, ты гожы, спалюбенча мой і ласкавы! і ложа ў нас — зеляніна;
16 дому нашага страхою — кедры, стольлю ў нас кіпарысы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Песьні Песьняў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.