Найвышэйшая песьня 1 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Вацлава Ластоўскага

 
 

Найвышэйшая песьня Саламонава. Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі.
 
Цалуй мяне цалаваньнем вусн сваіх! Бо мілаваньне тваё лепш чым віно.

Ад водару мазяў тваіх імя тваё — як разьлітае міра; таму і дзяўчаты цябе кахаюць.
 
Ад добрапахнасьці масьцяў тваіх імя тваё, як разьлітая мірра; дзеля гэтата дзевы любяць цябе.

Надзь мяне! Мы пабяжым за табою; — цар мяне ўвёў у харомы свае! Радавацца і весяліцца будзем з табою; — больш за віно будзем славіць пяшчоты; цябе годнасна любяць!
 
Пацягні мяне, пабяжымо за табою; — валадар увёў мяне ў харомы свае, — будземо захватвацца і радавацца табою, выхваляць мілаваньне тваё больш чым віно; годна любяць цябе!

Ерусалімскія дочкі! Чорная я, прыгажуня сабою, нібы намёты Кідара ці полагі Саламонавыя.
 
Дочкі Іерузалімскія! цьмяна я, але гожа, як шатры Кідарскія, як запавесы Саламонавы.

Не зважайце на смугласьць маю; гэта сонца мяне апаліла: сыны маёй маці ўгневаліся на мяне, — вінаграднікі вартаваць мне казалі, — свайго вінаградніка я не ўпільнавала.
 
Не глядзіця на мяне, што я цьмяна, то сонца апаліла мяне: сыны маці маей гнеўны на мяне, пілнаваць сады загадалі мне; — а я ўласнага майго саду не ўпілнавала.

Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?
 
Скажы мне, ты, каторага любіць душа мая: дзе пасьвіш ты? дзе спачываеш у поўдзень? нашто-ж мне хадзіці каля стад сяброў тваіх?

Калі гэтага ты ня знаеш, найпрыгажэйшая краска-дзяўчына, дык ідзі па авечых сьлядах і пасьві свае казьляняткі каля буданоў пастушыных.
 
Калі ты ня ведаеш таго найпрыгажэйшая спаміж жанок, то ідзі сабе сьлядамі авец і пасі ягнят тваіх каля шатроў пастускіх.

З кабыліцаю з фараонавай калясьніцы параўнаў я цябе, каханая.
 
Кабыліцы ў фараонскай павозцы я прыпадобіў цябе, маю спалюбеніцу.

Прыгожыя шчокі твае пад падвескамі, шыю тваю аздабляюць каралькі;
 
Прыгожы скроні твае пад аздобамі, і шыя твая ў каралях;

зробім табе залатыя падвескі са срэбнымі іскрамі.
 
залатыя прывескі мы паробім табе, са срэбнымі бліскучкамі.

Пакуль цар за сталом весяліўся, мой народ разьліваў пахошчы.
 
Дакуль валадар быў за сталом сваім, нард мой выдаваў добрапахнасьць сваю.

Мне мой мілы — як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях,
 
Міртавая ростка — спалюбенец мой, у мяне пры грудзёх маіх прабывае.

мне мой мілы — як скрыпеню гронка ў мяне ў вінаградніках Эн-гэдзі.
 
Як кветка кіпару, спалюбенец мой, у мяне ў садох Энгеданскіх.

Якая прыгожая ты, каханая! якая прыгожая ты! Твае вочы — дзьве галубіцы!
 
О, гожая ты, спалюбеніца мая, о як-жа ты гожа! вочы ў цябе галубіныя.

Які ты прыгожы, мой любы, які ты ласкавы, і ложак наш — зелень;
 
О, ты гожы, спалюбенча мой і ласкавы! і ложа ў нас — зеляніна;

стрэхі дамоў нашых — кедры, столі іх — кіпарысы.
 
дому нашага страхою — кедры, стольлю ў нас кіпарысы.