Найвышэйшая песьня 6 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Вацлава Ластоўскага

 
 

Куды ж ён пайшоў, твой каханы, жанчына, краса, прыгажуня? Куды ж ухіліўся твой любы, — пашукаем яго з табою!
 
Куды пайшоў спалюбенец твой, прыгажэйшая спаміж жанок? куды зьвярнуўся спалюбенец твой? мы шукаць-імем яго з табою.

Мой каханы ў сад твой спусьціўся, да градак духмяных, каб пасьвіць у садзе і лілеі зьбіраць.
 
Спалюбенец мой пайшоў у сад свой, ў кветнікі добрапахныя, каб пасьвіць у садох і зьбіраці ліліі,

Адданы мой любы мне, а я — яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.
 
Я прыналежу спалюбенцу майму, а спалюбенец мой — мне; ён пасе паміж ліліямі.

Прыгожая ты, каханая, нібы Тырца, харошая, як Ерусалім, грозная, нібы полк са сьцягамі!
 
Прыгожа ты, спалюбеніца мая, як Тырса, міла як Іерузалім, грозна як войскі пад сьцягамі.

Адвядзі ад мяне свае вочы, бо яны хвалююць мяне.
 
Адклані вочы твае ад мяне, таму што яны непакояць мяне.

Твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх; твае зубы — як статак авечак, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай,
 
Валасы твае як стада коз, што зыходзяць з Галааду; зубы твае як стада авечак, што выходзяць з купелі, ў кождай з іх пара ягнятак, і бязплоднай няма паміж імі;

як палавінкі граната, шчочкі твае — пад кудзеркамі тваімі.
 
як палавінкі гранатнага яблыка — шчокі твае пад валасамі тваімі.

Ёсьць шэсьцьдзясят царыц і восемдзесят наложніц і безьліч — дзяўчат;
 
Есьць шэсцьдзесят гаспадарынь і восемдзесят наложніц, і дзяўчат бяз ліку,

ды адна яна, беспахібная, чыстая горлінка; адна яна — дачка ясная ў мацеркі роднай — пагначана ласкаю маці. Убачылі гэта сяброўкі і пахвалілі яе, царыцы і наложніцы — і пахвалілі яе.
 
але адзіная яна, галубіца мая, чыстая мая; адзіная яна ў маці сваей, адрожненая ў радзіцелькі сваей. Убачылі яе дзевы, і вывыжшалі яе, і гаспадарыні выслаўлялі яе.

Хто гэта ўзыходзіць, быццам зара, прыгожая, быццам месячык, ясная, нібы сонейка, грозная, нібы полк са сьцягамі?
 
А хто то бліскучая як заранка, прыгожая, як месік, сьветлая, як сонца, грозная, як войскі пад сьцягамі?

Я спусьціўся ў арэхавы сад паглядзець на ўсходы ў даліне, паглядзець, ці лаза зелянее, гранаты ці зацьвілі?
 
Я зыйшла ў сад арэхавы паглядзець на зелень даліны, паўзірацца, ці распукліся вінныя лозьт, ці зацьвілі гранатныя яблыні?

Ня ведаю, як душа мая вабіла вяльможаў з народу майго.
 
Ня ведаю, чаму душа мая цягнула мяне да калясьніц знатных народу майго.