Найвышэйшая песьня 4 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Вацлава Ластоўскага

 
 

Якая прыгожая ты, каханая, прыгожая ты! Вочы твае — галубіцы пад кудзеркамі тваімі; твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх,
 
О, ты, прыгожа, спалюбеніца мая, як ты прыгожа!

твае зубы — як стрыжаныя авечкі, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай;
 
Зубы твае, як стада стрыжаных авечак, што выходзяць з купелі, ў кождай з іх пара ягнят, і бязплоднай няма паміж імі:

як чырвоная стужка — губы твае, і любасныя твае вусны; як палавінкі граната — шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі;
 
як стуга чырвоная губа твая, і вусны твае прыемны; як палавінкі гранатовага яблыка — шчокі твае пад валасамі;

як Давідава вежа — шыя твая, узьнесеная ўгору, тысячай шчытоў увешаная, — а ўсе шчыты — дужых.
 
шыя твая, як башта Давідава, будаваная на збройню, тысяча шчытоў вісяць на ей, — а ўсё шчыты сільных;

Грудзі твае — як двайняткі юнае сарны, пасуцца яны між лілеямі.
 
двое персяў тваіх, як блізьняты маладой сарны, што пасьвяцца паміж ліліямі.

Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, я ўзыду на пагорак міравы, на гару фіміямную.
 
Дакуль дзень тхне прахалодаю, і ўцякаюць цені, пайду я на гару мірровую і на ўзгорак цімьянны.

Уся ты прыгожая, любасьць мая, і няма на табе заганы!
 
Уся ты прыгожа, спалюбеніца мая, і сказы няма ў табе!

Са мною зь Лівана, нявеста, са мною зь Лівана прыйдзі! Зірні зь вяршыні Аманы, зь вяршыні Сэніра, з Хэрмона, ад ільвіных пячораў і з барсавых гор!
 
Самной з Лібану, заручніца! самной ідзі з Лібану! пасьпяшай з вершадзі Аману, з вершадзі Саніру і Гармона, ад мярлогаў львовых, ад гор леапардавых!

Паланіла ты сэрца маё, сястрыца, нявеста, паланіла ж ты сэрца маё адным паглядам вачэй, пацеркамі аднымі на шыйцы тваёй.
 
Апалоніла ты сэрца маё, сястра мая, заручніца! апалоніла ты сэрца маё толькі поглядам вачэй тваіх, толькі каралямі шыі тваей.

Якія пяшчотныя ласкі твае, сястрыца, нявеста, о, як намнога ласкі твае лепшыя за віно, і водар мазяў тваіх лепшы за ўсе бальзамы!
 
О, як люба мілаваньне тваё, сястра мая, заручніца! О, як многа мілаваньне тваё лепш чым віно, а добрапахнасьць масьцяў тваіх лепш за ўсе водары!

Сотавы мёд цякучы — губы твае, нявеста, мёд, малако пад тваім языком, і водар адзежы тваёй, як духмянасьць Лівана.
 
Мёд скрылісты капле з вусн тваіх, заручніца; мёд і млека пад языком тваім, і водар шат тваіх падобен водару Лібану!

Зачынены сад, сястрыца, нявеста, зачынены сад, запячатаная крыніца:
 
Зачынены сад — сястра мая, заручніца, замкнутая студня, запячатаная крыніца;

зарасьнікі твае — гранатавы гай з сакавітымі пладамі, кіперы з нардамі,
 
расаднікі твае — сад з гранатовымі яблыкамі, і выборныаді пладамі кіпару з нардам,

нард і шафран, аер і карынка, расьліны духмяныя, міра, альяс і найлепшы бальсан;
 
нард і шафран, аір і цынамон з усякімі добрапахнымі дрэвамі, мірра і алеос са ўсякімі лепшымі пахмяцямі!

калодзеж садоў — крыніца з жывою вадою, і крыніцы зь Лівана!
 
садовая крыніца, студня вод жывых і руччы Лібанскія.

Паўстань, паўстань, вецер сіберны, прыйдзі вецер з поўдня, падзьмі, вецер, на сад мой, хай разьліецца водар яго! — Хай увойдзе мой любасны ў сад свой, хай скаштуе пладоў сакавітых.
 
Узьвей ветру з поўначы і падыхні з поўдня, ўзьвей на сад мой, хай паліюцца водары яго! Хай прыйдзе спалюбенец мой у сад свой і спажывае плады яго салодкія.