Найвышэйшая песьня 4 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Якая прыгожая ты, каханая, прыгожая ты! Вочы твае — галубіцы пад кудзеркамі тваімі; твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх,
О, ты пазорная, прыяцелка мая, о, ты пазорная! вочы твае галубіныя спад вэлену твайго; валасы твае, як стада козаў, што скаўзаюць із гары Ґілеадзкае;
твае зубы — як стрыжаныя авечкі, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай;
Зубы твае, як стада астрыжаных авец, што вышлі з мыцельніку, з каторых у кажнай блізьняты, а бясплоднае памеж іх няма;
як чырвоная стужка — губы твае, і любасныя твае вусны; як палавінкі граната — шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі;
Вусны твае, як ніта шкарлату, і мова твая харошая; як скрыль гранатовага яблыка, віскавіцы твае пад вэленам тваім;
як Давідава вежа — шыя твая, узьнесеная ўгору, тысячай шчытоў увешаная, — а ўсе шчыты — дужых.
Шыя твая, як вежа Давідава, збудаваная да зброі; тысяча шчытоў вісіць на ёй, усі шчыты дужасілаў.
Грудзі твае — як двайняткі юнае сарны, пасуцца яны між лілеямі.
Дзьве пелькі твае, як двое алянят, як блізьняты лані, што пасьвяцца меж ліляў.
Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, я ўзыду на пагорак міравы, на гару фіміямную.
Пакуль дзень дыхае, і ўцякаюць сьцені, я пайду на гару міровую й на ўзгорак кадзіла.
Уся ты прыгожая, любасьць мая, і няма на табе заганы!
Уся ты пазорная, прыяцелка мая, і заганы няма ў табе.
Са мною зь Лівана, нявеста, са мною зь Лівана прыйдзі! Зірні зь вяршыні Аманы, зь вяршыні Сэніра, з Хэрмона, ад ільвіных пячораў і з барсавых гор!
З імною зь Лібану, княгіня маладая, з імною зь Лібану йдзі; глянь зь верху Аману, зь верху Сэніру а Гэрмону, з логваў лявіных, з гор леопардавых!
Паланіла ты сэрца маё, сястрыца, нявеста, паланіла ж ты сэрца маё адным паглядам вачэй, пацеркамі аднымі на шыйцы тваёй.
Апаланіла сэрца мае ты, сястра мая, княгіня маладая; апаланіла сэрца мае ты адным із аччу сваіх, аднымі з краляў навокал шыі свае.
Якія пяшчотныя ласкі твае, сястрыца, нявеста, о, як намнога ласкі твае лепшыя за віно, і водар мазяў тваіх лепшы за ўсе бальзамы!
Якая харошая любосьць твая, сястра мая, княгіня маладая! як шмат лепшая любосьць твая за віно і пах масьцяў тваіх за ўсе пахнючае карэньне.
Сотавы мёд цякучы — губы твае, нявеста, мёд, малако пад тваім языком, і водар адзежы тваёй, як духмянасьць Лівана.
Наўзавы мёд капае з вуснаў тваіх, княгіня маладая; мёд а малако пад языком тваім, і пах адзецьцяў тваіх, як пах ізь Лібану.
Зачынены сад, сястрыца, нявеста, зачынены сад, запячатаная крыніца:
Замкнёны сад — сястра мая, княгіня маладая, замкнёная студня, запячатаванае жарало.
зарасьнікі твае — гранатавы гай з сакавітымі пладамі, кіперы з нардамі,
Галузы твае — із саду гранатовага з дарагога садавіною, кіпрысы з нардамі,
нард і шафран, аер і карынка, расьліны духмяныя, міра, альяс і найлепшы бальсан;
З нардам а шапраном, з пахнючым аірам а цынамонам, з усімі кадзільнымі дзервамі, зь мірам а алёям, з усімі галоўнымі пахнючымі каранямі;
калодзеж садоў — крыніца з жывою вадою, і крыніцы зь Лівана!
Жарало садовае — студня водаў жывых, зь Лібану цякучых.
Паўстань, паўстань, вецер сіберны, прыйдзі вецер з поўдня, падзьмі, вецер, на сад мой, хай разьліецца водар яго! — Хай увойдзе мой любасны ў сад свой, хай скаштуе пладоў сакавітых.
Прачхніся, ветру, з поўначы, і прыйдзі з паўдня, павей на гарод мой, пальлюцца пахі яго. Няхай любовы мой прыйдзе да саду свайго і есьць дарагую садавіну.