Найвышэйшая песьня 7 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Азірніся назад, Шуламянка, азірніся назад — дай сябе ўбачыць! Што вам дзівіцца на Шуламянку, як на карагод Манаімскі?
 
Зьвярніся, зьвярніся, о Шуламіта; зьвярніся, зьвярніся, і мы паглядзім на цябе. Што вы бачыце на Шуламіце? Быццам скокі двух табараў.

Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка знакамітая! Выгін клубоў тваіх, як абруч, што майстар зрабіў;
 
О, якія пазорныя ступы твае ў чаравіках, дачка княская! Кругласьць сьцёгнаў тваіх, як кралі работы рук умелага майстры;

твой пупок — нібы круглая чара па беражок з пахучым віном; твой жывот — гэта горка пшаніцы сярод лілеяў чароўных;
 
Пуп твой — круглая чара, нястачы мешанага віна нямаючая; жывот твой — куча пшонкі, абкладзеная лілямі;

твае грудзі — два казьляняткі, блізьняткі сарны;
 
Дзьве пелькі твае, як двое алянят, блізьнят лані;

твая шыя — вежа з слановае косьці; твае вочы — Эсэвонскія сажалкі каля брамы Бат-рабім; твой нос — як Ліванская вежа на дазоры насупраць Дамаска;
 
Шыя твая, як вежа із сланёвае косьці; вочы твае — азерцы Гэшбонскія, што ля брамы Батрабіму; нос твой, як вежа Лібанская, зьверненая відам да Дамашку;

твая галава — як гара Карміл, і пасмачкі валасоў — як пурпура; цар паланёны кучарамі тваімі.
 
Галава твая на табе, як Карміл, і каслаўкі валасоў на галаве тваёй, як пурпура: кароль апалонены сукрамі.

Якая прыгожая ты, якая панадная, каханка, тваёю вабнасьцю!
 
Якая ты пазорная й якая прыемная ты, каханая, раскошамі сваімі!

Гэты стан твой падобны да пальмы, і грудзі — да вінаградных гронак.
 
Гэты стан твой падобны да пальмы, і пелькі твае да гранак.

Я падумаў: залезу на пальму, я ўхаплюся за вецьце яе — хай будуць грудзі твае замест гронак лазы, і дыханьне тваё будзе — як яблыкі;
 
Сказаў я: узьлезу я на пальму, схаплюся за галузы яе; і хай будуць пелькі твае, як гранкі вінныя, і пах носу твайго, як яблыкаў;

і вусны твае — як віно залатое! Цячэ яно ў рот каханаму, асалоджвае вусны стомленым.
 
Паднябеньне твае, як найлепшае віно: яно цячэць гладка любоваму, прычыняючы гукаць вусны сьпячых.

Належу я міламу другу, і мяне ён жадае.
 
Я любовага майго, і да мяне — жаданьне ягонае.

Прыйдзі, любасны, выйдзем у поле, пабудзем у вёсках;
 
Хадзі, любовы мой, пайдзіма ў поле, начуйма ў сёлах;

выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты; там я цябе прыгалублю.
 
Устанем рана нараніцы да вінішчаў, паглядзім, ці распукалася вінная розка, ці зьявіўся квет, ці расквіцелі гранатовыя яблыны; там я выкажу табе любосьць сваю.

Мандрагоры пахнуць духмяна, ля варот нашых многа пладоў: сёлетніх і даўнейшых назапасіла я табе, каханы.
 
Мандрагоравыя яблыкі ўжо запахлі, і ля брамы нашае ўсялякая прыемная садавіна; новая й старая: я захавала табе, любовы мой.