Найвышэйшая песьня 5 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Вацлава Ластоўскага

 
 

Увайшоў я ў мой сад, сястрыца, нявеста, сабраў маёй міры з бальзамам, паеў сотаў зь мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Ежце, сяброве, пеце і наядайцеся, родныя!
 
Я прыйшоў у сад мой, сястра мая, заручніца; набраў мірры маей з добрапахнасьцямі маімі, еў скрылі з мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Спажывайце, прыяцелі, пійце і насілкуйцеся, мілыя!

Я сплю, а сэрца маё чувае; вось, голас каханага, які стукаецца: «Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая — абрасілася, мае кучары — ў начной вільгаці».
 
Я сплю, а сэрца мае чуткуе, і, во, голас спалюбенца майго, ён стукаецца: адчыні мне, сястра мая, спалюбеніца, галубіца мая, чыстая мая! галава бо мая лакрыта расою, валасы мае начной авалогаю.

Я хітон свой зьняла — як жа зноў надзяваць мне яго?
 
Я ўжо хітон мой зьняла; як-жа мне ізноў апранаць яго? я ногі памыла мае; як-жа мне апарушыць іх?

Каханы прасунуў руку сваю ў дзьверы, маё цела зайшлося ад радасьці.
 
Спалюбенец мой працягнуў руку сваю цераз шчэліну, і лона маё скаланулася да яго.

Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзьвярах.
 
От устала я, адчыніць спалюбенцу майму, мірра капала з рук маіх, з пальцаў маіх расілася мірра на засоўшцы.

Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала — ён не азваўся.
 
Адчыніла я спалюбенцу майму, а ён, спалюбенец мой, абярнуўся, пайшоў. Душа замірала ва мне, калі ён гаварыў; шукала я незнаходзячы яго, і ён не адгукаўся мне.

Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сьцен гарадскіх сарвалі зь мяне маё покрыва.
 
Сустрэлі мяне старожы, што ходзяць па месьце, білі мяне, ранілі мяне; зьнялі з мяне хусты, тыя што сьцен пілнавалі.

Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: як сустрэнецца вам мой каханы, што яму скажаце вы? Скажэце, што я зьнемагла ад каханьня.
 
Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія! калі вы стрэнеце спалюбенца майго, што скажаце вы яму? Я-ж млею з любові.

Чым мілейшы твой любы за іншых, прыгажуня з усіх прыгажунь? Чым любейшы твой мілы за іншых, што заклінаеш нас?
 
Чым спалюбенец твой лепшы за другіх юнакоў, прыгажэйшая спаміж жанок? Чым спалюбенец твой лепшы за другіх, што ты заклінаеш нас гэтак?

Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы.
 
Спалюбенец мой белы й румяны, лепшы чым дзесяць тысяч другіх:

Галава ў яго — чыстае золата; яго кучары — гронкі пальмавыя, чорныя, быццам вораны,
 
галава яго золата чыстае! валасы яго курчавыя, смольна-чорныя;

вочы ў яго — галубкі пры патоках вады, купаюцца ў малацэ, сядзяць у дагодзе,
 
вочы яго — як галубы пры патоках водных, купаюцца ў млеку, сядзяць у здавольстве;

шчокі ў яго, бы кветкі пахучых расьлін, духмяныя пахі, губы ў яго — лілеі, зь якіх цячэ міра;
 
шчокі яго — квятнік добрапахны, лехі пахучых расьцін! вусны яго — ліліі, выліваюць плывучую мірру;

рукі ў яго — жазлы залатыя, абсыпаныя тапазамі, жывот у яго — як выява з слановае косьці, абкладзеная сапфірамі,
 
рукі яго зьліткі залатыя, шмарагдамі аздобленыя; лона яго — як рэзьба са слановай косьці, асаджаная шафірамі;

ногі ў яго — слупы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя апоры, абліччам каханы — Ліван, велічны, нібыта кедры.
 
голені яго як стаўбы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя астоі; выгляд яго падобны Лібану, постаць як кедры;

Вусны ў яго — гэта слодыч, і ўвесь ён — уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!
 
вусны яго — соладзь, і ўвесь ён каханьне. От хто спалюбенец мой, от, хто прыяцель мой, дочкі Іерузалімскія.