Найвышэйшая песьня 5 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вацлава Ластоўскага

 
 

«Я ўвайшоў у сад мой, сястра мая, нявеста; зьбіраю міру маю з пахошчамі маімі, ем соты мае з мёдам маім, п’ю віно маё з малаком маім. Ешце, сябры, і піце, і насычайцеся каханьнем!»
 
Я прыйшоў у сад мой, сястра мая, заручніца; набраў мірры маей з добрапахнасьцямі маімі, еў скрылі з мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Спажывайце, прыяцелі, пійце і насілкуйцеся, мілыя!

«Я сплю, а сэрца маё чувае. [Вось,] голас любага майго, які стукае! “Адчыні мне, сястра мая, сяброўка мая, галубка мая, беззаганная мая, бо галава мая ўся ў расе, кучары мае — у кроплях начных!”
 
Я сплю, а сэрца мае чуткуе, і, во, голас спалюбенца майго, ён стукаецца: адчыні мне, сястра мая, спалюбеніца, галубіца мая, чыстая мая! галава бо мая лакрыта расою, валасы мае начной авалогаю.

Адзеньне маё я скінула з сябе, ці [зноў] мне апранаць яго? Памыла ногі свае, ці зноў маю брудзіць іх?
 
Я ўжо хітон мой зьняла; як-жа мне ізноў апранаць яго? я ногі памыла мае; як-жа мне апарушыць іх?

Любы мой працягнуў руку сваю праз адтуліну і задрыжэла ў-ва мне нутро маё.
 
Спалюбенец мой працягнуў руку сваю цераз шчэліну, і лона маё скаланулася да яго.

Я ўстала, каб адчыніць любаму майму; і з рук маіх сьцякала міра, і з пальцаў маіх міра каштоўнае [капала] на клямку засаўкі.
 
От устала я, адчыніць спалюбенцу майму, мірра капала з рук маіх, з пальцаў маіх расілася мірра на засоўшцы.

Я адчыніла любаму майму; але любы мой пайшоў, аддаліўся. Душа мая млела, калі ён прамаўляў. Шукала яго і не знайшла яго, гукала яго і ён не азваўся мне.
 
Адчыніла я спалюбенцу майму, а ён, спалюбенец мой, абярнуўся, пайшоў. Душа замірала ва мне, калі ён гаварыў; шукала я незнаходзячы яго, і ён не адгукаўся мне.

Спаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць горад; зьбілі мяне і паранілі мяне, забралі покрыва маё ў мяне вартаўнікі муроў.
 
Сустрэлі мяне старожы, што ходзяць па месьце, білі мяне, ранілі мяне; зьнялі з мяне хусты, тыя што сьцен пілнавалі.

Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, калі спаткаеце любага майго, што вы скажаце яму? [Скажыце,] што я зьнемаглася ад каханьня».
 
Заклінаю вас, дочкі Іерузалімскія! калі вы стрэнеце спалюбенца майго, што скажаце вы яму? Я-ж млею з любові.

«Чым любы твой мілейшы ад другіх, найпрыгажэйшая з жанчынаў? Чым любы твой мілейшы ад другіх, што ты так заклінаеш нас?»
 
Чым спалюбенец твой лепшы за другіх юнакоў, прыгажэйшая спаміж жанок? Чым спалюбенец твой лепшы за другіх, што ты заклінаеш нас гэтак?

«Любы мой белы і румяны, найлепшы сярод дзясяткаў тысячаў.
 
Спалюбенец мой белы й румяны, лепшы чым дзесяць тысяч другіх:

Галава ягоная — шчырае золата, золата найчысьцейшае, кучары ягоныя — як гронкі фінікаў, чорныя як крумкачы.
 
галава яго золата чыстае! валасы яго курчавыя, смольна-чорныя;

Вочы ягоныя — як галубы над водамі бруістымі, купаюцца ў малацэ, сядзяць над струмянём паўнаводным.
 
вочы яго — як галубы пры патоках водных, купаюцца ў млеку, сядзяць у здавольстве;

Шчокі ягоныя — як кветнік пахошчаў, на якіх растуць зёлкі духмяныя; вусны ягоныя — лілеі, з іх цячэ міра найлепшае.
 
шчокі яго — квятнік добрапахны, лехі пахучых расьцін! вусны яго — ліліі, выліваюць плывучую мірру;

Рукі ягоныя — вальцы залатыя, напоўненыя тапазамі; жывот ягоны — выраб з косьці слановай, выкладзены шафірамі.
 
рукі яго зьліткі залатыя, шмарагдамі аздобленыя; лона яго — як рэзьба са слановай косьці, асаджаная шафірамі;

Ногі ягоныя — слупы з мармуру, пастаўленыя на апоры залатыя; выгляд ягоны — як Лібан, велічны, нібы кедры.
 
голені яго як стаўбы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя астоі; выгляд яго падобны Лібану, постаць як кедры;

Вусны ягоныя — слодыч, і ўвесь ён прывабны. Вось такі любы мой, і вось такі сябар мой, дочкі Ерусалімскія».
 
вусны яго — соладзь, і ўвесь ён каханьне. От хто спалюбенец мой, от, хто прыяцель мой, дочкі Іерузалімскія.