Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Песьня над песьнямі 5 Песьня над песьнямі 5 разьдзел

1 Прышоў я да гароду свайго, сястра мая, княгіня маладая; нарваў міры свае з пахнючымі каранямі сваімі; паеў наўзы свае зь мёдам сваім; напіўся віна свайго з малаком сваім. Ежча, прыяцелі, піце і ўпівайцеся любосьцяй!
2 Я сплю, але сэрца мае чуе. Гук! любовы мой стукае: «Адчыні імне, сястра мая, прыяцелка мая, галуба мая, беззаганная мая, бо галава мая ўся ў расе, сукры мае — у ночнай вогкасьці».
3 Я ськінула адзежыну сваю; як я маю адзяваць яе? я памыла ногі свае; як жа імне пэцкаць іх?
4 Любовы мой выцягнуў руку сваю перазь адтуліну, і нутр мой узрушыўся ў імне.
5 Устала я, каб адамкнуць любоваму свайму, і з рук маіх капала міра, і з палцаў маіх міра сьцякала на клямку замка.
6 Адамкнула я любоваму свайму, але любовы мой шчэз, прайшоў. Дух імне заняло, як ён гукаў; я шукала яго, і не знайшла яго; гукала яго, але ён не адказаў імне;
7 Знайшлі мяне вартаўнікі, кружыняючы па месьце; зьбілі мяне, зранілі мяне; зьнялі зь мяне вопратку сьцерагучыя сьцены.
8 Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія: калі вы знойдзеце любовага майго, што скажаце яму? — Што я хворая зь любові.
9 Чым любовы твой накшы за іншага любовага, найпазарнейшая із жанок? чым любовы твой накшы за іншага любовага, што ты так заклінаеш нас?
10 Любовы мой бялюсенькі а румены, найгалаўнейшы памеж дзесяцёх тысячаў.
11 Галава ягоная — чыстае золата; сукры ягоныя хвалююцца, чорныя, як ґруґан;
12 Вочы ягоныя — як галубы ля цур’ёў водаў, абмытыя малаком, дабрусенька асаджаныя;
13 Шчокі ягоныя — радкі духмяныя, лехі пахнючых расьлінаў; вусны ягоныя — лілі, капаюць цякучую міру;
14 Рукі ягоныя — залатыя кругліцы з усаджанымі топазамі; жывот ягоны — бліскучая сланёвая косьць, абкладзеная шафірамі;
15 Галёнкі ягоныя — мрамарныя стаўпы, пастаноўленыя на подах із найчыстшага золата; выгляд ягоны — як Лібан, выборны, як кедры;
16 Паднябеньне ягонае — саладзіня; і ўвесь ён — любата. Гэта любовы мой, і гэта прыяцель мой, дачкі ерузалімскія!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Песні над Песьнямі Салямонавае, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.