Найвышэйшая песьня 7 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вацлава Ластоўскага
«Агляніся, агляніся, Суламітка, агляніся, агляніся, каб нам прыгледзецца да цябе». «Чаго пазіраеце вы на Суламітку, калі яна танчыць між двух карагодаў?»
Азірніся, азірніся, Суламіта! азірніся, азірніся, — хай і мы спазірнем на цябе. Што вам глядзець на Суламіту, як на карагод Манаімскі?
«Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка князя! Выгін клубоў тваіх — як каралі, што зроблены рукою майстра.
О, як харошы ногі твае ў сандалах, дачка добрародная! Круглаці бёдраў тваіх як каралі, выраб рук мастака умелага.
Улонне тваё — круглая чаша: ніколі не бракуе ў ёй віна мяшанага; жывот твой — як сноп пшаніцы, абстаўлены лілеямі.
Лона тваё — круглая чара, ў якой не стушчаецца віно пахнотнае; чэраслы твае — сноп пшанічны, ліліямі аквечаны;
Грудзі твае — як двое казлят, двайнят сарны.
двоя персяў тваіх як двоя ягнятак, блізняцоў сарны;
Шыя твая — як вежа з косці слановай. Вочы твае — як ставы ў Хесебоне, што каля брамы Бат-Рабім. Нос твой — як вежа Лібана, што звернута супраць Дамаска.
шыя твая, як башта з косьці слановай; вочы твае як ставы Эсэонскія, што пры браме Бэтрабімскай; нос твой — вежа Лібанская, зьвернутая к Дамашку;
Галава твая — як Кармэль, а валасы твае на галаве — як пурпур; валадар ублытаўся ў кучарах.
галава твая на табе, як Кармэль, і валасы на галаве тваей як пурпура; валадар абварожан валасамі тваімі.
Як ты прыгожа і як прывабна, найдаражэйшая, у харастве!
Як ты прыгожа, як панадна, спалюбеніца, тваім мілым выглядам.
Стан твой прыпадобніўся да пальмы, а грудзі твае — вінаградныя гронкі.
Стан твой падобен да пальмы, і персі твае як вінныя грозьдзі.
Я сказаў: “Узлезу на пальму і авалодаю пладамі яе”, і будуць грудзі твае — як гронкі вінаградныя, і пах вуснаў тваіх — як ад яблыкаў.
Падумаў я: ўзьпяцца бы на пальму, ухапіціся-бы за галіны яе; і персі твае былі-бы замест вінных грозьдзяў, водар ад ноздраў тваіх, як ад яблыкаў;
Вусны твае — як найлепшае віно, годнае, каб яго піў улюбёны, каб арашаў вусны і зубы свае».
вусны твае як найлепшае віно. Яно плыве проста да прыяцеля майго, асалоджуе вусны спатоленых.
«Я — для ўлюбёнага свайго, і да мяне — пажаданне яго.
Я прыналежу прыяцелю майму, і да мяне зьвернута пажадлівасьць яго.
Прыйдзі, улюбёны мой, пройдзем на поле, пабудзем за горадам.
Прыдзі, спалюбенча мой, выйдзем у поле, ў вёсках пабудзем;
Раніцаю паспяшаемся да вінаграднікаў і паглядзім, ці цвіце вінаград, ці распусціліся кветкі, ці цвітуць яблыні гранатавыя; там дам я табе сваё каханне.
раніцай пойдзем у вінагрозьнікі, паглядзімо, ці распукліся вінныя лозы, ці распусьціліся пукалкі, ці зацьвілі гранатныя яблыні, там я акажу табе мілаваньне маё,
Мандрагоры разліваюць водар, у брамах нашых усе найлепшыя плады, новыя і старыя, для цябе, мілы мой, захавала я [іх]».
Мандрагоры пусьцілі ўжо водар, і каля дзьвярэй нашых усякія выборныя плады, новыя і старыя; гэта захавала я табе, мой спалюбенча!