Найвышэйшая песьня 8 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
«О, каб ты быў братам маім, які смактаў з грудзей маці маёй; каб сустрэла цябе на вуліцы і пацалавала цябе, і ніхто тады не пагардзіў бы мной.
О, няхай бы ты быў мне братам, маёй мацеркай узгадаваным, — сустракала б цябе за парогам і адкрыта цябе цалавала б, і ніхто мне асуды ня даў бы.
Схапіла б я цябе і павяла б у дом маці сваёй; там бы ты вучыў мяне, і дала б я табе чару пахкага віна і хмельнага напою гранатавых яблыкаў маіх.
Прывяла б я цябе з сабою ў дом мацеркі роднай маёй. Ты вучыў бы мяне, я ж паіла б цябе духмяным віном і сокам з маіх гранатаў!
Лявіца яго ў мяне пад галавой, а правіцай ён абдымае мяне».
Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
«Заклінаю вас, дочкі Ерузаліма, не будзіце, не падымайце ад сну ўлюбёную, пакуль сама не захоча».
Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: ня будзеце, ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама.
«Хто тая, якая надыходзіць з пустыні, абапіраючыся на ўлюбёнага свайго?» «Пад яблыняй абудзіла я цябе; там пачала цябе маці твая, там пачала цябе радзіцелька твая.
Хто там ідзе з пустэльні, абапершыся на каханага? Пад яблыняй я разбудзіў цябе: там цябе нарадзіла маці, там нарадзіла родная.
Пакладзі мяне як пячатку на сэрцы тваім, як пячатку на плячы тваім, бо магутнае, як смерць, каханне, і няўмольная, як пекла, рэўнасць, паходні яе — як паходні агню і Боскага полымя.
Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць — моцнае; рэўнасьць, як пекла — лютая; стрэлы яго — стрэлы вогненныя; яно — полымя непагаснае.
Вялікія воды не змогуць патушыць каханне, не затопяць яго рэкі; калі б чалавек аддаў усю маёмасць дому свайго за каханне, то быў бы адрынуты з пагардай».
Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за любоў, іх адхілілі б з пагардай.
«Сястра наша малая і грудзей яшчэ не мае. Што зробім для сястры нашай у дзень, калі трэба будзе гаварыць пра яе?
Ёсьць у нас сястрыца, малая сястрыца, яшчэ яна грудак ня мае; што рабіць нам зь сястрыцаю нашай, калі прыйдуць сваты да яе?
Калі яна мур, то мы пабудуем на ім срэбраныя ўмацаванні, калі яна — дзверы, выкладзем іх дошкамі кедравымі».
А калі б яна была сьцяною, мы яе ўмацавалі б срэбнымі зубцамі, калі б яна была дзьвярыма — мы іх ашалявалі б кедровымі дошкамі.
«Я — мур, і грудзі мае — як вежы, таму я буду ў вачах яго тою, што знайшла супакой.
Я — сьцяна, і грудзі мае — як вежы; таму ён ува мне знойдзе апору.
У Саламона быў вінаграднік у Баалхамоне; аддаў ён яго арандатарам, кожны меў плаціць за плод яго тысячу срэбранікаў.
Вінаграднік быў у Саламона ў Ваал-Хамоне: варце даверыў ён вінаграднік; кожны плаціў за плады тысячу срэбрам.
Вось жа, перада мною вінаграднік мой; тысячу табе, Саламон, а дзвесце тым, якія вартуюць плады яго».
А мой вінаграднік пры мне. Хай тысяча будзе табе, Саламоне, а дзьвесьце — яго вартавым.
«О ты, якая жывеш у садах, сябры слухаюць, дай і мне пачуць голас твой».
О жыхарка садоў! Сябры чуюць твой голас! Дай і мне паслухаць яго.
«Уцякай, улюбёны мой, будзь падобны да сарны, да маладога аленя на гарах пахкіх зёлак!»
Бяжы, мой каханы; будзь да сарны падобны, да маладога аленя ў бальзамных горах!