Найвышэйшая песьня 8 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі
О, калі б ты быў імне за брата, што ссаў пелькі маці мае! тады б я, стрэўшы цябе на вуліцы, цалавала б цябе, і імною ня грэбавалі б.
О, няхай бы ты быў мне братам, маёй мацеркай узгадаваным, — сустракала б цябе за парогам і адкрыта цябе цалавала б, і ніхто мне асуды ня даў бы.
Павяла б я цябе, прывяла б цябе да дому маці свае. Ты вучыў бы мяне, і я давала б табе піць духмянае віно, сок гранатовых яблыкаў.
Прывяла б я цябе з сабою ў дом мацеркі роднай маёй. Ты вучыў бы мяне, я ж паіла б цябе духмяным віном і сокам з маіх гранатаў!
Левая рука ягоная ў мяне пад галавою, а правая абыймае мяне.
Яго левая — пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.
Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія: не чапайце ані будзіце каханага, пакуль ён ня зыча.
Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: ня будзеце, ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама.
Хто гэта ўзыходзячая з пустыні, што апіраецца на любовага свайго? Пад яблынаю пабудзіла я цябе: там труднілася, родзячы, маці твая, там труднілася тая, што радзіла цябе.
Хто там ідзе з пустэльні, абапершыся на каханага? Пад яблыняй я разбудзіў цябе: там цябе нарадзіла маці, там нарадзіла родная.
Пакладзі мяне, як пячаць, на сэрца свае, як пячаць на руку сваю; бо моцная, як сьмерць, любосьць; цьвярдая, як шэоль, завісьць; жар яе — жар агняны, поламя шугаючае ад яг.
Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць — моцнае; рэўнасьць, як пекла — лютая; стрэлы яго — стрэлы вогненныя; яно — полымя непагаснае.
Вялікія воды ня могуць загасіць любосьці, і рэкі не зальлюць яе. Калі б хто даў усе багацьце дому свайго за любосьць то ён быў бы чыста пагрэбаваны.
Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за любоў, іх адхілілі б з пагардай.
Сястра ў нас малая, і пелькаў у яе няма: што мы будзем рабіць ізь сястрою сваёй, як будуць сватацца да яе?
Ёсьць у нас сястрыца, малая сястрыца, яшчэ яна грудак ня мае; што рабіць нам зь сястрыцаю нашай, калі прыйдуць сваты да яе?
Калі б яна была сьцяна, то мы пабудавалі б на ёй вежу із срэбра; калі б яна была дзьверы, то мы ашалявалі б іх кедраваю дошкаю.
А калі б яна была сьцяною, мы яе ўмацавалі б срэбнымі зубцамі, калі б яна была дзьвярыма — мы іх ашалявалі б кедровымі дошкамі.
Я — сьцяна, і пелькі ў мяне, як вежы; затым я была ў ваччу ягоным, як тая, што знайшла супакой.
Я — сьцяна, і грудзі мае — як вежы; таму ён ува мне знойдзе апору.
Вінішча было ў Салямона ў Ваал-Гамоне; ён аддаваў гэна вінішча ляндаром-вартаўніком; кажны меў даваць за плады яго тысяча срэбнікаў.
Вінаграднік быў у Саламона ў Ваал-Хамоне: варце даверыў ён вінаграднік; кожны плаціў за плады тысячу срэбрам.
А мае вінішча ў мяне перад імною. Тысяча хай табе, Салямоне; а дзьвесьце — сьцерагучым плады яго.
А мой вінаграднік пры мне. Хай тысяча будзе табе, Саламоне, а дзьвесьце — яго вартавым.
Жыхарка гародаў! Сяброве слухаюць голас твой, дай і імне паслухаць.
О жыхарка садоў! Сябры чуюць твой голас! Дай і мне паслухаць яго.
Барзьдзі, любовы мой, і будзь ты падобны да сэрны, альбо будзь як аленянё на горах духмяных.
Бяжы, мой каханы; будзь да сарны падобны, да маладога аленя ў бальзамных горах!