Найвышэйшая песьня 3 разьдзел

Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

На ложку сваім ночы шукала я любовага душою маёю; шукала я яго, але не знайшла яго.
 
Я начамі на ложку шукала каханага сэрца майго, я шукала яго, не знайшла.

Устану ж я, пакружыняю па месьце, па таргох а па вуліцах, пашукаю любовага душою маёю; шукала я яго, але не знайшла яго.
 
Устану, і горад увесь абыду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла.

Знайшлі мяне вартаўнікі, кружыняючы па месьце: «Ці ня бачылі вы любовага душою маёю?»
 
Сустрэлі мяне вартавыя, што па горадзе йшлі дазорам: «Ці бачылі вы, каго сэрцам кахаю?»

Крыху мінуўшы іх, якга знайшла я любовага душою маёю; ухапілася за яго й не адпусьціла, пакуль не прывяла яго да дому маці свае і да пакою тае, што зачала мяне.
 
Толькі я іх мінула, як знайшла, каго сэрцам кахаю; прывяла яго ў дом сваёй маці, у сьвяцёлку роднае маці сваёй.

Заклінаю вас, дачкі ерузалімскія, сэрнамі й палявымі ланямі: не чапайце ані будзеце каханага, пакуль ён ня зыча.
 
Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!

Хто гэта ўзыходзе з пустыні, як стаўпы дыму, акураваная мірам а кадзілам, усялякімі парашкамі прадаўніковымі?
 
Хто там выходзіць з пустэльні, нібыта слуп дыму, хто там акураны мірай, пахошчамі і фіміямамі ўсякімі?

Во ложак ягоны, Салямонаў, шасьцьдзясят дужасілаў навокал яго, найдужшых ізраельскіх;
 
Вось Саламонаў ложак: шасьцьдзясят мужчын навокал яго, дужых мужоў Ізраільскіх.

Усі яны дзяржаць па мячу, дазнаныя ў бітве; у кажнага меч свой ля сьцягна дзеля жахаў ночных.
 
І кожны мечам аперазаны, кожны навучаны біцца; у кожнага меч пры баку дзеля страху начнога.

Нашэльны ложак зрабіў сабе кароль Салямон зь дзерваў лібанскіх;
 
Паланкін зрабіў сабе цар з дрэваў Ліванскіх,

Стаўпцы яго зрабіў ён із срэбра, поручні яго із золата; накрыцьце яго з пурпуры; ўнутры ён усланы любосьцяй дачок ерузалімскіх.
 
слупцы ў ім зрабіў са срэбра, більцы з золата, а з пурпуры падушка; а ўсярэдзіне ўслалі любоўна Ерусалімскія дочкі.

Выйдзіце й гляньце, дачкі сыёнскія, на караля Салямона ў кароне, каторага ўкаранавала яго маці ягоная, у дзень вясельля ягонага і ў дзень радасьці сэрца ягонага.
 
Выходзьце, дзяўчаты, на цара Саламона зірнеце, дочкі Сіёнскія, на вянок, якім яго маці ў дзень вясельля ўвянчала, у дзень радасьці сэрца ягонага.