Найвышэйшая песьня 3 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
«На ложку маім уначы я шукала таго, якога кахае душа мая; шукала яго і не знайшла.
Я начамі на ложку шукала каханага сэрца майго, я шукала яго, не знайшла.
“Устану і буду кружляць па горадзе, па вуліцах і па плошчах. Буду шукаць таго, якога кахае душа мая”. Шукала яго і не знайшла.
Устану, і горад увесь абыду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла.
Спаткалі мяне вартаўнікі, якія абыходзяць горад. “Ці ня бачылі вы таго, якога кахае душа мая?”
Сустрэлі мяне вартавыя, што па горадзе йшлі дазорам: «Ці бачылі вы, каго сэрцам кахаю?»
Ледзь мінула іх, спаткала таго, якога кахае душа мая, схапіла яго і не пушчу, аж пакуль не завяду яго ў дом маці маёй, у пакой той, якая нарадзіла мяне».
Толькі я іх мінула, як знайшла, каго сэрцам кахаю; прывяла яго ў дом сваёй маці, у сьвяцёлку роднае маці сваёй.
«Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, сарнамі і ланямі палявымі, не будзіце, не падымайце каханую, пакуль сама не захоча».
Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!
«Хто яна, якая выходзіць з пустыні як слупы дыму, духмяная мірам і кадзілам, і ўсякімі водарамі, [што прывозяць] гандляры.
Хто там выходзіць з пустэльні, нібыта слуп дыму, хто там акураны мірай, пахошчамі і фіміямамі ўсякімі?
Вось ложак Салямона. Шэсьцьдзясят волатаў вакол яго, з волатаў Ізраіля.
Вось Саламонаў ложак: шасьцьдзясят мужчын навокал яго, дужых мужоў Ізраільскіх.
Усе яны трымаюць мячы, спраўныя ў вайне, кожны мае меч пры боку сваім супраць страхаў начных.
І кожны мечам аперазаны, кожны навучаны біцца; у кожнага меч пры баку дзеля страху начнога.
Драгі зрабіў для сябе валадар Салямон з дрэва Лібанскага;
Паланкін зрабіў сабе цар з дрэваў Ліванскіх,
слупкі іхнія зрабіў са срэбра, прыслон — з золата, сядзеньне ягонае — з пурпуру. Сярэдзіна іхняя выслана каханьнем дачок Ерусалімскіх».
слупцы ў ім зрабіў са срэбра, більцы з золата, а з пурпуры падушка; а ўсярэдзіне ўслалі любоўна Ерусалімскія дочкі.
«Выйдзіце і паглядзіце, дочкі Сыёну, на валадара Салямона ў кароне, якой укаранавала яго маці ягоная ў дзень заручынаў ягоных, у дзень радасьці сэрца ягонага».
Выходзьце, дзяўчаты, на цара Саламона зірнеце, дочкі Сіёнскія, на вянок, якім яго маці ў дзень вясельля ўвянчала, у дзень радасьці сэрца ягонага.