Найвышэйшая песьня 6 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
«Куды пайшоў любы твой, найпрыгажэйшая з жанчынаў? Куды дзеўся любы твой? Мы будзем шукаць яго з табою».
Куды ж ён пайшоў, твой каханы, жанчына, краса, прыгажуня? Куды ж ухіліўся твой любы, — пашукаем яго з табою!
«Любы мой пайшоў у сад свой, у кветнік пахошчаў, каб пасьвіць у садах і каб зьбіраць лілеі.
Мой каханы ў сад твой спусьціўся, да градак духмяных, каб пасьвіць у садзе і лілеі зьбіраць.
Я [належу] любаму майму, а любы мой — мне, ён пасьвіць сярод лілеяў».
Адданы мой любы мне, а я — яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.
«Прыгожая ты, сяброўка мая, як Тырца, прывабная як Ерусалім, грозная як полк са сьцягамі.
Прыгожая ты, каханая, нібы Тырца, харошая, як Ерусалім, грозная, нібы полк са сьцягамі!
Адвярні вочы твае ад мяне, бо яны хвалююць мяне. Валасы твае — як чарада козаў, якія зыходзяць з Гілеаду.
Адвядзі ад мяне свае вочы, бо яны хвалююць мяне.
Зубы твае — як чарада стрыжаных авечак, якія выходзяць з купаньня; у кожнай пара ягнятаў, і няплоднай няма сярод іх.
Твае валасы — нібы козак чародка, што зьбягае з гор Галаадскіх; твае зубы — як статак авечак, што з купальні выходзяць, кожная зь іх прывяла двайнятак, і няма сярод іх бясплоднай,
Як палова яблыка гранатовага шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі.
як палавінкі граната, шчочкі твае — пад кудзеркамі тваімі.
Ёсьць шэсьцьдзясят валадарак, і восемдзясят наложніц, і дзяўчат бяз ліку,
Ёсьць шэсьцьдзясят царыц і восемдзесят наложніц і безьліч — дзяўчат;
але адзіная ты, галубка мая, дасканалая мая, адзіная ў маці сваёй, чыстая ў той, якая нарадзіла цябе. Убачылі яе дзяўчаты, і назвалі шчасьлівай, [убачылі] валадаркі і наложніцы, і хвалілі яе:
ды адна яна, беспахібная, чыстая горлінка; адна яна — дачка ясная ў мацеркі роднай — пагначана ласкаю маці. Убачылі гэта сяброўкі і пахвалілі яе, царыцы і наложніцы — і пахвалілі яе.
“Хто ж гэта, якая выходзіць як заранка, прыгожая як месяц, ясная як сонца, грозная як полк са сьцягамі?”»
Хто гэта ўзыходзіць, быццам зара, прыгожая, быццам месячык, ясная, нібы сонейка, грозная, нібы полк са сьцягамі?
«Я зыйшла ў сад арэхавы, каб паглядзець на зеляніну пры ручаі, каб паглядзець, ці квітнее вінаград, ці ў квецені дрэвы гранатовыя.
Я спусьціўся ў арэхавы сад паглядзець на ўсходы ў даліне, паглядзець, ці лаза зелянее, гранаты ці зацьвілі?
Не заўважыла душа мая, як пасадзілі мяне ў калясніцу магната народу майго».
Ня ведаю, як душа мая вабіла вяльможаў з народу майго.