Найвышэйшая песьня 7 разьдзел
Найвышэйшая песьня Саламонава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
«Агляніся, агляніся, Шуламянка, агляніся, агляніся, і мы паглядзім на цябе». «Што вы глядзіце на Шуламянку, нібы на танец двух карагодаў?»
Азірніся назад, Шуламянка, азірніся назад — дай сябе ўбачыць! Што вам дзівіцца на Шуламянку, як на карагод Манаімскі?
«Якія прыгожыя ногі твае ў сандалах, дачка шляхетная! Выгін клубоў тваіх як аздобны абруч, які зроблены рукою майстра.
Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка знакамітая! Выгін клубоў тваіх, як абруч, што майстар зрабіў;
Улоньне тваё — як чаша круглая, ніколі не забракне ў ёй віна мяшанага; жывот твой — як сноп пшаніцы, абстаўлены лілеямі.
твой пупок — нібы круглая чара па беражок з пахучым віном; твой жывот — гэта горка пшаніцы сярод лілеяў чароўных;
Двое грудзей тваіх — як двое казьлянятаў, блізьнятаў сарны.
твае грудзі — два казьляняткі, блізьняткі сарны;
Шыя твая — як вежа з косьці слановае. Вочы твае — як сажалкі ў Хешбоне, каля брамы Бат-Раббім. Нос твой — як вежа Лібану, што глядзіць у бок Дамаску.
твая шыя — вежа з слановае косьці; твае вочы — Эсэвонскія сажалкі каля брамы Бат-рабім; твой нос — як Ліванская вежа на дазоры насупраць Дамаска;
Галава твая над табою — як Кармэль, а валасы на галаве тваёй — як пурпур. Валадар зьвязаны косамі [тваімі].
твая галава — як гара Карміл, і пасмачкі валасоў — як пурпура; цар паланёны кучарамі тваімі.
Якая ты прыгожая і якая прыемная, каханая, у асалодзе [тваёй]!
Якая прыгожая ты, якая панадная, каханка, тваёю вабнасьцю!
Стан твой [гонкі], як пальма, а грудзі — як гронкі [вінаградныя].
Гэты стан твой падобны да пальмы, і грудзі — да вінаградных гронак.
Я сказаў: “Узьлезу я на пальму і схаплю гронкі яе”, і будуць грудзі твае як гронкі вінаградныя, і пах подыху твайго — як [пах] яблыкаў.
Я падумаў: залезу на пальму, я ўхаплюся за вецьце яе — хай будуць грудзі твае замест гронак лазы, і дыханьне тваё будзе — як яблыкі;
Вусны твае — як віно найлепшае, якое ліецца да любага, асалоджваючы вусны стомленыя».
і вусны твае — як віно залатое! Цячэ яно ў рот каханаму, асалоджвае вусны стомленым.
«Я [належу] любаму майму, і да мяне памкненьне ягонае.
Належу я міламу другу, і мяне ён жадае.
Прыйдзі, любы мой, пойдзем у поле, пераначуем за горадам.
Прыйдзі, любасны, выйдзем у поле, пабудзем у вёсках;
Устанем раніцай, наведаем вінаграднікі, паглядзім, ці заквітнеў вінаград, ці распусьціліся кветкі ці цьвітуць дрэвы гранатовыя, там я дам табе каханьне маё.
выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты; там я цябе прыгалублю.
Мандрагоры разьліваюць водар, у дзьвярах нашых усякія плады адборныя, новыя і старыя, якія я, любы мой, захавала для цябе».
Мандрагоры пахнуць духмяна, ля варот нашых многа пладоў: сёлетніх і даўнейшых назапасіла я табе, каханы.