Ісаі 14 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі
Але пашкадуе Госпад Якуба і зноў абярэ Сабе з Ізраэля, ды ўчыніць, каб яны спачывалі на зямлі сваёй; далучыцца да іх чужынец ды прыстане да дому Якуба.
І блізкі час яго, і не запаволяцца дні ягоныя. Бо памілуе Гасподзь Якава, і зноў палюбіць Ізраіля; і паселіць іх на зямлі іхняй, і далучацца да іх іншаземцы, і прылепяцца да дома Якава.
І прымуць іх народы, і завядуць іх на месца іх; і атрымае іх ва ўласнасць дом Ізраэля на зямлі Госпада як слуг і служанак; і будуць яны паднявольваць тых, хто іх паднявольвалі, і падначаляць прыгнятальнікаў сваіх.
І возьмуць іх народы, і прывядуць на іхняе месца, і дом Ізраіля прыме іх на зямлі Гасподняй рабамі і возьме ў палон тых, што паланілі яго, і запануе над прыгнятальнікамі сваімі.
І будзе гэта ў той дзень, калі Госпад дасць табе супакой па служэнні тваім, па прыгнёце тваім ды па няволі цяжкай, у якой ты раней служыў,
І станецца ў той дзень: калі Гасподзь дасьць табе адпачынак ад скрухі тваёй і ад страху і ад цяжкай няволі, якой ты аддадзены быў,
прамовіш ты гэтую прыпавесць супраць цара Бабілона і скажаш: «Як жа гэта знік прыгнятальнік, скончыўся ўціск?»
і ты запяеш пераможную песьню на цара Вавілонскага, і скажаш: як ня стала катавальніка — спынілася рабаўніцтва!
Паламаў Госпад палку бязбожнікаў, жазло валадароў,
Зламаў Гасподзь кій бязбожных, жазло ўладыкаў,
што калаціла людзей ударамі несупынна, [жазло,] што ў шаленстве падначальвала народы ў бясконцых пераследах.
што пабівала народы ў лютасьці ўдарамі няўхільнымі, у гневе ўладарыў над плямёнамі зь бязьлітаснымі ганеньнямі.
Супакоілася і маўчыць уся зямля, цешыцца і скача.
Уся зямля адпачывае, пакоіцца, усклікае ад радасьці.
Нават елкі цешацца дзеля цябе і кедры лібанскія: «З таго часу, як заснуў ты, ніхто не прыходзіць секчы нас».
І кіпарысы радуюцца за цябе, і кедры ліванскія, кажучы: з таго часу, як ты заснуў, ніхто ня прыходзіць сячы нас.
Апраметная ўстрывожылася з нізоў, сустракаючы прыход твой; абуджае дзеля цябе цені памерлых, усім князям зямным загадала ўзняцца з іх пасадаў, усім валадарам народаў.
Пекла апраметнае ўзрушылася дзеля цябе, каб цябе сустрэць, калі прыйдзеш; разбудзіў дзеля цябе Рэфаімаў, усіх правадыроў зямлі; падняў усіх цароў язычніцкіх з тронаў іхніх.
Усе разам адгукнуцца яны і скажуць табе: «І ты скалечаны, як і мы, падобным стаўся ты да нас».
Усе яны будуць казаць табе: і ты зьнясілеў, як мы! і ты стаў падобны да нас!
Укінута ў пекла пыха твая, і гукі арфаў тваіх. Чарвяк сцелецца пад табою, і покрыва тваё — чэрві.
У апраметную скінута ганарыстасьць твая з усім шумам тваім; пад табой падсьцілаецца чарвяк, і чэрві — покрыва тваё.
Як жа гэта зваліўся ты з неба, святланосны, сыне заранкі? Зрынуты на зямлю ты, які скідваў народы,
Як упаў ты зь неба, дзяньніца, сыне зары! разьбіўся аб зямлю той, хто таптаў народы.
ты, які казаў у сваім сэрцы: «Узнясуся на неба, вышэй за зоры Божыя ўзвышу пасад мой, сядзець буду на гары сходу, на схіле поўначы.
А казаў у сэрцы сваім: узыду на неба, вышэй за зоркі Божыя, узьнясу трон мой і сяду на гары ў гурце багоў, на краі поўначы;
Узыду на вышыню воблакаў, падобны буду да Найвышэйшага».
узыду на вышыні хмарныя, буду падобны на Ўсявышняга.
Ды аднак жа скінуты ты ў пекла, на самае дно ямы!
Але ты скінуты ў пекла, у глыбіні апраметнай.
Тыя, хто ўбачаць цябе, звернуць на цябе ўвагу і пачнуць прыглядацца да цябе: «Ці не той гэта чалавек, які ўстрывожыў зямлю, які страсянуў царствы,
Тыя, хто цябе бачыць, углядаюцца ў цябе, разважаюць пра цябе: ці той гэта чалавек, які хістаў зямлю, патрасаў царствы,
які ўвесь свет зрабіў пустыняю, а гарады яго зруйнаваў, не адкрыў турму для вязняў яго?»
сусьвет зрабіў пустыняю і разбурыў гарады яго, палонных сваіх не адпускаў дадому?
Усе валадары народаў, усе адпачываюць у славе, кожны ў сваёй грабніцы.
Усе цары народаў, усе ляжаць ганарова, кожны ў сваёй усыпальніцы;
А ты выкінуты з сваёй магілы, як абрыдлы парастак, загорнуты разам з тымі, якія забіты мечам і сышлі да каменняў магілы, [ты] — быццам труп патаптаны!
а ты пакінуты за магільніцай сваёй, як пагарджаная галіна, як вопратка забітых, працятых мечам, якіх апускаюць у каменны дол, ты, як здрасаваны труп,
Ты не будзеш мець удзелу з імі ў пахаванні, бо ты спустошыў сваю зямлю, ты загубіў свой народ; не азавецца ў вяках семя ліхадзеяў.
не зьяднаешся зь імі ў магіле; бо ты зьнішчыў зямлю тваю, забіў народ твой; навекі ня ўспомніцца племя ліхадзеяў.
«Падрыхтуйце сыноў яго на зарэзанне праз злачыннасць іх бацькоў; хай не падымуцца, каб не ўспадкаемілі зямлю ды не напоўнілі сусвету людскога».
Рыхтуйце разьню сынам ягоным за беззаконьне бацькі іхняга, каб не паўсталі і не завалодалі зямлёю і не напоўнілі сусьвету супастатамі.
«І паўстану Я супраць іх, — кажа Госпад Магуццяў, — і выгублю імя Бабілона і рэшту, а таксама род і нашчадкаў, — кажа Госпад, —
І паўстану на іх, кажа Гасподзь Саваоф, і вынішчу імя Вавілона і ўсю рэшту — і сына і ўнука, кажа Гасподзь.
і аддам яго ва ўласнасць вожыкаў і на дрыгву, ды вымету яго венікам знішчэння», — кажа Госпад Магуццяў.
І зраблю яго аселінай вожыкаў і балотам, і вымяту яго памялом зьнішчальным, кажа Гасподзь Саваоф.
Прысягнуў Госпад Магуццяў, кажучы: «Сапраўды, як задумаў, так станецца, ды як вырашыў, так здзейсніцца.
Прысягаючы, кажа Гасподзь Саваоф: як Я намысьліў, так і станецца; як Я вызначыў, так і спраўдзіцца,
Сатру Асірыю на Маёй зямлі і стапчу яе на Маіх гарах. Тады будзе скінута з іх ярмо яе ды цяжар яе будзе зняты з іх спіны».
каб сьцерці Асура зь зямлі Маёй і растаптаць яго на горах Маіх; і ападзе зь іх ярмо яго, і здымецца цяжар яго з плячэй іхніх.
Вось рашэнне, якое было прынята адносна ўсёй зямлі, і вось рука, выцягнутая над усімі народамі.
Такая пастанова, прынятая для ўсёй зямлі, і вось рука, узьнесеная над усімі народамі;
Бо Госпад Магуццяў так вырашыў, дык хто ж зможа адмяніць? І рука Яго выцягнута, — дык хто ж яе адверне?
бо Гасподзь Саваоф пастанавіў, і хто можа адмяніць гэта? рука Яго ўзьнесена, — і хто адвядзе яе?
У годзе, у якім памёр цар Ахаз, было зроблена такое прадказанне:
У год сьмерці цара Ахаза было такое прарочае слова:
«Не цешся ты, уся Філістэя, што зламанае жазло карніка твайго, бо з зародка змяі выйдзе васіліск, і семя яго — лятучы дракон.
ня радуйся зямля Філістымская, што зламана жазло, якое біла цябе; бо з кораня зьмяінага выпаўзе асьпід, і плодам яго будзе лятучы дракон.
І будуць пасвіцца першародныя ўбогіх, і бедныя здаверана адпачнуць; і ўчыню Я, што корань твой памрэ ад голаду, і рэшткі твае павынішчу.
Тады бедныя будуць накормлены, і ўбогія будуць пакоіцца ў бясьпецы; а той корань вымару голадам, і ён даб’е рэшту тваю.
Галасі, брама! Крычы, горад! Дрыжы, уся Філістэя! Бо з поўначы нахлынае дым; няма ўцекачоў у дружынах яго.
Галасі, брама! вый голасам, горадзе! Распадзешся ты, уся зямля Філістымская; бо з поўначы дым ідзе, і няма адсталага ў полчышчах іхніх.
І што адкажуць пасланцам паганаў? Гэта Госпад заснаваў Сіён, і ў яго ўцяклі бедныя з Яго народа».
Што ж скажуць весьнікі народныя? — Тое, што Гасподзь заснаваў Сіён, і ў ім знойдуць бедныя з народу Яго.