Ісаі 21 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Прадказанне пра пустыню надморскую. Як віхуры, што пралятаюць праз поўдзень, так ён прыходзіць з пустыні, з зямлі жахлівай.
 
Прароцтва пра пустыню прыморскую. — Як буры на поўдні носяцца, ідзе ён з пустыні, зь зямлі страшнай.

Страшнае бачанне аб’яўлена мне: рабаўнік рабуе, нішчыць нішчыцель. Эламе, выходзь! Мідыя, асаджай! Любому стогну яго пакладу канец.
 
Грозныя відзежы яўлены мне: рабаўнік рабуе, спусташальнік спусташае; выходзь, Эламе, аблажы, Мідзе! усім стогнам я канец пакладу.

Таму сцёгны мае ахоплены дрыжаннем, апанавала мяне пакута, як пакута парадзіхі; я здранцвеў ад таго, што чуў, збянтэжыўся тым, што бачыў.
 
Ад гэтага сьцёгны мае трасуцца; боль сьцяў мяне, як боль парадзіху. Я ўсхваляваны тым, што чую; я зьбянтэжаны тым, што бачу.

Трасецца сэрца маё, страх напаў на мяне; прыцемкі, мною жаданыя, ператварыліся для мяне ў жахі.
 
Сэрца маё трымціць; дрыготка калоціць мяне; радасная ноч мая абярнулася жудасьцю мне.

Накрываюць стол, засцілаюць абрусам, ядуць, п’юць. Падыміцеся, князі! Намасціце шчыт!
 
Рыхтуюць стол, расьсьцілаюць абрусы, — ядуць, п’юць. «Уставайце, князі, мажце шчыты!»

Бо так сказаў мне Госпад: «Ідзі, пастаў вартаўніка, хай паведаміць, што пабачыць.
 
Бо так сказаў мне Гасподзь: ідзі, пастаў вартаўніка; хай ён скажа, што ўбачыць.

Калі пабачыць калясніцу, пару коннікаў, вершніка на асле або вершніка на вярблюдзе, хай сочыць пільна, з вялікаю ўвагаю!»
 
І ўбачыў ён верхаўцоў на конях, якія ішлі парамі, верхаўцоў на аслах, верхаўцоў на вярблюдах; і ўслухоўваўся ён пільна, зь вялікай увагаю, —

І закрычаў вартаўнік: «На вежы вартавой, Госпадзе, стаю заўжды ўдзень, і на варце сваёй я стаю па ўсіх начах;
 
і закрычаў, як леў: гаспадару мой! я на варце стаяў увесь дзень, і на месцы маім заставаўся цэлыя ночы:

вось прыбыў гэты вершнік з парамі коннікаў, азваўся і кажа: “Упаў, упаў Бабілон, і ўсе статуі багоў яго пасыпаліся на зямлю”».
 
і вось, едуць людзі, верхаўцы конныя парамі. Потым усклікнуў ён і сказаў: загінуў, загінуў Вавілон, і ўсе ідалы божышчаў Ягоных ляжаць на зямлі разьбітыя.

О абмалот мой і сыны току майго! Што пачуў я ад Госпада Магуццяў, Бога Ізраэля, гэта вам паведаміў!
 
О, памалочаны мой і сыне току майго! Што чуў я ад Госпада Саваофа, Бога Ізраілевага, тое і вам абвясьціў.

Прадказанне для Эдома. Нехта крычыць да мяне з Сэіра: «Вартаўніку, якая гадзіна ночы? Вартаўніку, якая гадзіна ночы?»
 
Прароцтва пра Думу. — Крычаць мне з Сэіра: варта! якая пара ночы? варта! якая пара ночы?

Вартаўнік адказаў: «Прыходзіць раніцца, але таксама і ноч. Калі пытаецеся, то пытайцеся, навярніцеся, прыходзьце!»
 
Адказвае вартаўнік: набліжаецца раніца, але яшчэ ноч. Калі вы дапытваецеся, дык павярнецеся і прыходзьце.

Прадказанне ў пустыні. На лясным выгане, у пустыні начуйце, караваны дэданітаў.
 
Прароцтва пра Аравію. — У лесе Аравійскім пачуйце, караваны Дэданскія!

Засмагламу ваду выносьце паспешна вы, жыхары зямлі Тэма; з хлябамі сустракайце ўцекачоў!
 
Жыхары зямлі Тэмайскай! нясеце вады насустрач сасьмяглым; з хлебам сустракайце ўцекачоў;

Бо ад мечаў уцяклі, ад меча аголенага, ад лука нацягнутага, ад страшнай бітвы.
 
бо яны ад мечаў уцякаюць, ад меча аголенага і ад лука напятага і ад лютай вайны.

Бо вось гэта кажа Госпад мне: «Яшчэ год такі, як год найміта, і знікне ўся слава Кедара;
 
Бо так сказаў мне Гасподзь: яшчэ год, роўны год найміцкаму, — і ўся слава Кідарава зьнікне,

і колькасць лукаў, што засталіся ў магутных сыноў Кедара, паменшыцца; бо Госпад, Бог Ізраэля, сказаў!»
 
і лукаў і адважных сыноў Кідара няшмат: так сказаў Гасподзь Бог Ізраілеў.