Ісаі 46 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Упаў Бэль, сагнуўся Нэво. Сталіся ідалы іхнія для зьвяроў і для скаціны. Тое, што насілі вы [на руках], палажылі як цяжар на змучаную [жывёлу].
Упаў Віл, паваліўся Нэво; балваны іхнія — на быдле і ўючных жывёлах; вашая ноша сталася цяжкаю стомленым жывёлам.
Разам яны пазгіналіся і паваліліся, не змаглі вытрымаць цяжару, і душы іхнія пайшлі ў палон.
Паваліліся, упалі разам; не маглі абараніць тых, што несьлі, і самі пайшлі ў палон.
Паслухайце Мяне, дом Якуба і ўся рэшта дому Ізраіля, якіх Я ўзяў ад улоньня [маці], насіў [на руках] ад нараджэньня.
Паслухайце мяне, доме Якава і ўся рэшта дома Ізраілевага, прынятыя Мною ад улоньня, каго Я насіў ад утробы матчынай:
І да вашай старасьці Я — Той Самы, і да сівізны Я буду трымаць вас; Я зрабіў [вас], і Я буду насіць [вас], буду трымаць і збаўляць.
і да старасьці вашай Я той самы буду, і да сівізны вашай Я ж буду насіць вас; Я стварыў і буду насіць, падтрымліваць і ахоўваць вас.
Да каго падобным і роўным вы зробіце Мяне? І з кім Мяне параўнаеце і да каго ўпадобніце?
Да каго прыпадобніце Мяне і з кім параўнаеце, і з кім зьверыце, каб мы былі падобныя?
Тыя, што выцягваюць золата з капшука і срэбра важаць на вагах, наймаюць залатара, каб зрабіў бога, і кленчаць перад ім, і пакланяюцца яму,
Высыпаюць золата з кашалька і важаць срэбра на вагах, і наймаюць срабрака, каб ён зрабіў зь яго бога; кланяюцца яму і ўпадаюць перад ім,
падымаюць яго на плечы і носяць, і стаўляюць яго на месцы ягоным; і ён стаіць, і з месца свайго ня рухаецца, а калі хто кліча яго, не адказвае і ад бяды не ратуе.
падымаюць яго на плечы, нясуць яго і ставяць яго на сваё месца; ён стаіць, зь месца свайго не кранецца; крычаць яму — ён не адказвае, не ратуе ад бяды.
Памятайце пра гэта і будзьце дарослымі! Вазьміце гэта да сэрца, адступнікі!
Успомніце гэта і пакажэце сябе мужамі; прымеце гэта, адступнікі, да сэрца;
Памятайце пра [падзеі] мінулыя, адвечныя, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, няма падобнага да Мяне.
успомніце былое раней, ад пачатку веку, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, і няма падобнага да Мяне.
Я прадказваю ад пачатку тое, што мае быць, і наперад — тое, што [яшчэ] ня сталася. Я кажу: «Рада Мая зьдзейсьніцца, і Я выканаю ўсю волю Маю».
Я ўзьвяшчаю на пачатку, што будзе ў канцы, і ад старадаўніх часін тое, што яшчэ не зрабілася, кажу: Мая рада адбудзецца, і ўсё, што Мне заўгодна, Я зраблю.
Я клічу з усходу птушку драпежную, і з зямлі далёкай — чалавека, [які выканае] раду Маю. Што Я прамовіў, тое і споўню, і што вырашыў, тое і зраблю.
Я паклікаў арла з усходу, з далёкай краіны, спраўцу вызначэньня Майго. Я сказаў — і спраўджу гэта; прадпісаў — і зраблю.
Слухайце Мяне, цьвёрдыя сэрцам, далёкія ад праведнасьці!
Паслухайце Мяне, жорсткія сэрцам, далёкія ад праўды:
Я наблізіў праведнасьць Маю, яна ўжо недалёка, і збаўленьне Маё не замарудзіць, і Я дам на Сыёне збаўленьне, і Ізраілю — славу Маю.
Я наблізіў праўду Маю, — яна не далёка, і ратунак Мой не замарудзіць; і дам Сіёну выратаваньне, Ізраілю — славу Маю.