Ісаі 40 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Пацяшайце, пацяшайце народ Мой, кажа Бог ваш.
 
Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш;

Прамаўляйце да сэрца Ерусаліму і клічце да яго, што скончылася ліхая доля ягоная, што прабачанае беззаконьне ягонае, бо ён атрымаў з рукі ГОСПАДА падвойную [кару] за ўсе грахі свае.
 
кажэце да сэрца Ерусаліма і абвяшчайце яму, што споўніўся час змаганьня ягонага, што за няпраўды яго дадзена дараваньне, бо ён ад рукі Гасподняй атрымаў удвая за ўсе грахі свае.

Голас таго, хто кліча: «У пустыні рыхтуйце шлях ГОСПАДУ, прастуйце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму.
 
Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму;

Кожная даліна няхай падымецца, і кожная гара і ўзгорак няхай будуць паніжаныя; і стануцца дарогі простымі, а няроўныя [шляхі] — гладкімі.
 
кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;

І зьявіцца слава ГОСПАДА, і ўбачыць яе кожнае цела, бо вусны ГОСПАДА прамовілі [гэта]».
 
і зьявіцца слава Гасподняя, і ўбачыць кожная плоць выратаваньне Божае; бо вусны Гасподнія мовілі гэта.

Голас кажа: «Крычы!» А я сказаў: «Што маю крычаць?» Усякае цела — трава, і ўся слава ягоная — як кветка палявая.
 
Голас кажа: абвяшчай! і сказаў: што мне абвяшчаць? Кожная плоць — трава і ўся краса яе — нібы кветка польная.

Высыхае трава, вяне кветка, бо вецер ГОСПАДА падзьмуў на яе. Сапраўды, народ — як трава.
 
Жухне трава; вяне кветка, як павее на яе ад Госпада: так і народ — трава.

Высыхае трава, вяне кветка, але слова Бога нашага трывае на вякі.
 
Трава жухне, кветка вяне, а слова Бога нашага жыцьме вечна.

Узыйдзі на высокую гару, дабравесьнік Сыёну! Узьнімі з [усёй] сілы голас твой, ты, дабравесьнік Ерусаліму! Узьнімі [голас], ня бойся, кажы гарадам Юды: «Вось Бог ваш!»
 
Узыдзі на высокую гару, Сіёне, які абвяшчаеш дабро! узвысь моцна твой голас, Ерусаліме, які абвяшчаеш дабро! узвысь, ня бойся; скажы гарадам Юдавым: вось — Бог ваш!

Вось, Госпад ГОСПАД прыходзіць з моцай, рамяно Ягонае мае ўладу. Вось, нагарода Ягоная з Ім разам і плата Ягоная — перад абліччам Ягоным.
 
Вось, Гасподзь Бог ідзе з моцаю, і сіла Яго з уладаю. Вось, узнагарода Яго зь Ім і аддача Ягоная перад абліччам Яго.

Як пастыр Ён пасьвіць статак Свой, і зьбірае рамяном Сваім ягнятаў, і носіць іх на грудзях Сваіх, і котных [авечак] гоніць паціху».
 
Як пастух Ён будзе пасьвіць Свой статак; ягнят будзе браць на рукі і насіць на грудзях Сваіх, і вадзіць дойных.

Хто зьмераў жменяй сваёй воды, і хто неба зьмераў пядзяй сваёй? Хто трацінай меркі памераў пыл зямлі? Хто ўзважыў на вагах горы, а на шалях — узгоркі?
 
Хто вычарпаў воды прыгаршчамі сваімі і пядзяю вымераў нябёсы, і паклаў у меру пыл зямлі і ўзважыў на вагах горы і на шалях вагавых пагоркі?

Хто ўзважвае Дух ГОСПАДА? І які чалавек Яму даваў параду сваю?
 
Хто ўразумеў дух Госпада, і быў дарадцам у Яго і вучыў Яго?

З кім Ён раіўся і хто настаўляў Яго, і хто вучыў Яго сьцежцы суду, і вучыў Яго веданьню, і шляху розуму навучаў Яго?
 
З кім раіцца Ён, і хто наводзіць на розум Яго і настаўляе Яго на шлях праўды, і вучыць Яго ведам і паказвае Яму дарогу мудрасьці?

Вось, народы — як кропля з вядра, і лічацца як пыл на шалях. Вось, астравы важаць як парушынка.
 
Вось народы — як кропля зь вядра, і лічацца як пылінка на вагах. Вось, выспы як парушынку ўзносіць Ён.

І Лібану ня хопіць на вогнішча, а зьвяроў ягоных ня хопіць на цэласпаленьне.
 
І Лівана ня хопіць на ахвярны агонь, і жывёлаў на ім — на цэласпаленьне.

Усе народы перад Ім як нішто, яны ў Яго лічацца за марноту і пустку.
 
Усе народы перад Ім як нішто, — менш за нішто і за пустату ўважаюцца ў Яго.

Да каго падобным зробіце Бога? Які вобраз надасьцё Яму?
 
Дык вось, да каго ж прыпадобніце вы Бога? І якое падабенства знойдзеце Яму?

Ідала вырабляе разьбяр, і залатар золатам пакрывае яго, і ланцужкі срэбраныя [прымацоўвае] залатар.
 
Балвана вылівае майстар і залатар пакрывае яго золатам і срэбныя ланцужкі прырабляе.

А хто бедны, бярэ дрэва, якое не гніе, шукае спраўнага майстра, каб зрабіў ідала, які не пахісьнецца.
 
А хто бедны на такое прынашэньне, выбірае нятрухлае дрэва, шукае сабе ўмелага майстра, каб зрабіць балвана, які стаяў бы цьвёрда.

Ці ж вы ня ведаеце? Ці ж вы ня чулі? Ці ж вам не было паведамлена ад пачатку? Ці ж вы не зразумелі падвалінаў зямлі?
 
Хіба ня ведаеце? хіба вы ня чулі? хіба вам не казана было ад пачатку? хіба вы не ўразумелі асноваў зямлі?

Ён — Той, Які сядзіць па-над скляпеньнем зямлі, і жыхары ейныя — як саранча [перад Ім]; Ён расьцягнуў, як ветразь, нябёсы, і напяў іх як намёт, каб жыць у ім.
 
Ён ёсьць Той, Які сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе — як саранча перад Ім; Ён распрасьцёр нябёсы, як тонкую тканіну, і расхінуў іх, як намёт пад жытло.

Ён — Той, Які магнатаў робіць нічым, судзьдзяў зямлі робіць марнасьцю.
 
Ён ператварае князёў у нішто, нікчэмніць судзьдзяў зямных.

Ледзь яны пасаджаныя, ледзь пасеяны, ледзь камель іхні закараніўся ў зямлі, як Ён дыхнуў на іх, і яны павысыхалі, і віхор панёс іх як салому.
 
Ледзь толькі яны пасаджаны, ледзь толькі пасеяны, ледзь толькі ўкараніўся ў зямлю камель іх, як толькі Ён дзьмухнуў на іх, яны высахлі, і віхура іх зьнесла, як салому.

«І да каго вы прыраўняеце Мяне, каб быў Я роўны [яму]?» — кажа Сьвяты.
 
Да каго ж вы Мяне прыпадобніце і з кім параўнаеце? кажа Сьвяты.

Узьніміце вочы вашыя ўгору і паглядзіце. Хто стварыў [зоркі гэтыя]? Той, Які выводзіць шыхтамі войска іхняе і кліча ўсіх іх на імя. Дзеля такой вялікасьці моцы і велізарнай магутнасьці аніводная ня згубіцца.
 
Узьвядзеце вочы вашыя ў высі нябёсаў і паглядзеце, хто стварыў іх? Хто выводзіць войска іх лікам? Ён іх усіх называе імем: праз моцную магутнасьць і вялікую сілу ў Яго нішто не прападае.

Чаму ты кажаш, Якуб, і гаворыш, Ізраіль: «Схаваны шлях мой перад ГОСПАДАМ, і суд мой адыйшоў ад Бога майго»?
 
Як жа кажаш ты, Якаве, і выказваеш, Ізраіле: «дарога мая схавана ад Госпада, і дзея мая забытая ў Бога майго»?

Ці ты ня ведаеш? Або ты ня чуў? Бог Вечны, ГОСПАД, Які стварыў канцы зямлі, Ён ня слабне і не стамляецца, і недасьледная мудрасьць Ягоная!
 
Хіба ты ня ведаеш? хіба ты ня чуў, што вечны Гасподзь Бог, Які стварыў канцы зямлі, не стамляецца і не зьнемагае; розум Яго недасьледны.

Ён дае змучанаму сілу, а зьнямогламу павялічвае моц.
 
Ён дае стомленаму сілу і даруе зьнямогламу маладосьць.

Юнакі слабнуць і стамляюцца, і хлопцы спатыкаюцца і падаюць,
 
Стамляюцца і юнакі і слабнуць, і маладыя людзі падаюць,

а тыя, якія спадзяюцца на ГОСПАДА, аднаўляюць сілы, узьнімаюць крылы, як у арла, будуць бегчы, і ня стомяцца, і будуць хадзіць, і не саслабеюць.
 
а тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца.