Ісаі 50 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Гэта кажа ГОСПАД: «Дзе ліст разводны маці вашай, з якім Я адаслаў яе? Або хто пазыкадавец Мой, якому Я прадаў вас? Вось, за правіны вашыя былі вы прададзеныя, і за злачынствы вашыя адасланая маці вашая.
Гэтак кажа СПАДАР: «Ідзе разводны ліст маці вашае, з каторым Я адпусьціў яе? альбо каму з пазычэньнікаў Сваіх Я прадаў вас? Вось, вы праданы за грахі свае, і маці ваша адпушчана за выступкі вашы.
Чаму, калі Я прыйшоў, не было нікога? Я клікаў, і ніхто не адказваў? Ці ж кароткай стала рука Мая, каб вызваляць? Ці ж ня маю Я сілы, каб выратоўваць? Вось, пагрозай Маёй Я высушваю мора, перамяняю рэкі ў пустыню, і гніюць рыбы іхнія без вады, і дохнуць ад смагі.
Чаму, як Я прыходзіў, ня было людзіны, Я гукаў, і ня было адказу? Ціж рука Мая стала вельмі кароткая на тое, каб адкупляць, альбо няма ў Імне сілы, каб выбаўляць? Вось, ганеньням Сваім Я высушаю мора і абарачаю рэкі ў пустыні; рыба гніець у іх, бо няма вады, і здыхае ад смагі.
Я апранаю ў цемру неба і зрэбніцу раблю пакрыцьцём ягоным».
Я адзяю нябёсы цемрадзяй і рызьзё раблю накрыцьцям іх».
Госпад ГОСПАД даў Мне язык вучня, каб Я ведаў, як падтрымаць зьняможанага словам бадзёрым. Кожную раніцу Ён абуджае вуха Маё, каб Я слухаў Яго, як вучань.
Спадар СПАДАР даў Імне мову наўчоных, каб Я ўпару ўмеў сказаць стамаванаму слова; Ён будзе, кажнае раніцы будзе вуха Мае, каб Я мог слухаць, як наўчоныя.
Госпад ГОСПАД адкрыў Мне вуха, і Я не супрацівіўся, не адступіўся назад.
Спадар СПАДАР адчыніў Імне вуха; Я не працівіўся й не адвярнуўся назад.
Сьпіну Маю Я падставіў тым, якія б’юць, і шчокі Мае — тым, якія ўдараюць. Аблічча Маё Я не схаваў ад ганьбы і пляваньня.
Плячо Сваё Я даў б’ючым і шчэляпы Свае вырываючым валасы; віду Свайго не закрываў ад вярненьня а пліваньня.
Але Госпад ГОСПАД дапаможа Мне, таму Я не саромеюся, таму Я зрабіў аблічча Маё як крэмень, і ведаю, што ня буду ў ганьбе.
Але Спадар СПАДАР памагае Імне; затым Я не саромлюся, затым Я зрабіў від Свой, як крэмень, і ведаю, што ня буду паганбены.
Блізка Той, Які апраўдвае мяне. Хто будзе спрачацца са Мною? Станьма [насупраць] разам! Хто абвінаваўца ў судзе Маім? Няхай падыйдзе да Мяне.
Блізка праўдзячы Мяне: хто будзе сьперачацца з Імною? станьма разам; хто правуецца з Імною? хай дабліжыцца да Мяне.
Вось, Госпад ГОСПАД дапаможа Мне. Хто будзе вінаваціць Мяне? Вось, усе яны спарахнеюць, як адзеньне, і моль зьесьць іх.
Вось, Спадар СПАДАР будзе памагаць Імне: хто ж тый, што асудзе Мяне? Гля, усі яны пастарэюць, як адзецьце; моль ізьесьць іх.
Хто з вас баіцца ГОСПАДА, няхай слухае голас Слугі Ягонага! Хто ходзіць у цемры і няма яму сьвятла, няхай спадзяецца на імя ГОСПАДА і няхай абапіраецца на Бога свайго.
Хто з вас баіцца СПАДАРА, слухае голасу Слугі Ягонага, але ходзе ў цемры й няма сьвятла, няхай спадзяецца на імя СПАДАРОВА й апіраецца на Бога свайго.
Вось, вы ўсе, якія распальваеце агонь, узбройваецеся стрэламі вогненнымі, ідзіце ў полымя агню вашага, сярод стрэлаў вогненных, якія вы распалілі. Гэта рука Мая зрабіла вам, і вы будзеце качацца ў пакутах.
Вось, усі вы, што зацяпляеце цяпло, кладзіце кайстры, ідзіце самы ў поламя цяпла вашага й на кайстры, каторыя вы зацяплілі. Ад рукі Мае станецца гэта вам, вы будзеце ляжаць у смутку.