Ісаі 23 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Цяжар адносна Тыру. Лямантуйце, караблі Таршышу, бо зьнішчаны дом ваш. Калі яны вярталіся з зямлі Кіттым, аб’яўлена ім [гэта].
 
Цяжар узглядам Тыру. — Плачча, караблі Таршышу; бо ён абураны, бо няма ані дамоў, ані ўходаў. Ізь зямлі Кітымскае абешчана ім.

Замаўчыце, жыхары ўзьбярэжжа, купцы Сідонскія, якія падарожнічалі па моры і напоўнілі цябе,
 
Маўчыце, жыхары абтоку! купцы сыдонскія, па мору плаваючыя, напоўнілі цябе.

і па водах [прывозілі] насеньне Шыхору, жніво ракі [Ніл], прыбытак ягоны, які быў таварам для народаў.
 
Па вялікіх водах насеньне Шыгору, жніво ракі, прыносілі да яго; ён быў месцах гандлю народаў.

Засаромся, Сідон, бо сказала мора, цьвярдыня марская, кажучы: «Я ня мучылася родамі і не нарадзіла, і не ўзгадавала юнакоў, і ня выхавала дзяўчат».
 
Саромся, Сыдоне, бо мора гукала, моц мора, кажучы: «Ня труднілася я, і не радзіла, і ня жывіла дзяцюкоў ані гадавала дзяўчаты».

Калі вестка гэтая [дойдзе] да Эгіпту, яны здрыгануцца, пачуўшы пра Тыр.
 
Як дойдуць галасы да Ягіпту, будуць дрыжэць на ведамку праз Тыр.

Перапраўцеся ў Таршыш! Галасіце, жыхары ўзьбярэжжа.
 
Пераходзьце да Таршышу, плачча жыхары абтоку!

Ці гэта ваш [горад] вясёлы, якога пачатак здаўна? Ногі нясуць яго далёка, каб пасяліцца [там].
 
Ці гэта вясёлае места вашае? Зь дзён старавечных век яго. Ногі ягоныя нясуць яго далёка жыць.

Хто пастанавіў гэта адносна Тыру, які раздаваў кароны? Купцы ягоныя былі князямі, а гандляры ягоныя [былі] ў славе на зямлі.
 
Хто прызначыў гэта праз Тыр карануючы, каторага купцы — князі, каторага таргачы — пачэсьлівыя зямлі?

ГОСПАД Магуцьцяў пастанавіў гэта, каб упакорыць пыху ўсякай славы і каб панізіць усіх слаўных на зямлі.
 
СПАДАР войскаў прызначыў гэта, каб засарамаціць пыхатасьць кажнае славы, каб паніжыць усіх значных зямлі.

Ідзі ў зямлю тваю, як рака, дачка Таршышу, бо перашкоды ўжо няма.
 
Прайдзі зямлю сваю, як рака, дачка Таршышу нямаш болей пояса.

Ён выцягнуў руку Сваю над морам, затрос валадарствамі. ГОСПАД загадаў адносна Ханаану, каб зьнішчыць цьвярдыню ягоную,
 
Ён выцягнуў руку сваю на мора, патрос каралеўствы; СПАДАР даў расказаньне да Канаана, зьнішчыць гарады ягоныя.

і сказаў: «Ня будзеш ты больш весяліцца, спаганеная дзяўчына, дачка Сідону! Устань, перайдзі ў Кіттым, але і там ня будзеш мець супакою».
 
І сказаў: «Ты наперад ня будзеш цешыцца, зганьбеная дзеўка, дачка Сыдону! Устань, перайдзі да Кітымлян; і там ня будзеш мець супакою».

Вось, зямля Халдэйцаў, такога народу [ўжо] няма, Асірыя прызначыла яе для зьвяроў пустыні. Яны збудавалі вежы свае; зруйнавалі палацы іхнія, ператварылі іх у руіну.
 
Вось зямля Хальдэяў. Гэтага люду ня было; Асыранін заклаў яго тым, што жывуць на пустыні. Яны пастанавілі абложныя вежы, разбурылі яго палацы, абярнулі яго ў разьвярненьні.

Лямантуйце, валадары Таршышу, бо спустошана цьвярдыня вашая.
 
Плачча, каралі таршыскія, бо ваша сіла разбурана.

І станецца ў той дзень, што на Тыр забудуцца на семдзясят гадоў, як дні аднаго валадара. Калі скончацца семдзясят гадоў, станецца Тыру, як у тым сьпеве пра распусьніцу:
 
І станецца таго дня, што Тыр будзе забыты семдзясят год, подле дзён аднаго караля; на канцу семдзясят год, будзе Тыру, як у песьні празь бязулю:

«Вазьмі гусьлі, абыйдзі горад, блудніца забытая! Зайграй прыемна, памнож сьпевы, каб ізноў прыгадалі цябе!»
 
«Вазьмі гарпу, абыйдзі места, забытая бязуля; грай прыемна, пяі шмат песьняў, каб ўспомнелі цябе».

І станецца, калі скончацца семдзясят гадоў, ГОСПАД наведае Тыр, і ён вернецца да прыбытку свайго, і будзе распусьнічаць з усімі валадарствамі сьвету на абліччы зямлі.
 
І станецца, як мінець семдзясят год, што СПАДАР даведаецца да Тыру, і ён зьвернецца да свае бязульнае платы, і будзе бязулстваваць із усімі каралеўствамі сьвету на відзе зямлі.

І станецца, што заробак ягоны і прыбытак ягоны будуць пасьвячоныя ГОСПАДУ, і ня будуць яны зьбіраныя, і ня будуць хаваныя, бо для тых, якія жывуць перад абліччам ГОСПАДА, будзе заробак ягоны, каб яны маглі есьці ўдосталь і апранацца раскошна.
 
І тавар ягоны, і прыдбаньне ягонае будуць пасьвячаны СПАДАРУ, ня будуць зьбіраны да скарбніцы ані хаваны; бо тавар ягоны будзе дзеля жывучых перад СПАДАРОМ, каб досыць пасілкаваліся, і на трывалкія ўборы.