Ісаі 41 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Змоўкніце перада Мною, выспы, і народы хай абновяць сваю сілу; няхай яны наблізяцца і скажуць: «станьма разам на суд».
 
«Маўчыце перад Імною, абтокі, а люды няхай адновяць сілу, няхай дабліжацца, тады няхай скажуць: "Станьма разам на суд".

Хто абудзіў з усходу мужа праўды, заклікаў яго ісьці сьледам за сабою, аддаў яму народы і ўпакорыў цароў? Ён абярнуў іх мечам ягоным у пыл, лукам ягоным у салому, якую разносіць вецер.
 
Хто пабудзіў з усходу справядлівага, гукнуў яго да нагі свае, даў народы яму і ўладу над каралямі? Ён даў іх, як пыл, пад меч ягоны, як разьвеяную салому, пад лук ягоны.

Ён гоніць іх, ідзе спакойна дарогаю, па якой ніколі не хадзіў нагамі сваімі.
 
Ён перасьледаваў іх, прайшоў у супакою па дарозе, па каторай ногі ягоныя не хадзілі.

Хто зрабіў і зьдзейсьніў гэта? Той, Хто ад пачатку выклікае роды; Я — Гасподзь першы, і ў апошніх — Я такі самы.
 
Хто дзеяў і зрабіў, прыгукаўшы спачатна пакаленьні? Я, СПАДАР, першы і з апошнімі Я Тый.

Убачылі выспы і жахнуліся, канцы зямлі затрымцелі. Яны зьблізіліся і сышліся;
 
Абтокі бачылі й баяліся; канцы зямлі дрыжэлі, бліжыліся а прыходзілі.

кожны дапамагае свайму прыяцелю і кажа свайму брату: «мацуйся!»
 
Кажны памагаў прыяцелю свайму й казаў брату свайму: "Мацуйся".

Каваль падбадзёрвае гутніка, кляпальшчык — таго, хто куе на кавадле, кажучы пра спайку: «добрая»; і мацуе цьвікамі, каб было цьвёрда.
 
Умелы майстра мацуе літоўніка, тый, што выгладжуе кляўцом, таго, што куе на кавале, кажучы: "Гэта добра!" і мацуе гэта гваздамі, каб ня хісталася.

А ты, Ізраіле, рабе Мой, Якаве, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго,
 
Але ты, Ізраелю, слуга Мой, Якаве, абраны мой, насеньне Абрагамова, любовага Майго,

ты, каго Я ўзяў ад канцоў зямлі, і паклікаў ад краёў яе, і сказаў табе: ты — Мой раб, Я выбраў цябе і не адкінуў цябе,
 
Каторага Я няў з канцоў зямлі, і з найдальшых кутоў яе прыгукаў, і сказаў табе: "Ты слуга Мой, Я абраў цябе і не адхінуў цябе",

ня бойся, бо Я — з табою; не бянтэжся, бо Я — Бог твой; Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцаю праўды Маёй.
 
Ня бойся, бо Я — з табою, не палохайся, бо Я Бог твой; Я ўмацую цябе, нават Я памагу табе, нават Я паддзяржу цябе правіцаю справядлівасьці Свае.

Вось, у сораме і ганьбе застануцца ўсе, угневаныя на цябе, — будуць як нішто, і загінуць тыя, што спрачаюцца з табою.
 
Вось, будуць засарамочаны а паганбены ўсі, што былі ўзлаваўшыся на цябе, будуць як нішто; і загінуць тыя, што правуюцца з табою.

Будзеш іх шукаць — і ня знойдзеш іх, што варагуюць з табою; змаганцы супроць цябе будуць як нішто, зусім нішто;
 
Будзеш шукаць іх, і ня знойдзеш іх, тых, што сьперачаліся з табою; будуць як нішто, і як чыстае нішто тыя, што ваююць із табою;

бо Я — Гасподзь Бог твой; трымаю цябе за правую руку тваю; кажу табе: «ня бойся, Я пасабляю табе».
 
Бо Я СПАДАР, Бог твой, што дзяржыць правіцу тваю, кажучы табе: "Ня бойся, Я памагу табе".

Ня бойся, чарвяк Якаў, малалюдны Ізраіле, — Я пасабляў табе, кажа Гасподзь і Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў.
 
Ня бойся, чарвяча Якаве, нячысьлены Ізраелю, Я памагу табе, — агалашае СПАДАР а Адкупіцель твой, Сьвяты Ізраеляў. —

Вось, Я зрабіў цябе спраўнаю малатарняю, новаю, зубчатаю; ты будзеш малаціць і пераціраць горы, і пагоркі зробіш, як мякіну.
 
Вось, я зраблю цябе новаю войстраю малатарняю, войстраю з абодвых бакоў; Ты будзеш малаціць горы і пакрышыш, і ўзгоркі зробіш, як ўмецьце.

Ты будзеш веяць іх, і вецер разьнясе іх, і віхура разьвее іх; а ты зарадуешся ў Госпадзе, будзеш хваліцца Сьвятым Ізраілевым.
 
Ты будзеш веяць іх, і вецер разьнясець іх, і віхор расьцяруша іх; але ты будзеш цешыцца ў СПАДАРУ, у Сьвятым Ізраелявым будзеш хваліцца.

Бедныя і ўбогія шукаюць вады, і няма яе; язык іх сохне ад смагі; Я, Гасподзь, пачую іх, Я, Бог Ізраілеў, не пакіну іх.
 
Убогія а бедныя шукаюць вады, але няма; язык іхны сохне ад смагі: Я, СПАДАР, адкажу ім, Бог Ізраеляў не пакіне іх.

Адчыню на горах рэкі і сярод далінаў крыніцы; пустыню зраблю возерам і сухую зямлю — крыніцамі вады;
 
Я адчыню рэкі на высокіх месцах і жаролы сярод далінаў; Я абярну пустыню ў копань і сухую зямлю ў вытокі вады.

пасаджу ў пустыні кедр, сітым і мірту і масьліну; пасаджу ў стэпе кіпарыс, явар і бук разам,
 
Я пасаджу на пустыні кедру, акацу а мірту а аліўку; Я пастанаўлю ў сьцепе кіпрыс, явар а бук разам,

каб убачылі і пазналі, і разгледзелі і ўразумелі, што рука Гасподняя ўчыніла гэта, і Сьвяты Ізраілеў стварыў гэта.
 
Каб абачылі а пазналі, пераканаліся а ўсі ўцямілі, што рука СПАДАРОВА зрабіла гэта, і Сьвяты Ізраеляў стварыў гэта.

Пакажэце дзею вашую, кажа Гасподзь; прывядзеце вашыя доказы, кажа Цар Якава.
 
Дабліжча справу вашу, — кажа СПАДАР; — дабліжча блізюсенька моцныя довады вашы», кажа Кароль Якаваў.

Хай яны пакажуць і скажуць вам, што адбудзецца; хай абвесьцяць што-небудзь раней, чым яно адбылося, і мы ўвойдзем розумам сваім і ўведаем, чым яно скончылася, альбо хай наперад абвесьцяць нам пра будучыню.
 
Няхай яны блізюсенька дабліжацца й скажуць нам тое, што будзе; зьясьніце нам, што значаць пачаткі здарэньняў, каб мы абярнулі сэрцы нашы і даведаліся канец іх; альбо азнайміце нам прыйдучыя.

Скажэце, што адбудзецца ў прыйшласьці, і мы будзем ведаць, што вы багі, альбо зрабеце што-небудзь, хай яно добрае, хай благое, каб мы дзіву даліся і разам з вамі пабачылі.
 
Азнайміце нам здарэньні пасьлейшыя, і будзем ведаць, што багове вы; ці будзеце рабіць добрае ці благое, мы будзем дзівавацца і абачым з вамі разам.

Але вы — нішто, і дзея вашая — нікчэмная; мярзота — той, хто выбірае вас.
 
Але вось, вы нішто, і справа вашая чыстае нішто; агіда тый, хто абірае вас.

Я ўзьнёс яго з поўначы, і ён прыйдзе; з усходу сонца будзе заклікаць імя Маё і таптаць уладыкаў, як бруд, і мясіць як ганчар гліну.
 
«Я ўзьняў, пабудзіў аднаго з поўначы, і ён прыйдзе; ад усходу сонца ён будзе гукаць імя Мае; ён прыйдзе на князёў, як на гліну, і патопча, як ганчар ліпкую гліну».

Хто абвясьціў пра гэта спачатку, каб нам ведаць, і задоўга да таго, каб нам можна было сказаць: «праўда?», але ніхто не сказаў, ніхто не абвясьціў, ніхто ня чуў слоў вашых.
 
Хто сказаў гэта ўперад, каб мы даведаліся, і здаўна, каб мы сказалі: «Ён справядлівы»? Але нават ніхто не сказаў, нават ніхто не абясьціў, і ніхто ня чуў словаў вашых.

Я першы сказаў Сіёну: вось яно! і даў Ерусаліму дабравесьніка.
 
«Адно першы на Сыёне: вось, вось яны, і Я Ерузаліму дам прыносіць добрыя ведамкі.

Дык вось, Я глядзеў, і ня было нікога, і сярод іх не знайшлося дарадцы, каб Я мог спытацца ў іх, і яны далі адказ.
 
І Я глянуў, і ня было нікога, і меж іх няма парадніка, каб Я мог папытацца ў іх, і каб яны адказалі.

Вось, усе яны — нішто, нікчэмныя і дзеі іхнія; вецер і пустата — балваны іхнія.
 
Вось, яны ўсі ашука, справы іхныя нішто, вецер а нярад літыя балваны іхныя.