Ісаі 27 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Таго дня Гасподзь пакарае мечам Сваім цяжкім, і вялікім і моцным, левіяфана, зьмея, які проста бяжыць, і левіяфана, зьмея, які зьвіваецца, і заб’е пачвару марскую.
 
У той дзень ГОСПАД наведае мячом Сваім, цяжкім і моцным левіятана, зьмея спрытнага, левіятана, зьмея выкрутлівага, і заб’е цмока, які ў моры.

Таго дня засьпявайце пра яго — пра любасны вінаграднік:
 
У той дзень [скажуць]: «Вінаграднік умілаваны, сьпявайце пра яго.

Я, Госпадзе, даглядчык яго, кожнае хвіліны выпойваю яго; уначы і ўдзень вартую яго, каб хто не ўварваўся ў яго.
 
Я, ГОСПАД, пільную яго, паліваю яго штохвіліны, каб [ніхто] не наведаў яго, ноччу і днём ахоўваю яго.

Няма гневу ўва Мне. Але каб даў Мне хто бадзякі і церне, Я вайной пайду на яго, выпалю яго зусім.
 
Я гневу ня маю. Калі хто Мне дасьць церне ці асот, Я выйду на вайну з ім і спалю іх [усіх] разам.

Хіба што прыйдзе пад абарону Маю, і заключыць мір са Мною? тады няхай заключыць мір са Мною.
 
Хіба што ён абапрэцца на Мяне, каб заключыць мір са Мною. Няхай мір заключыць са Мною!»

У будучыя дні ўкарэніцца Якаў, дасьць атожылак і расьцьвіце Ізраіль; і напоўніцца пладамі сусьвет.
 
Прыйдзе дзень, што закарэніцца Якуб, закрасуе і разрасьцецца Ізраіль, і напоўніць аблічча зямлі пладамі.

Ці так Ён біў яго, як біў тых, што білі Яго? Ці так забіў яго, як забітыя забойцы ягоныя?
 
Ці ж Ён ударыў яго так, як ударыў тых, якія ўдаралі яго? Або ці забіваў яго так, як забіў тых, якія забівалі яго?

Мераю Ты караў яго, калі адкідаў яго; выкінуў яго моцным подыхам Сваім як у дзень усходняга ветру.
 
Ты, выганяючы, выгнаў яго і судзішся з ім. Моцным подыхам Тваім Ты выкінуў яго, як у дзень усходняга ветру.

І праз гэта загладзіцца беззаконьне Якава; і плодам гэтага будзе зьняцьце грэху зь яго, калі ўсе камяні ахвярнікаў аберне ён у кавалкі вапны, і ня будуць ужо стаяць дубровы і балваны сонца.
 
Праз гэта будзе адпушчана беззаконьне Якуба, і плодам гэтага будзе прыбраны грэх ягоны, калі ён возьме ўсе камяні ахвярніка [ідальскага] і раструшчыць, як камяні вапнавыя, і ня будуць [больш] стаяць астарты і выявы сонца.

Бо ўмацаваны горад запусьцее, селішчы будуць пакінуты і заняхаены, як пустэльня. Там будзе пасьвіцца цяля, і там ня будзе спачываць і аб’ядаць гольле ягонае.
 
Бо горад умацаваны [станецца] пустэчаю, паселішчам бязьлюдным і пакінутым, як пустыня. Там будуць пасьвіцца цяляты, і там будуць ляжаць і аб’ядаць галіны ягоныя.

Калі гольле яго засохне, яго абламаюць; прыйдуць жанчыны і спаляць яго. Бо як што гэта народ неразумны, дык не ўмілажаліцца зь яго Творца Ягоны, і не памілуе яго Садзецель ягоны.
 
Калі гальлё ягонае высахне, будзе адламанае, і прыйдуць жанчыны, і спаляць яго. Гэты народ неразумны, дзеля гэтага не пашкадуе яго Той, Які зрабіў яго, і ня зьлітуецца над ім Той, Які ўкшталтаваў яго.

Але будзе таго дня: Гасподзь скалане ўсё ад вялікай ракі да патока Егіпецкага, і вы, сыны Ізраіля, будзеце сабраныя адзін да аднаго;
 
І станецца ў той дзень, што ГОСПАД вымалаціць каласы ад ракі [Эўфрат] аж да ручая Эгіпецкага, і вы, сыны Ізраіля, усе, што да аднаго, будзеце сабраныя.

і будзе таго дня: затрубіць вялікая труба, і прыйдуць згубленыя ў Асірыйскай зямлі і выгнаныя ў зямлю Егіпецкую, і паклоняцца Госпаду на сьвятой гары ў Ерусаліме.
 
І станецца ў той дзень, што затрубяць у рог вялікі, і прыйдуць тыя, якія гінулі ў зямлі Асірыйскай, і выгнаныя ў зямлю Эгіпецкую, і будуць пакланяцца ГОСПАДУ на сьвятой гары ў Ерусаліме.