Ісаі 43 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
А сёньня так кажа Гасподзь, Які стварыў цябе, Якаве, і ўладзіў цябе, Ізраіле: ня бойся, бо Я адкупіў цябе, назваў цябе імем тваім; ты — Мой.
І цяпер гэтак кажа ГОСПАД, Які стварыў цябе, Якуб, і зьляпіў цябе, Ізраіль: «Ня бойся, бо Я адкупіў цябе і паклікаў імя тваё, ты — Мой.
Ці будзеш пераходзіць праз воды, Я з табою, — альбо цераз рэкі, яны цябе не патопяць; а ці пойдзеш цераз агонь, не апячэшся, і полымя цябе не апаліць.
Калі будзеш праходзіць праз воды, Я з табой, і калі [пойдзеш] праз рэкі, яны не затопяць цябе. Калі пойдзеш праз агонь, не згарыш, і полымя не праглыне цябе.
Бо Я — Гасподзь Бог твой; Сьвяты Ізраілеў, Збаўца твой; на адкуп за цябе аддаў Егіпет, Эфіопію і Савею за цябе.
Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Сьвяты Ізраіля, Збаўца твой! Я даў Эгіпет на водкуп за цябе, Куш і Сэву замест цябе.
Як што ты дарагі ў вачах Маіх, шматкаштоўны, і Я палюбіў цябе, дык аддам іншых людзей за цябе, і — народы за душу тваю.
Праз тое, што ты стаўся ў вачах Маіх дарагім і слаўным і Я люблю цябе, Я аддам людзей замест цябе і народы за душу тваю.
Ня бойся, бо Я з табою; з усходу прывяду племя тваё і з захаду зьбяру цябе.
Ня бойся, бо Я з табою! З усходу прывяду насеньне тваё і з захаду пазьбіраю цябе.
Поўначы скажу: аддай; і поўдню: ня стрымлівай; вядзі сыноў Маіх здалёку і дачок Маіх ад канцоў зямлі,
Скажу поўначы: «Аддай!», і поўдню: «Ня стрымлівай! Прывядзі сыноў Маіх здалёк, і дочак Маіх з канцоў зямлі,
кожнага, хто называецца імем Маім, каго Я стварыў дзеля славы Маёй, сфармаваў і зладзіў.
і ўсіх, хто завецца імем Маім і каго Я стварыў дзеля славы Маёй, укшталтаваў і зьляпіў.
Выведзі народ сьляпы, хоць у яго ёсьць вочы, і глухі, хоць у яго ёсьць вушы.
Выведзі народ сьляпы, хоць ён мае вочы, і глухі, хоць вушы [ёсьць] у яго».
Хай усе народы зьбяруцца разам, і згуртуюцца плямёны. Хто сярод нас прадказваў гэта? хай абвесьцяць, што было на пачатку; хай паставяць сьведак ад сябе і апраўдаюцца, каб можна было пачуць і сказаць: праўда!
Няхай усе народы зьбяруцца разам, і зыйдуцца плямёны. Хто з іх распавядзе пра гэта? Няхай аб’явяць пра мінулае. Няхай дадуць сведкаў сваіх і апраўдаюцца, каб можна было пачуць і сказаць: «[Гэта] праўда!»
А Мае сьведкі, кажа Гасподзь, вы і раб Мой, якога Я выбраў, каб вы ведалі і верылі Мне, і разумелі, што гэта — Я: раней за Мяне ня было Бога, і пасьля Мяне ня будзе.
Вы — сьведкі Мае, кажа ГОСПАД, і слуга Мой, якога Я выбраў, каб вы даведаліся і верылі Мне, і зразумелі, што гэта Я. Да Мяне не было Бога і пасьля Мяне ня будзе.
Я, Я — Гасподзь, і няма Збаўцы, апрача Мяне.
Я, Я — ГОСПАД, і акрамя Мяне няма Збаўцы.
Я прадказаў і ўратаваў, і абвясьціў; а іншага няма ў вас, і вы — сьведкі Мае, кажа Гасподзь, што Я — Бог;
Я абвясьціў і збавіў, і даў пачуць; і няма ў вас іншага [Бога], і вы — сьведкі Мае, кажа ГОСПАД, што Я — Бог.
ад пачатку дзён Я — Той Самы, і ніхто не ўратуе ад рукі Маёй; Я зраблю, і хто адменіць гэта?
Ад дзён [вечнасьці] Я — Той Самы, і няма нікога, хто з рукі Маёй можа выратаваць! Я зьдзейсьніў, і хто можа зьмяніць гэта?
Так кажа Гасподзь, Адкупнік ваш, Сьвяты Ізраілеў: дзеля вас Я паслаў у Вавілон і скрышыў усе завалы і Халдэяў, што выхваляліся караблямі.
Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель ваш, Сьвяты Ізраіля: «Дзеля вас Я паслаў у Бабілон і сабраў усіх уцекачоў, а Халдэйцы на караблях крык [узьнімуць].
Я Гасподзь, Сьвяты ваш, Творца Ізраіля, Цар ваш.
Я — ГОСПАД, Сьвяты ваш, Творца Ізраіля, Валадар ваш».
Так кажа Гасподзь, Які адкрыў у мора дарогу, у моцных водах сьцежку,
Гэта кажа ГОСПАД, Які адкрыў шлях праз мора і сьцежку праз воды бурлівыя,
вывеў калясьніцы і коні, войска і сілу; усе палеглі разам, ня ўсталі; патухлі, як сьвяцільня, пагасьлі.
Які вывеў калясьніцу і коньніка, дружыну і дужага, і яны разам паляглі і не падняліся, згарэлі, як кнот, які тухне.
Але вы ня згадваеце ранейшага і пра старадаўняе не намышляеце.
Але вы ня ўзгадвайце пра мінулае і пра старадаўняе не разважайце.
Вось, Я раблю новае; а цяпер яно зьявіцца; няўжо вы і гэтага ня хочаце ведаць? Я правяду дарогу ў стэпе, рэкі — у пустыні.
Вось, Я раблю новае, цяпер яно вырастае. Ці ж вы гэтага ня ведаеце? Вось, Я раблю шлях у пустыні, а рэкі — у стэпе.
Палявыя зьвяры праславяць Мяне, шакалы і страўсы, бо Я ў пустынях дам ваду, рэкі — у сухім стэпе, каб паіць выбраны народ Мой.
Будуць славіць Мяне звяры палявыя, цмокі і страусы, бо Я даў ваду ў пустыні, і рэкі ў стэпе, каб напаіць народ Мой, выбраны Мой.
Гэты народ я ўтварыў Сабе; ён будзе абвяшчаць славу Маю.
Народ гэты Я ўкшталтаваў для Сябе, ён будзе абвяшчаць хвалу Маю.
А ты, Якаве, ня клікаў Мяне; ты, Ізраіле, не працаваў дзеля Мяне.
Але ты ня клікаў Мяне, Якуб, і ты, Ізраіль, не высіляўся дзеля Мяне.
Ты ня прыносіў Мне ягнятак тваіх на цэласпаленьне, ахвярамі тваімі не шанаваў Мяне. Я ня змушаў цябе служыць Мне хлебным прынашэньнем і не абцяжарваў цябе фіміямам.
Не ахвяроўваў ты Мне ягня на цэласпаленьне і ахвярамі крывавымі тваімі не ўслаўляў Мяне.
Ты ня купляў Мне пахучага трысьнёгу за срэбра і тлушчам ахвяраў тваіх не карміў Мяне; але ты грахамі тваімі бянтэжыў Мяне; беззаконьнямі тваімі бянтэжыў Мяне.
Не купляў ты Мне пахкага трысьнёгу за срэбра і тлустасьцю ахвяраў тваіх не насычаў Мяне. Але ты турбаваў Мяне грахамі тваімі і мучыў Мяне беззаконьнямі тваімі.
Я, Я Сам згладжваю злачынствы твае дзеля Сябе Самога і грахоў тваіх не ўзгадаю.
Я, Я — Той, Які сьцірае правіны твае адносна Мяне, і ня памятае грахоў тваіх.
Прыгадай Мне; пачнем судзіцца; кажы ты, каб апраўдацца.
Узгадай Мяне, будзем судзіцца разам, расказвай, каб апраўдацца табе.
Прабацька твой зграшыў, і хадайнікі твае адступіліся ад Мяне.
Бацька твой першым саграшыў, пасярэднікі твае адступіліся ад Мяне.
За тое Я першых у сьвяцілішчы пазбавіў сьвяшчэнства і Якава аддаў на закляцьце і Ізраіля на паганьбеньне.
І Я зганьбіў князёў сьвятыні [тваёй], і аддаў Якуба на закляцьце [зьнішчэньня], а Ізраіля — на зьнявагу.