Ісаі 47 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Сыдзі і сядзь у пыл, дзяўчына, дачка Вавілона; сядзі на зямлі: трона няма, дачка Халдэяў, і больш не называцьмуць цябе пяшчотнаю і раскошнаю.
 
Зыйдзі і сядзь у пыл, дзяўчына, дачка Бабілону! Сядзь на зямлі, без пасаду, дачка Халдэйцаў! Бо ты больш ня будзеш называцца чульлівай і далікатнай.

Вазьмі жорны і мялі муку; здымі покрыва тваё, падбяры прыпол, адкрый галені, пераходзь цераз рэкі:
 
Вазьмі жорны і мялі муку, і здымі вэлюм твой, падкашы сукенку, адкрый ногі, пераходзь праз рэкі.

адкрыецца галізна твая, і нават відаць будзе сорам твой. Зьдзейсьню помсту і не пашкадую нікога.
 
І будзе адкрыты сорам твой, і ўбачаць ганьбу тваю! Я адпомшчу і не пашкадую нікога.

Адкупнік наш — Гасподзь Саваоф імя Яму, Сьвяты Ізраілеў.
 
Адкупіцель наш, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, Сьвяты Ізраіля [кажа].

Сядзі моўчкі і сыдзі ў цемру, дачка Халдэя: бо болей ня будуць называць цябе гаспадыняю царстваў.
 
Сядзь моўчкі і ўвайдзі ў цемру, дачка Халдэйцаў, бо не назавуць цябе больш гаспадыняй над валадарствамі.

Я ўгневаўся на народ Мой, зьнішчыў спадчыну Маю і аддаў іх у рукі твае; а ты не ўмілажалілася зь іх, — на старца ўскладала занадта цяжкае ярмо тваё.
 
Я загневаўся на народ Мой, апаганіў спадчыну Маю і аддаў іх у руку тваю, а ты не зьявіла ім ласкі, над старымі вельмі зацяжэла ярмо тваё.

І ты казала: «вечна буду гаспадыняю», а не ўяўляла таго ў розуме тваім, ня думала, што будзе пасьля.
 
Ты казала: «Вечна я буду гаспадыняй», і не ўяўляла ў сэрцы тваім гэтага, і не нагадвала сабе пра канец твой.

Але сёньня выслухай мяне, сьпешчаная, што жывеш бястурботна, што гаворыш у сэрцы сваім: «я, — і другое падобнае да мяне няма: ня буду сядзець удавіцаю і не зазнаю страты дзяцей».
 
А цяпер паслухай гэта, прыгажуня, якая жывеш у бясьпецы, якая кажаш у сэрцы сваім: «[Толькі] я, і акрамя мяне [няма] нікога, не застануся ўдавой і не зазнаю сіроцтва!»

Але зьнянацку, у адзін дзень, прыйдзе да цябе тое і другое — страта дзяцей і ўдоўства; поўнаю мераю сыдуць яны на цябе, нягледзячы на мноства чарадзействаў тваіх і на вялікую сілу варажбіцтва твайго.
 
Але прыйдзе да цябе і тое, і іншае. Раптам, у адзін дзень і сіроцтва, і ўдоўства зваляцца на цябе, нягледзячы на мноства чараваньняў тваіх, нягледзячы на моц мноства заклёнаў тваіх.

Бо ты спадзявалася на зладзейства тваё, казала: «ніхто ня бачыць мяне». Мудрасьць твая і веды твае — яны зьбілі цябе з дарогі, і ты казала ў сэрцы тваім: «я, і ніхто апрача мяне».
 
Бо ты спадзявалася на злоснасьць тваю і казала: «Ніхто ня ўбачыць мяне». Мудрасьць твая і веданьне тваё падманулі цябе, і ты сказала ў сэрцы тваім: «Я, і больш ніхто!»

І прыйдзе на цябе нягода: ты не даведаешся, адкуль яна падымецца, і наваліцца на цябе бяда, якое ты ня мецьмеш сілы ўхіліць, і раптоўна прыйдзе на цябе загуба, пра якую ты ня думаеш.
 
Таму прыйдзе на цябе гора, і ня будзеш ведаць заклёну супраць яго, і спадзе на цябе бяда, і ня зможаш пазьбегнуць яе, і прыйдзе на цябе раптам зьнішчэньне, пра якое ня ведаеш.

Заставайся ж з тваімі варажбіцтвамі і з мноствам чарадзействаў тваіх, якімі ты займалася з маладосьці тваёй: можа стацца — пасобіш сабе, можа стацца — выстаіш.
 
Заставайся з заклёнамі тваімі і з мноствам чараваньняў тваіх, у якіх практыкавалася ад юнацтва твайго. Можа, будзеш мець з іх карысьць, а можа, напалохаеш [каго].

Ты стомленая мноствам парадаў тваіх: хай жа выступяць назіральнікі нябёсаў і зьвездары і прадказальнікі па маладзіках, і ўратуюць цябе ад таго, што мае прыпасьці табе.
 
Ты стамілася ад мноства дарадцаў тваіх. Няхай стануць і ратуюць цябе тыя, якія мераюць неба і глядзяць за зоркамі, і прадказваюць на кожны месяц, што мае прыйсьці да цябе.

Вось яны, як салома: агонь спаліў іх, — ня збавілі душы сваёй ад полымя; не засталося вугалю, каб пагрэцца, ні агню, каб пасядзець каля яго.
 
Вось, яны сталіся, як салома, агонь спаліць іх, і ня выратуюць яны душы сваёй ад рукі агню; бо гэта ня жар, якім грэюцца, гэта ня вогнішча, каб сядзець пры ім.

Такімі зрабіліся табе тыя, з кім ты працавала, з кім вяла гандаль з маладосьці тваёй. Кожны пайшоў у свой бок; ніхто не ратуе цябе.
 
Такімі стануць для цябе тыя, з якімі ты працавала, якія атачалі цябе ад юнацтва твайго. Кожны будзе блукаць у свой бок, і ніхто не ўратуе цябе.