Ісаі 10 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Гора тым, якія ставяць несправядлівыя законы і пішуць жорсткія пастановы,
 
Гора заканадаўцам, [якія ўстанаўляюць] законы беззаконныя і пішуць пастановы жорсткія,

каб адхіліць бедных ад правасудзьдзя і пазбавіць правоў маламоцных з народу Майго, каб удоваў зрабіць здабычаю сваёю і абрабаваць сіротаў.
 
каб адмовіць у правасудзьдзі ўбогім, каб пазбавіць суду прыгнечаных народу Майго, каб удовы сталіся здабычай іхняй, і сіротаў абрабаваць.

І што вы будзеце рабіць у дзень пакараньня, калі прыйдзе пагібель здалёку? Да каго ўцечаце па дапамогу? і дзе пакінеце багацьце вашае?
 
А што вы будзеце рабіць у дзень наведваньня, калі загуба прыйдзе здалёк? Да каго пабяжыцё за дапамогай і дзе пакінеце славу вашую?

Безь Мяне сагнуцца сярод вязьняў і ўпадуць сярод забітых. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
 
Нічога [ня зробіце], мусіце схіліцца сярод палонных, і ўпасьці сярод забітых. Пры ўсім гэтым не адвярнуўся [ад іх] гнеў Ягоны, і яшчэ выцягнутая рука Ягоная.

О, Асур, жазло гневу Майго! і біч у руцэ ў яго — Маё абурэньне!
 
Гора Асірыі, яна — дубец гневу Майго, і кій ярасьці Маёй у руцэ іхняй.

Я пашлю яго супроць народу бязбожнага і супроць народу гневу Майго, загадаю яму — абабраць рабункам і ўзяць здабычу, і таптаць яго, як бруд на вуліцах.
 
Супраць народу крывадушнага Я пасылаю яго, і пра народ гневу Майго Я загадваю, каб здабыць здабычу [ў ім] і зрабаваць рабаваньнем, таптаць яго таптаньнем, як балота на вуліцы.

Але ён ня так падумае, і ня так намысьліць сэрца ягонае: у яго будзе на сэрцы — спустошыць і вынішчыць нямала народаў.
 
Але ён ня так будзе думаць, і сэрца ягонае ня так будзе лічыць, бо ў сэрцы ягоным — [намер] нішчыць і загубіць нямала народаў.

Бо ён скажа: «ці ня ўсе цары князі мае?»
 
Бо ён кажа: «Ці ж князі мае ўсе разам не валадары?

Халнэ ці ж ня тое самае, што Кархэміс? Эмат ці ж ня тое самае, што Арпад? Самарыя ці ж ня тое самае, што Дамаск?
 
Ці ж Кально не такі, як Кархэміш? Ці ж Хамат не такі, як Арпад? Ці ж Самарыя не такая, як Дамаск?

Бо рука мая авалодала царствамі ідальскімі, у якіх куміраў больш, чым у Ерусаліме і Самарыі,
 
Бо рука мая ўзяла валадарствы ідалаў, а ў іх балванаў [больш], чым у Ерусаліме і ў Самарыі.

ці ж не зраблю таго самага зь Ерусалімам і рэзьбамі яго, што зрабіў з Самарыяй ды ідаламі яе?
 
Як я зрабіў з Самарыяй і ідаламі ейнымі, ці ж не зраблю гэтак сама з Ерусалімам і ідаламі ягонымі?»

І станецца: калі Гасподзь завершыць усю Сваю дзею на гары Сіёне і ў Ерусаліме, скажа: пагляджу на посьпех пыхлівага сэрца цара Асірыйскага і на славалюбства высока паднятых вачэй ягоных.
 
І станецца, калі Госпад скончыць усе справы Свае на гары Сыён і ў Ерусаліме, [Ён скажа]: «Я наведаю плод пыхлівага сэрца валадара Асірыі і фанабэрыю ганарыстых вачэй ягоных».

Ён кажа: сілаю рукі маёй і маёю мудрасьцю я зрабіў гэта, бо я разумны: і перастаўляю межы народаў, і разбураю скарбы іхнія, і скідаю з тронаў, як волат;
 
Бо ён сказаў: «Сілай рукі маёй я зрабіў гэта і мудрасьцю маёй, бо — разумны. Я зьмяніў межы народаў і зрабаваў скарбы іхнія, і як дужы я скідваю жыхароў [іхніх].

і рука мая захапіла багацьце народаў, як гнёзды; і як забіраюць пакінутыя ў іх яйкі, так забраў я ўсю зямлю, і ніхто не варухнуў крылом і не разьзявіў рота і ня пікнуў.
 
І як тое гняздо знайшла рука мая багацьце народаў, і як зьбіраюць пакінутыя яйкі, так я забраў усю зямлю; і не было нікога, хто б трапянуў крылом, і ніхто не адчыніў дзюбы, і ня цьвіркнуў».

Ці пахваляецца сякера перад тым, хто сячэ ёю? Ці ганарыцца піла перад тым, хто яе рухае? Хіба жазло паўстае на таго, хто падымае яго; хіба кій падымаецца на таго, хто ня дрэва!
 
Ці ж ганарыцца сякера перад тым, хто сячэ ёю? Ці ж вывышаецца піла па-над тым, хто пілуе ёю? Нібыта дубец будзе рухаць тым, хто падымае яго; нібыта кій падымае таго, хто ня [ёсьць] дрэвам.

За тое Гасподзь, Гасподзь Саваоф, пашле сухоты на тлустых яго і сярод знакамітых яго запаліць полымя, як полымя агню.
 
Дзеля гэтага Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў спашле хударлявасьць на тлустых ягоных; і сярод слаўных ягоных распаліць полымя, як полымя агню.

Сьвятло Ізраіля будзе агнём, і Сьвяты яго — полымем, якое спаліць і зжарэ церне яго і бадзякі яго за адзін дзень;
 
І станецца Сьвятло Ізраіля агнём, а Сьвяты ягоны — полымем; Ён будзе палаць і паесьць церні ягоныя і асот ягоны ў адзін дзень.

і славуты лес яго і сад яго, ад душы да цела, вынішчыць; і ён будзе, як чэзлы прысьмертнік.
 
І славу лесу ягонага і саду ягонага, ад душы аж да цела, Ён вынішчыць. І станецца, што змарнее ён, як той хворы.

І рэшта дрэў лесу будзе такая малая лікам, што дзіця зможа зрабіць вопіс.
 
І рэшта дрэваў у лесе ягоным будзе такой малой, што хлопчык іх палічыць.

І будзе ў той дзень: рэшта Ізраіля і хто ўратуецца з дома Якава, ня будуць больш спадзявацца на таго, хто пабіў іх, а пакладуць надзею на Госпада, Сьвятога Ізраілевага, са шчырым сэрцам.
 
І станецца ў той дзень, што рэшта Ізраіля і ўратаваныя з дому Якуба ня будуць больш абапірацца на таго, хто б’е іх, але будуць абапірацца ў праўдзе на ГОСПАДА, Сьвятога Ізраіля.

Рэшта навернецца, рэшта Якава — да Бога моцнага.
 
Рэшта навернецца, рэшта Якуба [навернецца] да Бога Магутнага.

Бо, хоць бы народу ў цябе, Ізраіле, было столькі, колькі пяску марскога, толькі рэшта яго вернецца; вынішчэньне вызначана, каб зьдзейсьнілася справядлівасьць;
 
Бо хоць бы народ твой, Ізраіль, быў як пясок марскі, толькі рэшта навернецца. Загуба прызначана, каб зьдзейсьнілася праведнасьць.

бо вызначанае вынішчэньне ўчыніць Гасподзь, Гасподзь Саваоф, на ўсёй зямлі.
 
Бо загубу прызначаную зьдзейсьніць Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, сярод усёй зямлі.

Таму так кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф: народзе мой, што жывеш на Сіёне! ня бойся Асура. Ён цябе вытне жазлом, і падыме свой кій на цябе, як Егіпет.
 
Дзеля гэтага так кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў: «Народ Мой, які жыве на Сыёне, ня бойся Асірыі, якая дубцом б’е цябе і кій свой падымае, як на шляху Эгіпецкім.

Яшчэ нямнога, зусім нядоўга, і пройдзе Маё абурэньне, і лютасьць Мая абернецца на вынішчэньне іх.
 
Бо яшчэ крыху, яшчэ хвіліну, і спыніцца ярасьць, і гнеў Мой павернецца на загубу іхнюю».

І падыме Гасподзь Саваоф біч на яго, як пад час паражэньня Мадыяма каля скалы Арыва, альбо як падняў на мора жазло і падыме яго, як на Егіпет.
 
І ўзбудзіць ГОСПАД Магуцьцяў біч на яго, як тады, калі пабіў Мадыян каля скалы Арэў, і калі [падняў] кій Свой над морам, і ўзьняў яго на шлях Эгіпецкі.

І станецца ў той дзень: здымецца з плячэй тваіх цяжар ягоны, і ярмо ягонае — з шыі тваёй; і распадзецца ярмо ад тлушчу.
 
І станецца ў той дзень, што зваліцца цяжар ягоны з плячэй тваіх, і ярмо ягонае з шыі тваёй; і распадзецца ярмо ад [тлустасьці] алею.

Ён ідзе на Аят; праходзіць Мігрон; у Міхмасе складвае запасы свае.
 
Ён прыходзіць ад Аят, праходзіць праз Мігрон, у Міхмашу ставіць рэчы свае.

Праходзяць цясьніны; у Геве начлег іхні; Рама трасецца; Саўлава Гіва разьбеглася.
 
Пераходзяць яны вандол, у Геве начуюць. Дрыжыць Рама, Гіва Саўлава ўцякае.

Галасі голасам тваім, дачка Галімава; хай пачуе цябе Лаіс, гаротны Анатот!
 
Крычы голасам тваім, дачка Галіму! Прыхілі вуха, Ляіша! Адкажы ёй, Анатот!

Мадмена разьбеглася, жыхары Гевіма пасьпешна ўцякаюць.
 
Мадмена ўцякае, жыхары Гевіму хаваюцца.

Яшчэ дзень прастаіць ён у Нове; пагражае рукою сваёю гары Сіёну, пагорку Ерусалімскаму.
 
Яшчэ дзень ён будзе стаяць у Нове; пагражаць рукою сваёй гары дачкі Сыёну, узгорку Ерусалімскаму.

Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, страшнаю сілаю сарве вецьце дрэў, і выбуялыя сьсечаны будуць, выносныя пахілены да зямлі.
 
Вось Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў абсякае галіны сярод страху [вялікага]; і ўзьнесеныя вышынёй [сваёй] будуць пасьцінаныя, і ўзвышаныя будуць паніжаныя.

І пасячэ нетры лесу жалезам, — і Ліван упадзе ад Усемагутнага.
 
І Ён пасячэ жалезам гушчары лясныя, і Лібан упадзе ад Магутнага.