Ісаі 18 разьдзел

Кніга прарока Ісаі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Гора зямлі шумнакрылай па той бок рэк Эфіопскіх,
 
Гора зямлі бразгатлівых крылаў, якая на другім баку рэкаў Кушу,

якая пасылае паслоў па моры, і ў папірусных суднах па водах! Ідзеце, борздыя паслы, да народу рослага і бліскучаскурага, да народу грознага нават здалёку і дагэтуль, да народу ўладарнага, які ўсё топча, зямлю якога расьсякаюць рэкі.
 
якая пасылае паслоў праз мора ў лайбах з трысьнёгу па абліччы вады, [кажучы]: «Ідзіце, пасланцы шпаркія, да народу высокага і бліскучага, да народу страшнага здаўна і цяпер, да народу дужага, які топча [ўсіх], зямлю якога перацінаюць рэкі».

Усе вы, што засяляеце сьвет і жывяце на зямлі! Глядзеце, калі сьцяг падымецца на горах, і, калі загрыміць труба, слухайце!
 
Усе жыхары сусьвету, якія засяляюць зямлю, глядзіце, калі ўзьнімецца сьцяг на гарах, і слухайце, калі затрубіць труба!

Бо так Гасподзь сказаў мне: Я спакойна гляджу з жытла Майго, як сьветлая цяплыня пасьля дажджу, як воблака расы ў часе жніўнае сьпёкі.
 
Бо гэта сказаў мне ГОСПАД: «Я буду ў супакоі і буду глядзець з месца сялібы Маёй, як цеплыня ясная пры сьвятле [сонца], як воблака роснае ў сьпёку жніва».

Бо да збору вінаграду, калі ён адцьвіце, і гронка пачне дасьпяваць, Ён адатне нажом вецьце і адкіне, і абсячэ парасткі.
 
Бо перад жнівом, калі адквітнее [вінаград] і нясьпелае станецца сьпелымі гронкамі, тады Ён абрэжа галіны сярпом, а атожылкі абсячэ і выкіне.

І пакінуць усё драпежным горным птушкам і зьвярам польным; і птушкі будуць летаваць там, а ўсе зьвяры польныя зімавацьмуць там.
 
І будуць яны пакінутыя для драпежных птушак на гарах і для скаціны на зямлі; і летам будуць імі [жывіцца] драпежныя птушкі, а ўся скаціна зямлі будзе імі [жывіцца] зімою.

У той час будзе прынесены дарунак Госпаду Саваофу ад народу рослага і бліскучаскурага, ад народу грознага нават здалёку і дагэтуль, ад народу ўладарнага, які топча ўсё, зямлю якога расьсякаюць рэкі, — да месца імя Госпада Саваофа, на гару Сіён.
 
У той час прынясе дар для ГОСПАДА Магуцьцяў народ высокі і бліскучы, народ страшны здаўна і цяпер, народ дужы, які топча [ўсё], зямлю якога перацінаюць рэкі, [прынясе] на месца ГОСПАДА Магуцьцяў, на гару Сыён.