1 летапісаў 29 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І сказаў цар Давід усяму сходу: Саламоне, сыне мой, якога аднаго выбраў Бог, малады і слабасілы, а дзея гэтая вялікая, бо не чалавеку будова гэтая, а Госпаду Богу.
І сказаў валадар Давід усёй царкве: «Салямон, сын мой, якога аднаго выбраў Бог, малады і кволы, а праца гэта вялікая, бо не для чалавека будыніна гэтая, але для ГОСПАДА Бога.
Усімі сіламі сваімі я нарыхтаваў на дом Бога майго золата на залатыя рэчы і срэбра на срэбраныя, і медзь на медныя, жалеза на жалезныя, і драўніну на драўляныя, камяні анікса і камяні ўстаўныя, камяні прыгожыя, і ўсялякія дарагія камяні, і мноства мармуру;
З усёй сілай маёй я падрыхтаваў для Дому Бога майго золата на [рэчы] залатыя, і срэбра — на срэбныя, і медзь — на мядзяныя, жалеза — на жалезныя, і дрэва — на драўляныя, камяні оніксу і для аправаў камяні аздобныя і каляровыя, і ўсялякія камяні каштоўныя, і мноства мармуровых камянёў.
і яшчэ па любові маёй да дома Бога майго, ёсьць у мяне скарб уласны з золата і срэбра, і яго я аддаю на дом Бога майго, звыш усяго, што нарыхтаваў я на сьвяты дом:
І яшчэ, з зычлівасьці маёй для Дому Бога майго, я маю ўласнае золата і срэбра; і я аддаў на Дом Бога майго, звыш усяго, што я падрыхтаваў на Дом Сьвяты:
тры тысячы талантаў золата, золата Афірскага, і сем тысяч талантаў срэбра чыстага, на абкладку сьцен у дамах,
тры тысячы талентаў золата, золата Афірскага, і сем тысячаў талентаў срэбра чыстага на ашаляваньне сьценаў пабудоваў.
на кожную з залатых рэчаў, і на кожную з срэбраных, і на ўсякі выраб рук умельскіх. Ці не парупіцца хто яшчэ сёньня ахвяраваць Госпаду?
Золата — на [рэчы залатыя], срэбра — на срэбныя і на ўсю працу рук разьбяроў. І хто [яшчэ] ахвяруецца, каб сёньня напоўніць руку сваю для ГОСПАДА?»
І пачалі ахвяраваць начальнікі сямействаў і начальнікі плямёнаў Ізраілевых, і начальнікі тысяч і сотняў, і начальнікі над маёмасьцю цара.
І склалі дары князі [дамоў] бацькоў, князі каленаў Ізраіля, і начальнікі тысячаў і сотняў, і начальнікі працаў валадара.
І далі на ўладкаваньне дома Божага пяць тысяч талантаў і дзесяць тысяч драхмаў золата, і срэбра дзесяць тысяч талантаў, і медзі, і жалеза сто тысяч талантаў.
І далі на служэньне Дому Божага золата пяць тысячаў талентаў і дзесяць тысячаў дукатаў, і срэбра дзесяць тысячаў талентаў, і медзі васямнаццаць тысячаў талентаў, і жалеза сто тысячаў талентаў.
І ў каго знайшліся дарагія камяні, тыя аддавалі і іх у скарбніцу дома Гасподняга, на рукі Ехіілу Герсаніцяніну.
Тыя, у каго знайшліся камяні [каштоўныя], давалі ў скарбніцу Дому ГОСПАДА на рукі Ехіэля, сына Гершона.
І радаваўся народ руплівасьці іх, бо яны ад усяго сэрца ахвяравалі Госпаду, таксама і цар Давід вельмі радаваўся.
І радаваўся народ з дабраахвотных дароў, бо са шчырым сэрцам яны давалі дары ГОСПАДУ; і таксама валадар радаваўся радасьцю вялікай.
І дабраславіў Давід Госпада перад усім сходам, і сказаў Давід: дабраславёны Ты, Гасподзь Бог Ізраіля, бацькі нашага, ад веку і да веку!
І дабраславіў Давід ГОСПАДА перад вачыма ўсёй царквы, і сказаў Давід: «Дабраслаўлёны Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля, бацькі нашага, ад веку і на вякі!
Твая, Госпадзе, веліч, і магутнасьць, і слава, і перамога, і цудоўнасьць, і ўсё, што на небе і на зямлі, Тваё; Тваё, Госпадзе, царства, і Ты найвышэй за ўсё, як Уладаны.
Твае, ГОСПАДЗЕ, веліч і магутнасьць, і праслаўленьне, хвала і годнасьць, бо ўсё ў небе і на зямлі Тваё; Тваё, ГОСПАДЗЕ, валадарства, і Ты ўзьнесены па-над усім як галава.
І багацьце і слава ад аблічча Твайго, і ты валадарыш над усім, і ў руцэ Тваёй сіла і магутнасьць, і ва ўсёй уладзе Тваёй узьвялічыць і ўмацаваць усё.
І багацьце, і слава — ад Цябе, і Ты пануеш над усім; і ў руцэ Тваёй сіла і моц; і ў руцэ Тваёй узьвялічыць і ўмацаваць усё.
І цяпер, Божа наш, мы славасловім Цябе і хвалім велічнае імя Тваё.
І цяпер, Божа наш, мы выслаўляем Цябе і хвалім імя велічнасьці Тваёй.
Бо хто я і хто народ мой, што мы мелі змогу так ахвяраваць? А ад Цябе ўсё, і ад рукі Тваёй атрыманае мы аддалі Табе,
Бо хто я і хто народ мой, што мы маем сілу так ахвотна прыносіць дары? Бо ўсё гэта — ад Цябе, і з рукі Тваёй мы [атрымалі і] аддалі Табе.
бо староньнія мы прад Табою і прыхадні, як і ўсе бацькі нашыя, як цень дні нашыя на зямлі, і няма нічога моцнага.
Бо мы — прыхадні перад абліччам Тваім, як усе бацькі нашыя. Дні нашыя на зямлі, як цень, і няма трываласьці.
Госпадзе Божа наш! усё гэта мноства, якога нарыхтавалі мы на будову дома Табе, сьвятому імю Твайму, ад рукі Тваёй яно, і ўсё Тваё.
ГОСПАДЗЕ, Божа наш! Усё гэтае мноства, якое мы падрыхтавалі, каб пабудаваць Табе Дом для імя сьвятога Твайго — з рукі Тваёй, і ўсё гэта — Тваё.
Ведаю, Божа, што Ты выпрабоўваеш сэрца і любіш шчырасьць сэрца; я ад чыстага сэрца майго ахвяраваў усё гэта, і цяпер бачу, што і народ Твой, і ўсе, хто тут, з радасьцю ахвяруюць Табе.
І я ведаю, Божа мой, што Ты выспрабоўваеш сэрца, і шчырасьць даспадобы Табе. І я ў шчырасьці сэрца майго ахвотна прынёс у дар усё гэта. І цяпер я бачу з радасьцю народ Твой, які знаходзіцца тут і дабраахвотна прыносіць дары Табе.
Госпадзе, Божа Абрагама, Ісака і Ізраіля, бацькоў нашых! захавай гэта навек, гэтую прыхільнасьць думак сэрца народу Твайго, і накіруй сэрца іхняе да Цябе.
ГОСПАДЗЕ, Божа Абрагама, Ісаака і Ізраіля, бацькоў нашых, захавай на вякі намер думак сэрца народу Твайго і ўмацуй сэрца іхняе пры Сабе!
А Саламону, сыну майму, дай сэрца правільнае, каб захоўваць запаведзі Твае, адкрыцьці Твае і пастановы Твае, і выканаць усё гэта і пабудаваць дом, дзеля якога я зрабіў прыгатаваньне.
І дай Салямону, сыну майму, сэрца шчырае, каб захоўваў прыказаньні Твае, сьведчаньні Твае і пастановы Твае, і выканаў усё, і пабудаваў будыніну, якую я падрыхтаваў».
І сказаў Давід усяму сходу: дабраславеце Госпада Бога нашага. І дабраславіў увесь сход Госпада Бога бацькоў сваіх, і ўпаў, і пакланіўся Госпаду і цару.
І сказаў Давід усёй царкве: «Дабраславіце ГОСПАДА, Бога вашага!» І дабраславіла ўся царква ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, і схіліліся, і пакланіліся ГОСПАДУ і валадару.
І прынесьлі Госпаду ахвяры, і ўзьнесьлі цэласпаленьні Госпаду, на другі пасьля гэтага дзень: тысячу цялят, тысячу бараноў, тысячу ягнят зь іх паліваньнямі, і мноства ахвяр ад усяго Ізраіля.
І яны ахвяравалі ахвяры для ГОСПАДА, і ўзносілі цэласпаленьні ГОСПАДУ назаўтра пасьля гэтага дня: тысячу бычкоў, тысячу бараноў, тысячу ягнят і ахвяры вадкія, і мноства ахвяраў за ўвесь Ізраіль.
І елі і пілі перад Госпадам у той дзень, зь вялікаю радасьцю; і другі раз уцаравалі Саламона, сына Давідавага, і памазалі перад Госпадам у кіраўніка вярхоўнага, а Садока ў сьвятара.
І елі, і пілі перад абліччам ГОСПАДА ў гэты дзень з вялікай радасьцю, і другім разам паставілі як валадара Салямона, сына Давіда, і памазалі яго перад ГОСПАДАМ як начальніка, а Цадока — як сьвятара.
І сеў Саламон на троне Гасподнім, як цар, замест Давіда, бацькі свайго, і меў посьпех, і ўвесь Ізраіль упакорыўся яму.
І сеў Салямон на пасад ГОСПАДА як валадар замест Давіда, бацькі свайго, і меў посьпех, і слухаў яго ўвесь Ізраіль.
І ўсе начальнікі і адважнікі, таксама і ўсе сыны цара Давіда падпарадкаваліся Саламону цару.
І ўсе князі і волаты, а таксама ўсе сыны валадара Давіда далі руку Салямону валадару.
І ўзьвялічыў Гасподзь Саламона перад вачыма ўсяго Ізраіля, і дараваў яму славу царства, якой ня меў да яго ніводзін цар у Ізраіля.
І надзвычай узьвялічыў ГОСПАД Салямона перад вачыма ўсяго Ізраіля, і даў яму велічнасьць валадарскую, якой ня было ў аніводнага валадара перад абліччам Ягоным у Ізраілі.
І Давід, сын Есэеў, цараваў над усім Ізраілем.
І Давід, сын Есэя, валадарыў над усім Ізраілем.
Часу цараваньня яго над Ізраілем было сорак гадоў: у Хэўроне цараваў ён сем гадоў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады.
І дзён, у якія ён валадарыў над Ізраілем, было сорак гадоў: у Хеўроне ён валадарыў сем гадоў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады.
І памёр у добрай старасьці, насычаны жыцьцём, багацьцем і славаю, і зацараваў Саламон, сын ягоны, замест яго.
І ён памёр у добрай старасьці, насычаны днямі, багацьцем і славаю; і Салямон, сын ягоны, заваладарыў замест яго.
Дзеі цара Давіда, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самуіла празорліўца і ў запісах Натана прарока і ў запісах Гада празорліўца,
І справы Давіда валадара, першыя і апошнія, вось, яны запісаныя ў летапісах Самуэля, відушчага, і ў летапісах Натана, прарока, і ў летапісах Гада, відушчага,
як роўна і ўсё цараваньне ягонае, і мужнасьць ягоная, і здарэньні, якія былі зь ім і зь Ізраілем, і з усімі зямнымі царствамі.
разам з усім валадараньнем ягоным, і з магутнасьцю ягонаю, і з часамі, што мінулі над ім, і над Ізраілем, і над усімі валадарствамі зямлі гэтай.