1 летапісаў 15 разьдзел
Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І пабудаваў ён сабе дамы ў горадзе Давідавым, і падрыхтаваў месца для каўчэга Божага, і ўладзіў для яго скінію.
І пабудаваў [Давід] сабе дамы ў горадзе Давіда, і падрыхтаваў месца для Каўчэгу Божага, і расьцягнуў для яго намёт.
Тады сказаў Давід: ніхто не павінен насіць каўчэга Божага, акрамя лявітаў, бо іх выбраў Гасподзь на тое, каб насіць каўчэг Божы і служыць яму вавекі.
Тады сказаў Давід: «Ніхто ня мае насіць Каўчэг Божы, акрамя лявітаў, бо іх выбраў ГОСПАД на тое, каб насіць Каўчэг Божы і служыць пры ім на вякі».
І сабраў Давід усіх Ізраільцян у Ерусалім, каб унесьці каўчэг Божы на месца яго, якое ён дзеля яго падрыхтаваў.
І сабраў Давід усяго Ізраіля ў Ерусалім, каб прынесьці Каўчэг ГОСПАДА на месца ягонае, якое ён прыгатаваў для яго.
І склікаў Давід сыноў Ааронавых і лявітаў:
І сабраў Давід сыноў Аарона і лявітаў.
з сыноў Каатавых, Урпыіла правадыра і братоў ягоных — сто дваццаць чалавек;
З сыноў Кегата: Урыэля, начальніка, і братоў ягоных — сто дваццаць;
з сыноў Мэрарыных, Асаю правадыра і братоў ягоных — дзьвесьце дваццаць чалавек;
з сыноў Мэрары: Асію, начальніка, і братоў ягоных — дзьвесьце дваццаць;
з сыноў Гірсонавых, Ёіля правадыра і братоў ягоных — сто трыццаць чалавек;
з сыноў Гершома: Ёэля, начальніка, і братоў ягоных — сто трыццаць;
з сыноў Элісафанавых, Шэмаю правадыра і братоў ягоных — дзьвесьце;
з сыноў Эліцафана: Шэмаю, начальніка, і братоў ягоных — дзьвесьце;
з сыноў Хэўронавых, Эліела правадыра і братоў ягоных — восемдзясят;
з сыноў Хеўрона: Эліэля, начальніка, і братоў ягоных — восемдзясят;
з сыноў Узіілавых, Амінадава правадыра і братоў ягоных — сто дванаццаць.
з сыноў Узіэля: Амінадава, начальніка, і братоў ягоных — сто дванаццаць.
І паклікаў Давід сьвятароў: Садока і Авіятара, і лявітаў: Урыіла, Асаю, Ёіля, Шэмаю, Эліела і Амінадава,
І паклікаў Давід Цадока і Абіятара, сьвятароў, і лявітаў Урыэля, Асаю, Ёэля, Шэмаю, Эліэля і Амінадава,
і сказаў ім: вы, начальнікі родаў лявіцкіх, асьвяцецеся самі і браты вашыя, і прынясеце каўчэг Госпада Бога Ізраілевага на месца, якое я падрыхтаваў для яго,
і сказаў ім: «Вы — галовы [дамоў] бацькоў у лявітаў. Асьвяціцеся вы і браты вашыя і перанясіце Каўчэг ГОСПАДА, Бога Ізраіля, на месца, якое я прыгатаваў для яго.
бо як раней ня вы гэта рабілі, дык Гасподзь Бог наш пабіў нас за тое, што мы не парупіліся за Яго, як было трэба.
Бо першы раз ня вы гэта рабілі, і ГОСПАД, Бог наш, ударыў нас, бо мы не шукалі Яго як мае быць».
І асьвяціліся сьвятары і лявіты дзеля таго, каб несьці каўчэг Госпада Бога Ізраілевага.
І асьвяціліся сьвятары і лявіты, каб перанесьці Каўчэг ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
І панесьлі сыны лявітаў каўчэг Божы, як наказваў Майсей паводле слова Госпада, на плячах, на жэрдзях.
І несьлі сыны лявітаў Каўчэг Божы, як загадаў Майсей паводле слова ГОСПАДА, на рамёнах сваіх, на насілах.
І загадаў Давід начальнікам лявітаў паставіць братоў сваіх сьпевакоў з музычнымі інструментамі, з псалтырамі і цытрамі і кімваламі, каб яны гучна ўзьвяшчалі голас радаваньня.
І сказаў Давід начальнікам лявітаў, каб паставілі братоў сваіх сьпевакоў з музычнымі інструмэнтамі, з псалтырамі, гусьлямі, цымбаламі, каб гралі, падымаючы голас з радасьцю.
І паставілі лявіты Эмана, сына Ёілевага, і з братоў ягоных, Асафа, сына Вэрэхііна, а з сыноў Мэрарыных, братоў іхніх, Этана, сына Кушаі;
І паставілі лявіты Гэмана, сына Ёэля, і з братоў ягоных Асафа, сына Бэрэхіі, а з сыноў Мэрары, братоў іхніх, Этана, сына Кушаі,
і зь імі братоў іхніх другарадных: Захара, Бэна, Яазііла, Шэмірамота, Ехііла, Унія, Эліява, Ванэю, Маасэя, Мататыю, Эліфлэуя, Мікнэя і Авэд-Эдома і Еэла, брамнікаў.
і з імі братоў іхніх другога шэрагу: Захарыю, Бэна, Яазіэля, Шэмірамота, Ехіэля, Уні, Эліява, Бэнаю, Маасэю, Матытыю, Элефэлегу, Мікнэю, Абэд-Эдома, Еіэля, прыдзьвернікаў.
Эман, Асаф і Этан ігралі гучна на медных кімвалах,
І сьпевакоў: Гэмана, Асафа і Этана — з цымбаламі мядзянымі, каб чулі;
а Захар, Азііл, Шэмірамот, Ехііл, Уній, Эліяў, Маасэя і Ванэя — на псалтырах, тонкім голасам.
а Захарыю, Азіэля, Шэмірамота, Ехіэля, Уні, Эліява, Маасэю, Бэнаю — з псалтырамі;
А Мататыя, Эліфлуй, Мікнэй, Авэд-Эдом, Еэл і Азазія — на цытрах, каб рабіць пачатак.
а Матытыю, Эліфэлегу, Мікнэю, Абэд-Эдома, Еіэля і Азазію — з гусьлямі на актаву для пачынаньня.
А Хэнанія, начальнік лявітаў, быў начальнік сьпеваў, бо быў умельскі ў іх.
А Хэнанію, начальніка лявітаў у сьпеве, — каб кіраваў сьпяваньнем, бо ён быў здольны [ў гэтым].
Вэрэхія і Элкана былі брамнікамі каля каўчэга.
А Бэрэхія і Элькана былі вартаўнікамі пры Каўчэгу.
Шэванія, Ёсафат, Натанаіл, Амасай, Захар, Ванэя і Эліезэр, сьвятары, трубілі трубамі перад каўчэгам Божым. Авэд-Эдом і Ехія былі брамнікамі каля каўчэга.
А Шэванія, Язафат, Нэтанэль, Амасай, Захарыя, Бэная і Эліэзэр, сьвятары, трубілі ў трубы перад Каўчэгам Божым. Абэд-Эдом і Ехія былі вартаўнікамі пры Каўчэгу.
Так Давід і старэйшыны Ізраілевыя і тысячнікі пайшлі перанесьці каўчэг запавету Гасподняга з дома Авэд-Эдомавага з радасьцю.
І сталася, што Давід і старшыні Ізраіля, і тысячнікі вырушылі, каб вынесьці Каўчэг Запавету ГОСПАДА з дому Абэд-Эдома з радасьцю.
І калі Бог памагаў лявітам, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, тады закалолі ў ахвяру сем цялят і сем бараноў.
І сталася, што Бог дапамог лявітам, якія несьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і склалі ў ахвяру сем бычкоў і сем бараноў.
Давід быў апрануты ў вісонную вопратку, а таксама і ўсе лявіты, якія несьлі каўчэг, і сьпевакі, і Хананія начальнік музыкантаў і сьпевакоў. А на Давідзе быў яшчэ ільняны эфод.
І Давід быў апрануты ў плашч з вісону, [таксама] і ўсе лявіты, якія несьлі Каўчэг і сьпявалі, і Хэнанія, начальнік сьпяваньня сьпевакоў. І на Давідзе быў эфод ільняны.
Так увесь Ізраіль уносіў каўчэг запавета Гасподняга з воклічамі, пад гукі рога і труб і кімвалаў, граючы на псалтырах і цытрах.
І ўвесь Ізраіль узьняў Каўчэг Запавету ГОСПАДА з гуканьнем і з гукам рагоў, і з трубамі, і з цымбаламі, граючы на псалтырах і гусьлях.
Калі каўчэг запавета Гасподняга ўваходзіў у горад Давідаў, Мэлхола, дачка Саўлава, глядзела ў акно і, убачыўшы цара Давіда, які скакаў і весяліўся, зьнікчэмніла яго ў сэрцы сваім.
І сталася, калі Каўчэг Запавету ГОСПАДА ўваходзіў у горад Давіда, Міхаль, дачка Саўла, глядзела ў вакно, і ўбачыла валадара Давіда, які скакаў і танчыў, і пагардзіла ім у сэрцы сваім.