1 летапісаў 12 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І гэтыя таксама прыйшлі да Давіда ў Сэкелаг, калі ён яшчэ хаваўся ад Саўла, сына Кісавага, і былі з адважнікаў, якія дапамагалі ў бітве.
 
А гэтыя прыйшлі да Давіда ў Цыкляг, [калі ён] хаваўся ад аблічча Саўла, сына Кіша, і былі яны сярод магутных, якія дапамагалі бітве,

Узброеныя лукам, і тыя, што кідалі праваю і леваю рукою камяні і стралялі стрэламі з лука, — з братоў Саўла, ад Веньяміна:
 
[і былі яны] ўзброеныя лукам, праваю і леваю рукою [кідалі] камяні і стрэлы з луку, [і былі] з братоў Саўла, з [сыноў] Бэн’яміна:

галоўны Ахіезэр, за ім Ёас, сыны Шэмаі, з Гівы; Езіел і Фэлэт, сыны Азмавэта: Бэраха і Егу з Анатота;
 
галоўны — Ахіезэр, і Ёаш, сыны Шэмаі з Гівы; Езіэль і Пэлет, сыны Азмавэта; Бэраха і Егу з Анатоту;

Ішманія Гавааніцянін, адважнікі з трыццаці і начальнік над трыццацьцю; Ерамія, Яхазііл, Ёханан і Ёзавад з Гедэры;
 
Ішмая з Гібэону, магутны з трыццаці і над трыццацьцю; Ірмэя, Яхазіэль, Ёханан, Ёзавад з Гедэры;

Элузай, Ерымот, Вэалія, Шэмарыя, Сафатыя Харытыянін;
 
Элюзай, Ерымот, Бэалія, Шэмарыя, Шэфатыя з Гаруфы;

Элкана, Ішыяху, Азарыл, Ёэзэр і Ёшавам, Карэяне;
 
Элькана, Ішыя, Азарэль, Ёезэр, Яшаба, [яны —] Карахічы;

і Ёэла і Зэвадыя сыны Ерахама, з Гэдора.
 
Ёэла, Зэвадыя, сын Ерахаша, з Гедору.

І з Гадыцян перайшлі да Давіда ва ўмацаваньне, у пустыню людзі мужныя, ваяўнічыя, узброеныя шчытом і дзідай; твары ільвіныя — твары іхнія, і яны шпаркія, як сарны ў горах.
 
І з [сыноў] Гада далучыліся да Давіда ў крэпасьці ў пустыні волаты, мужы адважныя, спраўныя да вайны, узброеныя шчытом і дзідаю; абліччы іхнія — як аблічча ільва, і як сарна на горах яны хуткія:

Галоўны Эзэр, другі Авадыя, трэці Эліяў,
 
Езэр — галоўны, Абадыя — другі, Эліяў — трэці,

чацьвёрты Мішмана, пяты Ерамія,
 
Мішманна — чацьвёрты, Ірмэя — пяты,

шосты Атай, сёмы Эліел,
 
Атай — шосты, Эліэль — сёмы,

восьмы Ёханан, дзявяты Элзавад,
 
Ёханан — восьмы, Эльзавад — дзявяты,

дзясяты Ерамія, адзінаццаты Махбанай.
 
Ірмэя — дзясяты, Махбанай — адзінаццаты.

Яны з сыноў Гадавых узначальцы ў войску: меншы над сотняю, і большы над тысячаю.
 
Гэтыя з сыноў Гада былі галовамі войска: адзін з найменшых быў над сотняю, а найбольшы — над тысячаю.

Вось яны перайшлі Ярдан у першы месяц, калі ён выступае зь берагоў сваіх, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсход і захад.
 
Гэта тыя, якія перайшлі Ярдан у першы месяц, калі ён перапоўнены па-над берагі свае, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсходзе і на захадзе.

Прыйшлі таксама і з сыноў Веньямінавых і Юдавых ва ўмацаваньне да Давіда.
 
І прыйшлі [людзі] з сыноў Бэн’яміна і Юды ў крэпасьць да Давіда.

Давід выйшаў насустрач ім, і сказаў ім: калі зь мірам прыйшлі вы да мяне, каб дапамагаць мне, дык хай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб падступна перадаць мяне ворагам маім, тым часам як няма заганы на руках маіх, дык хай бачыць Бог бацькоў нашых і рассудзіць.
 
І выйшаў Давід перад аблічча іхняе, і адказаў, і сказаў ім: «Калі з супакоем вы прыйшлі да мяне, каб дапамагчы мне, няхай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб здрадліва аддаць мяне ворагам маім, хоць няма няправасьці ў руках маіх, няхай убачыць Бог бацькоў нашых і няхай рассудзіць».

І абняў дух Амасая, узначальцу трыццацёх, і сказаў ён: мір табе, Давідзе, і з табою, сыне Есэеў; мір табе і мір памочнікам тваім; бо памагае табе Бог твой. Тады прыняў іх Давід і паставіў на чале войска.
 
І Дух агарнуў Амасаю, галаву трыццаці, [і ён сказаў]: «Супакой табе, Давідзе, і з табою, сыне Есэя! Супакой табе і супакой памочніку твайму, бо дапамагае табе Бог твой». І прыняў іх Давід, і паставіў іх на чале аддзелаў.

І з племя Манасіінага перайшлі да Давіда, калі ён ішоў зь Філістымлянамі на вайну супроць Саўла, але не дапамагаў ім, бо ўзначальцы Філістымскія, параіўшыся, адаслалі яго, кажучы: на нашую галаву ён пяройдзе да гаспадара свайго Саўла.
 
І з [сыноў] Манасы далучыліся да Давіда, калі ён ішоў з Філістынцамі на вайну супраць Саўла, але не дапамагаў ім, бо князі Філістынскія, парадзіўшыся, адаслалі яго, кажучы: «Коштам галоваў нашых ён пяройдзе да гаспадара свайго Саўла».

Калі ён вяртаўся ў Сэкелаг, тады перайшлі да яго з Манасіян: Аднах, Ёзавад, Едыяэл, Міхаіл, Ёзавад, Элігу і Цыльтай, тысячнікі ў Манасіян.
 
Калі ён ішоў у Цыкляг, далучыліся да яго з Манасы: Аднах, Ёзавад, Едыяэль, Міхаэль, Ёзавад, Елігу і Цылетай, — тысячнікі ў Манасы.

І яны дапамагалі Давіду супроць полчышчаў, бо ўсе гэта былі людзі адважныя і былі правадыры ў войску.
 
І яны дапамагалі Давіду супраць арды, бо ўсе яны былі магутнымі і мужнымі і былі князямі ў войску.

Так з кожным днём прыходзілі да Давіда на дапамогу да таго, што ягонае рушэньне зрабілася вялікае, як рушэньне Божае.
 
Гэтак кожны дзень прыходзілі да Давіда, каб дапамагаць яму, ажно табар ягоны стаў вялікім, як табар Божы.

Вось лічба галоўных у войску, якія прыйшлі да Давіда ў Хэўрон, каб перадаць яму царства Саўлавае, па слове Гасподнім:
 
І гэта лік галоваў [дамоў], узброеных да вайны, якія прыйшлі да Давіда ў Хеўрон, каб перадаць яму валадарства Саўла, паводле слова ГОСПАДА.

сыноў Юдавых, якія носяць шчыт і дзіду, было шэсьць тысяч васямсот гатовых да вайны;
 
Сыны Юды, якія носяць шчыт і дзіду — шэсьць тысячаў васемсот узброенага войска.

з сыноў Сімяонавых, людзей адважных, у войску было сем тысяч і сто;
 
З сыноў Сымона магутных і мужных у войску — сем тысячаў сто.

з сыноў Лявііных чатыры тысячы шасьцьсот;
 
З сыноў Левія — чатыры тысячы шэсьцьсот,

і Ёдай, князь ад племя Аарона, і зь ім тры тысячы сямсот;
 
і Егаяда, правадыр [сыноў] Аарона, і з ім тры тысячы сямсот,

і Садок, мужны юнак, і род ягоны, дваццаць два начальнікі;
 
і Цадок, дзяцюк магутны, мужны, і дом бацькоў ягоных, дваццаць два князі.

з сыноў Веньямінавых, братоў Саўлавых, тры тысячы, — але яшчэ многія зь іх трымаліся дома Саўлавага;
 
З сыноў Бэн’яміна, братоў Саўла, — тры тысячы, але дагэтуль большасьць іх моцна служылі дому Саўла.

з сыноў Яфрэмавых дваццаць тысяч васямсот людзей мужных, людзей знакамітых у родах сваіх;
 
З сыноў Эфраіма — дваццаць тысячаў васемсот людзей мужных, магутных, [якія маюць] імёны ў доме бацькоў сваіх.

з паўкалена Манасіінага васямнаццаць тысяч, якія выкліканы былі паіменна, каб пайсьці ўцараваць Давіда;
 
З паловы калена Манасы — васемнаццаць тысячаў, якія названыя былі па імёнах, каб пайсьці паставіць Давіда за валадара.

з сыноў Ісахаравых людзі разумныя, якія ведалі, што калі належала рабіць Ізраілю, — іх было дзьвесьце галоўных, і ўсе браты іхнія трымаліся слова іхняга;
 
З сыноў Ісахара, тых, якія мелі разуменьне часу і ведалі, што мае рабіць Ізраіль, — дзьвесьце галоўных, і ўсе браты іхнія ішлі за словам іхнім.

з племя Завулонавага гатовых да бітвы, узброеных усякаю ваеннаю зброяй, пяцьдзясят тысяч, у страі, аднадушных;
 
З [сыноў] Завулёна, тых, якія выходзілі ў войска, гатовыя на вайну, з усялякімі ваеннымі прыладамі — пяцьдзясят тысячаў, пашыхтаваных і непахіснага сэрца;

з племя Нэфталімавага тысяча правадыроў і зь імі трыццаць сем тысяч з шчытамі і дзідамі;
 
З [сыноў] Нэфталі — тысяча князёў; з імі — трыццаць сем тысячаў са шчытамі і дзідамі.

з племя Данавага гатовых да вайны дваццаць восем тысяч шасьцьсот;
 
З [сыноў] Дана гатовых да бітвы — дваццаць восем тысячаў шэсьцьсот.

ад Асіра воінаў, гатовых да бітвы, сорак тысяч;
 
З [сыноў] Асэра тых, якія выходзілі ў войска, гатовыя на вайну — сорак тысячаў.

з-за Ярдана, ад племя Рувімавага, Гадавага, і паўплемя Манасіінага, сто дваццаць тысяч, з усялякай воінскай зброяй.
 
З таго боку Ярдану з [сыноў] Рубэна, Гада і паловы калена Манасы, з усякімі прыладамі для бітвы — сто дваццаць тысячаў.

Усе гэтыя воіны, у страі, ад шчырага сэрца прыйшлі ў Хэўрон уцараваць Давіда над усім Ізраілем. Ды і ўсе іншыя Ізраільцяне былі аднадушныя, каб паставіць царом Давіда.
 
Усе гэтыя ваяры, якія маглі трымаць шыхт з непахісным сэрцам, прыйшлі ў Хеўрон, каб паставіць Давіда за валадара над усім Ізраілем. І таксама ўся рэшта Ізраіля мела адно сэрца, каб паставіць Давіда за валадара.

І прабылі там у Давіда тры дні, елі і пілі, бо браты іхнія прыгатавалі ім;
 
І яны былі ў Давіда там тры дні, елі і пілі, бо браты іхнія прыгатавалі для іх.

ды і блізкія да іх, нават да племя Ісахаравага, Завулонавага і Нэфталімавага, прывозілі ўсё страўнае на аслах, і вярблюдах, і мулах, і валах: муку, смоквы і разынкі, і віно, і алей, і буйнога і дробнага быдла мноства, бо радасьць была Ізраілю.
 
І таксама бліжнія іхнія, нават ад Ісахара, Завулёна і Нэфталі, прывозілі хлеб на аслах, на вярблюдах, на мулах і на валах, ежу, муку, фігі, разынкі, віно, алей, валоў і авечак мноства, бо радасьць [была] ў Ізраілі.