Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

1 Летапісаў 12 1-я Летапісаў 12 разьдзел

1 А гэтыя прыйшлі да Давіда ў Цыкляг, [калі ён] хаваўся ад аблічча Саўла, сына Кіша, і былі яны сярод магутных, якія дапамагалі бітве,
2 [і былі яны] ўзброеныя лукам, праваю і леваю рукою [кідалі] камяні і стрэлы з луку, [і былі] з братоў Саўла, з [сыноў] Бэн’яміна:
3 галоўны — Ахіезэр, і Ёаш, сыны Шэмаі з Гівы; Езіэль і Пэлет, сыны Азмавэта; Бэраха і Егу з Анатоту;
4 Ішмая з Гібэону, магутны з трыццаці і над трыццацьцю; Ірмэя, Яхазіэль, Ёханан, Ёзавад з Гедэры;
5 Элюзай, Ерымот, Бэалія, Шэмарыя, Шэфатыя з Гаруфы;
6 Элькана, Ішыя, Азарэль, Ёезэр, Яшаба, [яны —] Карахічы;
7 Ёэла, Зэвадыя, сын Ерахаша, з Гедору.
8 І з [сыноў] Гада далучыліся да Давіда ў крэпасьці ў пустыні волаты, мужы адважныя, спраўныя да вайны, узброеныя шчытом і дзідаю; абліччы іхнія — як аблічча ільва, і як сарна на горах яны хуткія:
9 Езэр — галоўны, Абадыя — другі, Эліяў — трэці,
10 Мішманна — чацьвёрты, Ірмэя — пяты,
11 Атай — шосты, Эліэль — сёмы,
12 Ёханан — восьмы, Эльзавад — дзявяты,
13 Ірмэя — дзясяты, Махбанай — адзінаццаты.
14 Гэтыя з сыноў Гада былі галовамі войска: адзін з найменшых быў над сотняю, а найбольшы — над тысячаю.
15 Гэта тыя, якія перайшлі Ярдан у першы месяц, калі ён перапоўнены па-над берагі свае, і разагналі ўсіх, што жылі ў далінах на ўсходзе і на захадзе.
16 І прыйшлі [людзі] з сыноў Бэн’яміна і Юды ў крэпасьць да Давіда.
17 І выйшаў Давід перад аблічча іхняе, і адказаў, і сказаў ім: «Калі з супакоем вы прыйшлі да мяне, каб дапамагчы мне, няхай будзе ў мяне з вамі адно сэрца; а калі дзеля таго, каб здрадліва аддаць мяне ворагам маім, хоць няма няправасьці ў руках маіх, няхай убачыць Бог бацькоў нашых і няхай рассудзіць».
18 І Дух агарнуў Амасаю, галаву трыццаці, [і ён сказаў]: «Супакой табе, Давідзе, і з табою, сыне Есэя! Супакой табе і супакой памочніку твайму, бо дапамагае табе Бог твой». І прыняў іх Давід, і паставіў іх на чале аддзелаў.
19 І з [сыноў] Манасы далучыліся да Давіда, калі ён ішоў з Філістынцамі на вайну супраць Саўла, але не дапамагаў ім, бо князі Філістынскія, парадзіўшыся, адаслалі яго, кажучы: «Коштам галоваў нашых ён пяройдзе да гаспадара свайго Саўла».
20 Калі ён ішоў у Цыкляг, далучыліся да яго з Манасы: Аднах, Ёзавад, Едыяэль, Міхаэль, Ёзавад, Елігу і Цылетай, — тысячнікі ў Манасы.
21 І яны дапамагалі Давіду супраць арды, бо ўсе яны былі магутнымі і мужнымі і былі князямі ў войску.
22 Гэтак кожны дзень прыходзілі да Давіда, каб дапамагаць яму, ажно табар ягоны стаў вялікім, як табар Божы.
23 І гэта лік галоваў [дамоў], узброеных да вайны, якія прыйшлі да Давіда ў Хеўрон, каб перадаць яму валадарства Саўла, паводле слова ГОСПАДА.
24 Сыны Юды, якія носяць шчыт і дзіду — шэсьць тысячаў васемсот узброенага войска.
25 З сыноў Сымона магутных і мужных у войску — сем тысячаў сто.
26 З сыноў Левія — чатыры тысячы шэсьцьсот,
27 і Егаяда, правадыр [сыноў] Аарона, і з ім тры тысячы сямсот,
28 і Цадок, дзяцюк магутны, мужны, і дом бацькоў ягоных, дваццаць два князі.
29 З сыноў Бэн’яміна, братоў Саўла, — тры тысячы, але дагэтуль большасьць іх моцна служылі дому Саўла.
30 З сыноў Эфраіма — дваццаць тысячаў васемсот людзей мужных, магутных, [якія маюць] імёны ў доме бацькоў сваіх.
31 З паловы калена Манасы — васемнаццаць тысячаў, якія названыя былі па імёнах, каб пайсьці паставіць Давіда за валадара.
32 З сыноў Ісахара, тых, якія мелі разуменьне часу і ведалі, што мае рабіць Ізраіль, — дзьвесьце галоўных, і ўсе браты іхнія ішлі за словам іхнім.
33 З [сыноў] Завулёна, тых, якія выходзілі ў войска, гатовыя на вайну, з усялякімі ваеннымі прыладамі — пяцьдзясят тысячаў, пашыхтаваных і непахіснага сэрца;
34 З [сыноў] Нэфталі — тысяча князёў; з імі — трыццаць сем тысячаў са шчытамі і дзідамі.
35 З [сыноў] Дана гатовых да бітвы — дваццаць восем тысячаў шэсьцьсот.
36 З [сыноў] Асэра тых, якія выходзілі ў войска, гатовыя на вайну — сорак тысячаў.
37 З таго боку Ярдану з [сыноў] Рубэна, Гада і паловы калена Манасы, з усякімі прыладамі для бітвы — сто дваццаць тысячаў.
38 Усе гэтыя ваяры, якія маглі трымаць шыхт з непахісным сэрцам, прыйшлі ў Хеўрон, каб паставіць Давіда за валадара над усім Ізраілем. І таксама ўся рэшта Ізраіля мела адно сэрца, каб паставіць Давіда за валадара.
39 І яны былі ў Давіда там тры дні, елі і пілі, бо браты іхнія прыгатавалі для іх.
40 І таксама бліжнія іхнія, нават ад Ісахара, Завулёна і Нэфталі, прывозілі хлеб на аслах, на вярблюдах, на мулах і на валах, ежу, муку, фігі, разынкі, віно, алей, валоў і авечак мноства, бо радасьць [была] ў Ізраілі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Летапісаў, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023