Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

1 Хронікаў 12 1-я Хронікаў 12 разьдзел

1 Яны таксама прыбылі да Давіда ў Сікэлаг, калі ён яшчэ хаваўся ад Саўла, сына Кіса; яны былі наймацнейшымі і выдатнымі ваярамі,
2 мелі лукі, маглі правай і левай рукой кідаць камяні і пускаць стрэлы. З братоў Саўла і Бэньяміна:
3 кіраўнік Ахіязэр і Ёас — сыны Самаа, Габаатыты, і Язіэль, і Палет, сыны Азмавэта, і Барах, і Егу, Анатаціты.
4 Таксама Есмая Габааніт, наймужнейшы сярод трыццаці і над трыццаццю, Ярэмія, і Яхазіэль, і Ёханан, і Ёзабад, Гадэраціты.
5 Элюзай, і Ерымот, і Баалі, і Самарыя, і Сафація — Гаруфіты.
6 Элькана, і Ясія, і Азарыэль, і Ёэзэр, і Есбаам — Карыты,
7 таксама Ёэла і Забадзія — сыны Ерахама з Гэдора.
8 Але і з Гада перабеглі да Давіда, калі ён хаваўся ў пустыні, мужы найдужэйшыя і найлепшыя ваяры, якія карысталіся шчытом і дзідай; выглядалі, як ільвы, і скараходы, як дзікія козы ў гарах;
9 кіраўніком быў Эзэр, другім — Абдзія, трэцім — Эліяб,
10 Масмана — чацвёртым, Ярэмія — пятым,
11 Этэй — шостым, Эліэль — сёмым,
12 Ёханан — восьмым, Эльзэбад — дзевятым,
13 Ярэмія — дзесятым, Махбанай — адзінаццатым.
14 Гэтыя з сыноў Гада — кіраўнікі войска, найменшы сотню перамагаў, і найбольшы — тысячу.
15 Яны тыя, што перайшлі Ярдан у першым месяцы, калі ён звычайна заліваў свае берагі, і яны тыя, што змусілі ўцякаць усіх жыхароў нізін на ўсход і захад.
16 Прыйшлі ж да крэпасці Давіда некаторыя з сыноў Бэньяміна і Юды.
17 І Давід выйшаў да іх і сказаў: «Калі з мірам прыходзіце да мяне, каб дапамагчы мне, сэрца маё далучаецца да вас; а калі з подступам, каб выдаць перад маімі праціўнікамі, то, хоць рукі мае чыстыя ад беззаконня, хай бачыць Бог бацькоў нашых і судзіць».
18 Тады дух авалодаў Амасаем, кіраўніком над трыццаццю, і ён сказаў: «Мы твае, Давідзе, і мы з табой, сыне Ясэя! Мір, мір табе, і мір памочнікам тваім; хай дапамагае табе Бог твой». Такім чынам, прыняў іх Давід і паставіў кіраўнікамі над дружынай.
19 Потым з пакалення Манасы перабеглі да Давіда, калі ён ішоў з філістынцамі ваяваць з Саўлам; і не змагаўся [заадно] з імі, бо кіраўнікі філістынскія, па нарадзе, адаслалі яго, кажучы: «Небяспекаю на нашу галаву вернецца да гаспадара свайго Саўла».
20 Калі ён вярнуўся ў Сікэлаг, перабеглі да яго з пакалення Манасы: Эдна, і Ёзабад, і Ядзігэль, і Міхаэль, і Ёзабад, і Элію, і Сэлетай, і кіраўнікі над тысячамі ў Манасы;
21 яны дапамаглі Давіду супраць разбойнікаў; бо яны ўсе былі наймужнейшымі ваярамі ды сталі кіраўнікамі войска.
22 Але і кожны дзень прыбывалі да Давіда на дапамогу яму, аж пакуль войска яго не стала вялікім, як Божае войска.
23 Гэта таксама лік кіраўнікоў войска, што далучыліся да Давіда, калі ён быў у Геброне, каб перанеслі ўладу Саўла на яго па слове Госпада:
24 сыны Юды, якія карысталіся шчытам і дзідай, — шэсць тысяч восемсот здольных ваяваць.
25 З сыноў Сімяона, наймужнейшых ваяроў, здольных ваяваць, — сем тысяч сто.
26 З сыноў Леві — чатыры тысячы шэсцьсот;
27 таксама Ёяда, кіраўнік з нашчадкаў Аарона, і з ім — тры тысячы семсот;
28 таксама Садок, юнак наймужнейшы, разам са сваім родам, — дваццаць два кіраўнікі.
29 З сыноў жа Бэньяміна, братоў Саўла, — тры тысячы, бо мноства іх аж да гэтага часу заставалася на службе ў Саўла.
30 Затым з сыноў Эфраіма — дваццаць тысяч восемсот найдужэйшых па сіле ваяроў, праслаўленых у сваіх родах.
31 З паловы пакалення Манасы — васемнаццаць тысяч; усе яны па імёнах сваіх былі вызначаны, каб ісці і паставіць Давіда царом.
32 Таксама з сыноў Ісахара, людзей адукаваных, якія ведаюць адпаведны час, што належыць рабіць Ізраэлю, дзвесце кіраўнікоў разам са сваімі братамі ў іх распараджэнні.
33 Затым з Забулона, якія выходзілі на бой і стаялі ў страі, спрактыкаваныя ва ўсякай баявой зброі, — пяцьдзесят тысяч прыбыло, каб сабрацца, са шчырым сэрцам.
34 І з пакалення Нэфталі — тысяча кіраўнікоў; і з імі трыццаць сем тысяч узброеных шчытом і дзідай.
35 Таксама з пакалення Дана падрыхтаваных да бою — дваццаць восем тысяч шэсцьсот.
36 І з пакалення Асэра, гатовых да бою і тых, хто выступае ў страі, — сорак тысяч.
37 З другога ж боку Ярдана: з сыноў Рубэна і Гада, і паловы пакалення Манасы, вывучаных карыстацца ўсякай баявой зброяй, — сто дваццаць тысяч.
38 Усе гэтыя ваяры, падрыхтаваныя да бою, са шчырым сэрцам прыбылі ў Геброн, каб Давіда паставіць царом над усім Ізраэлем; але і ўсе іншыя з Ізраэля аднадушна хацелі, каб Давід быў царом.
39 І прабывалі там з Давідам тры дні, елі і пілі, бо браты іх прыгатавалі ім ежу.
40 А таксама тыя, хто каля іх быў, аж да Ісахара і Забулона, і Нэфталі — прывозілі ім хлеб на аслах, і на вярблюдах, і на мулах, і на валах: мучную ежу, фігі, разынкі, віно, аліўкавы алей, жывёлу і авечак, дзеля ўсякага дастатку, бо была радасць у Ізраэлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Першая кніга Хронікаў, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017